«Мы з няволі забіраем людзей, якія штодня жывуць у пекле». Як вызваляюць закладнікаў на Данбасе?

У палоне самаабвешчаных уладаў гэтак званых Луганскай ды Данецкай Народных Рэспублік цяпер знаходзяцца каля 300 украінскіх жаўнераў. З сярэдзіны лютага, калі бакі дамовіліся пра замірэнне, працэс абмену палоннымі запаволіўся. Чаму гэтак адбываецца — «Белсат» паразмаўляў з кіраўніком Каардынацыйнага цэнтру па вызваленні закладнікаў Юрыем Тандзітам.



540ec4b55678b_image1.jpg

—  На вашу думку, з якіх прычынаў прыпыніўся працэс абмену палоннымі і як адбываецца зараз перамоўны працэс?

— Кожны дзень вызваляюцца людзі. Адзін, два, тры чалавекі. Ідзе працэс. Мы не ўсё можам паказваць дзеля жыцця гэтых людзей і дзеля жыцця гэтых патрыётаў, якія нам дапамагаюць там, знаходзячыся да гэтага часу на часова акупаваных тэрыторыях, дапамагаючы выводзіць людзей.

Мы не кожны раз аб’яўляем, што дадаюцца людзі. Але мы можам казаць, што на сённяшні дзень лічба — 2 тыс. 739 чалавек. Застаюцца там каля 270 хлопцаў і кожны дзень гэтая лічба тых дзяцей, якія там застаюцца, памяншаецца, на шчасце. Кожны дзень Служба бяспекі Украіны, таксама Нацыянальная гвардыя, таксама прадстаўнікі Міністэрства абароны праводзяць спецыяльныя мерапрыемствы, каб выводзіць адтуль людзей. Часам выкарыстоўваем легенды. Калі мы выводзілі сям’ю з Данецку, мы іх пераапранулі, то ёсць нават узялі там пэўны антураж, была набытая машына і потым на гэтай машыне вывозілася па легендзе сям’я. На сённяшні дзень, нягледзячы на ​​тое, што працэс вялікіх вызваленняў тармозіцца, зноў жа не па віне Украіны, кожны дзень будуць выходзіць і выходзіць нашыя хлопцы. Мы зробім усё, каб вызваліць усіх да апошняга.

— Самаабвешчаныя ўлады так званых народных рэспублік неяк заявілі, што спыняюць браць у палон украінскіх вайскоўцаў. Ці адпавядае гэта рэчаіснасці? Ці выконваюць яны сваё абяцанне?

— На шчасце, за год ваеннага канфлікту, неабвешчанай вайны, украінская армія стала мацней, таму нашы хлопцы ўсё радзей і радзей становяцца закладнікамі.

На сённяшні дзень на тэрыторыі Данецку і Луганску, а таксама суседняй дзяржавы знаходзіцца каля 300 нашых закладнікаў. Гэта не толькі вайскоўцы, гэта таксама Нацыянальная гвардыя, прадстаўнікі добраахвотніцкіх батальёнаў і грамадзянскія асобы.

Ёсць складанасці з хлопцамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Іх каля 30-ці, мы вядзем сляды 11-ці з іх, мы ведаем, дзе яны знаходзяцца. Некаторых з іх фактычна аб’яўляюць тэрарыстамі, хоць гэта не так. Працэс прыпыніўся па некалькіх прычынах. Нам часам ставяць у віну тое, што мы перадаем людзей, якія нібыта не маюць дачынення да так званых апалчэнцаў. Хоць гэта не так. Напрыклад, калі жанчына едзе на ровары, у яе ў руках некалькі тэлефонаў і карта ўмацаванага ўкраінскага раёну, то хто яна такая? Яна не ідзе туды збіраць ураджай, там бульбу або трускаўку, яна едзе туды, каб з нашых месцаў, дзе знаходзяцца нашыя рэгулярныя войскі, перадаваць дадзеныя аб іх размяшчэнні.

— Перыядычна з’яўляецца інфармацыя пра тое, што ў дачыненні да палонных ужываюцца катаванні, ім робяць укол наркотыкамі, спойваюць алкаголем. Наколькі адпавядае гэта рэчаіснасці і што вам вядома пра ўмовы ўтрымання палонных?

— Хлопцы, якія становяцца закладнікамі, трапляюць на часова акупаваную тэрыторыю, дзе фактычна няма ўлады. Тыя хлопцы, якія становяцца закладнікамі, яны – не палонныя. У дачыненні да іх не ўжываюць ніякія міжнародныя правілы, з імі робяць тое, што хочуць, і часам з іх моцна здзекуюцца. Кожны раз, калі я маю зносіны з тым бокам, а там ёсць розныя людзі, ёсць палявыя камандзіры, ёсць казакі, то з кожным з іх мы індывідуальна вядзем дыялог. І кожны раз я прашу, калі мы даведаемся пра тое, што ў іх застаюцца нашы хлопцы, каб да іх ставіліся па-людску. Хоць іх сапраўды спрабуюць вербаваць.

— У апошні час у медыях з’яўляецца інфармацыя пра тое, што шмат якія ўкраінскія палонныя перавозяцца незаконна на тэрыторыю Расеі і выкарыстоўваюцца ў якасці працоўнай сілы. Ці ёсць пацверджаныя факты такіх выпадкаў?

— На шчасце, гэтая інфармацыя не пацвярджаецца. Мы аналізуем не толькі адкрытыя, але таксама і закрытыя крыніцы інфармацыі. Кожны рух людзей, асабліва вялікіх груп, заўсёды мае сляды. Гэта значыць, калі ты перамяшчаеш людзей, то фактычна гэтыя людзі павінны перасоўвацца, яны павінны карміцца, яны павінны выходзіць на вуліцу. І тое, што часам мы атрымлівалі інфармацыю, напрыклад, ад Алены Васільевай, гэтая інфармацыя не пацвердзілася. Мы ведаем, што большасць нашых хлопцаў знаходзіцца на тэрыторыі часова акупаваных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласці і толькі невялікая частка знаходзіцца ў Расеі. Па лініі Міністэрства замежных спраў мы ўвесь час вядзем перамовы і мы гаворым пра тое, што нам трэба іх забраць, таму што гэтыя хлопцы незаконна знаходзяцца на тэрыторыі суседняй дзяржавы як Надзея Саўчанка ці Коля Карпюк.

— А якія шанцы на вызваленне ўкраінскіх вязняў з Расеі? Калі гэта можа адбыцца і на якіх умовах?

— Кожнае вызваленне — гэта цуд, таму што мы з няволі забіраем людзей, якія фактычна штодня жывуць у пекле. І мы не спынімся, пакуль не забярэм апошняга. Мы радуемся кожны раз, калі даведаемся, што людзі, якія лічыліся без вестак зніклымі, значацца сярод тых, хто жывы. Ёсць вядома пэўныя складанасці. Але я думаю, што будзем забіраць хлопцаў, пра якіх думаюць, фактычна як пра Надзею Саўчанку, што вызваліць іх немагчыма. Але я мяркую, што яны таксама вернуцца на радзіму.

Алёна Літвінава, «Белсат», Кіеў