Навальны і будучыня расійскай апазіцыі

Па слядах маскоўскі выбараў Аляксей Навальны задумаў стварыць самы моцны апазіцыйны рух у краіне. Ці былі яго словы прысудам для старой антыпуцінскай апазіцыі? Прапануем вашай увазе агляд аналітыкі.



navalniy2.jpg

«У Расіінарадзіўся вялікі палітычны рух, які прадстаўляе інтарэсы большасці, і мы — гэта палітычны рух», — так падсумаваў вынікі сваёй кампаніі ў Маскве сам Аляксей Навальны са сцэны мітынгу на Балотнай плошчы ўвечары 9 верасня.

Хаця цытата гучыць амбіцыйна, элемент праўды тут ёсць. Як адзначае ВВС, «атрымаўшы 27 працэнтаў на выбарах сталічнага мэра,Навальны замацаваў за сабой статус адназначнага апазіцыйнага лідара. І не толькі сярод лібералаў, а самага шырокага антысістэмнага фронту, які ўключае ў сябе і нацыяналістаў, і пратэстны электарат без ідэалогіі, і тых, хто папросту незадаволены ўсім».

Як следства, фурор Навальнага нясе яўную пагрозу тым, хто даўно працуе ў Расіі на рынку апазіцыйных паслуг. Тым больш, сам срэбны прызёр выбараў мэра, мяркуючы па яго заявах, трымае сістэмную апазіцыю за фрагмент створанай «жулікамі і злодзеямі» ненавіснай яму існуючай мадэлі. «Паглядзіце на любую партыю. Сядзяць мардатыя мужыкі ў Думе, атрымліваюць сотні мільёнаў бюджэтных грошай і не могуць абсалютна нічога», — сказаў неяк Навальны.

Гэтыя словы не могуць не нерваваць «мардатых мужыкоў». Таксама, як і чуткі, звязаныя з фактам незвычайнага вызвалення Навальнага пасля прысуду па справе «Кіраўлеса». Быццам, у Крамлі вырашылі, што Навальны павінен падмяніць Жырыноўскага, Зюганава і іншых. Так, левыя сайты адзначаюць, што «ўся палітычнаякар’ера і погляды Аляксея Навальнага могуць служыць пацверджаннем таго факту, што ён з’яўляецца не радыкальным праціўнікам існуючай сістэмы, а толькі выразнікам інтарэсаў яе «мінарытарных акцыянераў» — тых слаёў бізнэсу, што незадаволеныя правіламі гульні, усталяванымі бюракратычнай вярхушкай і сыравіннай алігархіяй, якая з ёй зраслася».

Пасля таго, як 8 верасня Навальны адмовіўся дабівацца перагляду вынікаў галасавання, такіх чутак стала яшчэ больш. Сайт Anticapitalism.ru піша: «Назіраючы за тым, як разліваецца Навальны пра «нараджэнневялікай апазіцыі», як ліберальныя каментатары вітаюць мудрае рашэнне свайго куміра «адмовіцца ад варварскіх метадаў доказаў праваты», г. зн. несанкцыянаваных акцый пратэсту, разумееш, што вяртанне да справы «Кіраўлеса» было б цяпер для ўладаў велізарнай памылкай. 8 верасня дэмакратычны рух у тым выглядзе, у якім мы яго ведалі раней, памёр. Нарадзілася апазіцыя, якая ідзе на змену старым марыянеткам КПРФ, ЛДПР і СР».

Нядзіўна, што лідары думскіх партый ніколі не любілі Навальнага. «Ябачыў, як так званыя дэмакраты прыводзілі да ўлады спадара Ельцына. Тады з яго рабілі дэмакрата, прыхільніка сціплага жыцця. Сёння нешта падобнае адбываецца з Навальным. Я быў уражаны, калі — упершыню ў гісторыі праваахоўнай сістэмы — яго раніцай судзілі, а ўвечары выпусцілі. Я думаю, што ў Крамлі ёсць дзве вежы, адна з якіх працуе разам з амерыканскімі спецслужбамі на спадара Навальнага», — адзначыў па слядах выбараў лідарКПРФ.

Такая эмацыйная ацэнка з боку Зюганава, думаецца, таксама звязаная з мінорнымі для камуністаў вынікамі галасавання ў Маскве. Кандыдат КПРФ Ігар Мельнікаў набраў усяго 9 працэнтаў. Мельнікаў — гэта не просты кандыдат, а, на думку прэсы, будучы пераемнік Генадзя Андрэевіча на пасадзе партыйнага лідара. Тое, што нейкі блогер абскакаў кандыдата другой парламенцкай фракцыі, псуе імідж патэнцыйнага старшыні КПРФ.

Праўда, традыцыйны апазіцыйны электарат і так не ў захапленні ад старых апазіцыйных структур. Сайт ForumMSK адзначае: «Ён (Навальны)парушыў спакой ва ўтульным апазіцыйным балоце, дзе жыццё — наогул жа проста кайф: з аднаго боку, ты змагар з рэжымам, а з другога — атрымліваеш ад гэтага рэжыму нядрэнную пайку. А калі не ад рэжыму, дык ад людзей са слабым зрокам на нашу рэальнасць з заходніх фондаў. Пры гэтым самая вялікая бяда такіх вось рэвалюцыянераў-праваабаронцаў — гэта застацца без фінансавання».

Адсюль і феномен Навальнага. «Большасцьтых, хто прагаласаваў за Навальнага, гатовыя былі змірыцца з тым, што Навальны — гэта язда ў невядомае, як казаў Маякоўскі пра паэзію. Мы згодныя, сказаў электарат, паедзем, таму што жыць на гэтай тухлай станцыі сярод мардатых злодзеяў і цётак з бегаючымі вочкамі больш няма сіл. Ужо не проста ванітуе, ужо ванітуе з крывёю. Больш няма сіл слухаць «тэлерадыёбрахню». Давайце паедзем куды заўгодна — у камунізм, капіталізм, ідэалізм, валюнтарызм, махізм, саліпсізм, ды хоць у імперыялізм і эмпірыёкрытыцызм, толькі далей, а там ужо разбярэмся з мэтамі, задачамі і персаналіямі. Але паедзем зараз».

З такімі настроямі ў Навальнага, быццам, сапраўды ёсць шанец на перафарматаванне апазіцыі. «Тоймеханізм, які нарадзіўся падчас гэтых выбараў і прадэманстраваў сваю выключную эфектыўнасць і працаздольнасць, павінен развівацца і далей. Абсалютна зразумела, што падчас выбараў нарадзілася апазіцыйнае аб’яднанне вакол Аляксея Навальнага, якое ўпершыню за многія гады з’яўляецца сапраўды эфектыўным, масавым і папулярным», — піша «Независимая газета».

Яшчэ адзін цікавы момант у феномене росту папулярнасці Навальнага выявіла інтэрнэт-выданне Slon.ru: «Вялікімфедэральным палітыкам, якім ён цяпер, безумоўна, з’яўляецца, Аляксея Навальнага зрабілі самі федэральныя ўлады, прыклаўшы для гэтага занадта шмат відавочных намаганняў. Задаваць услых пытанне: «Калі не Пуцін, дык хто?» больш ніхто ніколі не рашыцца, таму што адказ на яго цяпер ёсць. Ёсць гатовая, «пад ключ» альтэрнатыва Пуціну, якая, як сам Пуцін у 1999 годзе, вось-вось стане безальтэрнатыўнай».

Аднак сярод аналітыкаў хапае такіх, якія скептычна ацэньваюць палітычную будучыню Аляксея. На думку некаторых палітолагаў, выбарчая кампанія ў Маскве яскрава давяла, што па свайму характару Навальны не здольны быць лідарам шырокага дэмакратычнага руху. «Мыведаем Навальнага, мы ведаем начальніка яго штаба — Волкава. Хто яшчэ вакол Навальнага з яго аднадумцаў нам вядомы? Там ёсць блогеры, якія для кампаніі апынуліся каштоўнымі і эфектыўнымі. Аднак для палітычнай супольнасці яны ніхто. Ён як пачынаў гэтую кампанію адзінокім, так і скончыў яе адзінокім», — цытуе «Независимая газета» намесніка дырэктара Цэнтра палітычных тэхналогій БарысаМакаранку.

Праўда, магчыма, тут сваю ролю адыграў не столькі кепскі характар Навальнага, колькі іншых апазіцыянраў. У разгар выбараў на радыё «Эхо Москвы» прызнавалі: «Як паказвае гісторыя, наша апазіцыя ніколі вакол кагосьці не аб’ядноўвалася. Паказальна таксама, што судовы працэс над Навальным выявіў і другі бок расійскай апазіцыі: зайздрасць — нерв «маргінальных апазіцыянераў». Пульсацыя гэтага нерва затуманіла іх розум».

Адзначаюць і размытасць электаральнай базы Навальнага. «Навальны— гэта праект, які хутка псуецца. Так сышліся зоркі — белыя стужачкі абрыдлі. Замены ім не знайшлося, а тут яшчэ дурны суд плюс невядома навошта прыдуманыя выбары ў Маскве, нянавісць ад дзеючай улады і, як вынік, як эманацыя пратэсту — Навальны», — піша аналітык Уладзімір Грычанаў. На яго думку, не маючы сваёй структуры (Навальны яе не мае), блогер-палітык не зможа пратрымацца на медыя-рынку. У сваю чаргу, стварэнне такой структуры патрабуе часу і шмат руцінай працы, якой Навальны ніколі не займаўся, гатоўнасці да кампрамісаў.

Канкрэтным крокам у бок стварэння новага апазіцыйнага полюсу пад Навальнага могуць стаць выбары ў Маскоўскую думу ў наступным годзе. Пад іх ужо зараз ствараецца кааліцыя, куды будуць сцягвацца «Народны альянс», «Партыя 5 снежня», частка «РПР-Парнас», рух «Салідарнасць». Праўда, усё гэта слабыя брэнды. Калі аўтарытэт Навальнага (ужо вядома, што спіс узначаліць ён) прызнаюць партыі «Яблоко» і «Грамадзянская платформа», гэта стане сапраўды стартам трансфармацыі расійскага апазіцыйнага поля. Там пакуль варыянт уваходу ў кааліцыю з Навальным не каментуюць.