У Германіі адбываюцца парламенцкія выбары

34 палітычныя партыі бяруць удзел у выбарах у нямецкі Бундэстаг, якія адбываюцца 22 верасня. На выбарчых участках чакаюцца 61,8 мільёна выбарцаў. Галоўнае пытанне, ці хопіць кіруючай кааліцыі ХДС/ХСС і СвДП галасоў, каб сфарміраваць урад.



20130922_114314_logo.jpg

Сістэма выбараў у ФРГ такая, што перамога той жа ХДС яшчэ не гаранатуе Ангеле Меркель пасаду бундэсканцлера на чарговы тэрмін. Упершыню ў Бундэстаг могуць патрапіць прадстаўнікі Партыі Піратаў і партыі еўраскептыкаў “Альтэрнатыва для Германіі”.

Усё стане зразумелым толькі пасля закрыцця выбарчых участкаў, упэўненыя эксперты. Галоўныя прэтэндэнты на пасаду канцлера — Ангела Меркель і Пер Штайнбрук — ужо прагаласавалі. Дзейны канцлер устрымалася ад каментараў. Цэнтрвыбаркам адтэрмінаваў на паўгадзіны папярэднюю інфармацыю пра статыстыку ўдзелу грамадзян ФРГ у галасаванні. Аднак назіральнікі ўжо адзначаюць, што сёлетняя яўка перавышае яўку падчас парламенцкіх выбараў 2009 года.

І вось, як паведаміў журналістам кіраўнік галоўнага выбаркаму ФРГ Родэрых Эдэлер, на 14.00 яўка выбарцаў па краіне склала 41,4%.

Трэба адзначыць, што ўдзел у назіранні за ходам выбараў бяруць і беларусы, у тым ліку сябра рады Праваабарончага цэнтра "Вясна" Уладзімір Лабковіч і старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак (на фота).

20130922_113844_logo.jpg

Сёння ж адбываюцца выбары ў парламент федэральнай зямлі Гессэн. Там абедзве кааліцыі: ХДС — СвДП і СДПГ — Зялёныя, паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, маюць амаль роўныя шансы на перамогу. На 14.00 удзел у выбарах узялі 40% гесанцаў ад агульнай колькасці выбарцаў у 4,4 мільёна чалавек. У 2009 яўка на гэты час складала 29,7%.