Упэўненая перамога Ангелы Меркель
Кааліцыя ХДС/ХСС атрымала, паводле папярэдніх дадзеных, 42% галасоў выбарцаў. Гэта найлепшы вынік за апошнія больш як дваццаць гадоў. Але застаецца невядомым, з якой партыяй у саюзе пераможцы будуць кіраваць краінаю наступныя чатыры гады.
Гледзячы па ўсім, упершыню з 1949 года ў Бундэстаг не трапляе саюзніца Меркель — Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП), якая набірае толькі 4,7% галасоў выбарцаў пры неабходным мінімуме 5%.
СвДП у нядзелю таксама не прайшла ў парламент (ландтаг) федэральнай зямлі Гесэн, дзе набрала толькі 4,8% галасоў. Перамаглі ў Гесэне таксама хрысціянскія дэмакраты — 39% галасоў. СДПГ набрала ў Гесэне 31% галасоў выбарцаў, “Зялёныя” — 10,5%, Левая партыя — 6%.
Сацыял-дэмакратычная партыя на выбарах у Бундэстаг пакуль што набірае 26%, “Зялёныя” — 8%, Левая партыя — 8,5% галасоў выбарцаў. СДПГ ужо прызнала перамогу ХДС/ХСС і Ангелы Меркель, якая ўжо з’явілася перад сваімі паплечнікамі і прыхільнікамі і падзякавала ўсім за арганізацыю бліскучае перамогі.
Падлік галасоў працягваецца, хаця, на думку экспертаў, канчатковыя вынікі не будуць істотна адрознівацца ад папярэдніх. Сёлета ў парламенцкіх выбарах узялі ўдзел 73% выбарцаў, што на 3% больш параўнальна з выбарамі 2009 года.
Фота Генадзя Кеснера