Германія рыхтуецца абраць новую ўладу
Субота — апошні дзень перад выбарамі ў нямецкі Бундэстаг. Лідары ўсіх палітычных сілаў імкнуцца пераканаць выбарцаў ісці на выбары і аддаць за іх свае галасы. У пятніцу і суботу па ўсёй краіне праходзяць выніковыя выступы лідараў найбуйнейшых палітычных гульцоў.
Агучаныя 21 верасня вынікі апошніх сацыялагічных апытанняў сведчаць пра тое, што кааліцыя ХДС/ХСС, якую ачольвае дзейны канцлер Анагела Меркель, можа разлічваць на 40% галасоў выбарцаў, яе цяперашні саюзнік СвДП — на 5%. Апазіцыя, калі яе разглядаць як магчымы саюз сацыял-дэмакратаў і Зялёных, можа разлічваць на 36% галасоў.
Таксама не трэба скідаць з рахункаў і былых камуністаў, якія цяпер завуцца “Левая партыя”. У пятніцу аўтару гэтых радкоў давялося пабываць на выніковым мітынгу гэтае структуры. На імпрэзе на Аляксандр-плац, нягледзячы на кепскае надвор’е, прысутнічала каля тысячы чалавек. Вядомы сваім папулізмам лідар Левай партыі Грэгар Гізі размазваў у сваёй прамове і цяперашні ўрад, і апазіцыю. Маўляў, сацыял-дэмакраты ўжо даўно не сацыял-дэмакраты, таму абіраць трэба кандыдатаў ад левых. Сацапытанні аддаюць левым каля 9% галасоў.
На наступны дзень на тым жа месцы мітынгавала яшчэ адна “левая” партыя — Партыя сацыяльнай справядлівасці. Як заявіла мне адна з актывістак даволі паважанага веку, гэтая арганізацыя лічыць сябе трацкісцкай і змагаецца “супраць нашчадкаў крывавага Сталіна ў асобе Левай партыі на чале з Гізі”. ПСС таксама ўдзельнічае ў выбарах, хоць шансы трапіць у Бундэстаг амаль роўныя нулю.
А ўвогуле, усё вырашыцца насамрэч у нядзелю, 22 верасня. Многае будзе залежаць ад таго, за каго аддадуць свае галасы амаль 30% выбарцаў, якія вырашылі пайсці на выбары, але пакуль не вызначыліся, хто ім наймілейшы.