Юбілейны "Актобэрфэст" адкрыўся ў Мюнхене

Фэст піва „Актобэрфэст” адзначае сёлета юбілей — яму ўжо 180 гадоў. За 16 дзён, якія будзе працягвацца мерапрыемства, яго госці вып'юць мільёны літраў піва і з’ядуць сотні тысяч смажаных каўбас, курыц ды свіных галёнак.



e5d211a5_39cb_49fb_9337_a1b1156a3643.jpg

Арганізатары фэсту разгарнулі 14 вялікіх піўных намётаў, некаторыя з якіх могуць адначасова прыняць па 10 тысяч гасцей. Апроч іх стаяць яшчэ 17 намётаў меншай умяшчальнасцю — ад 100 да 400 чалавек.

Галоўны напой „Актобэрфэсту” сёлета рэкордна дарагі. Літровая гуртка піва каштуе блізу 10 еўра (9,40–9,85 еўра). 


Xоць піва тут штогод даражэе хутчэй, чым агулам па краіне, “Актобэрфэст” з гэтай прычыны не траціць папулярнасці. Паводле арганізатараў, летась фэст наведалі 6,4 мільёна чалавек прыкладна з 80 краін свету. Яны выпілі 6,9 мільёна літраў піва.


Госці „Актобэрфэсту”, пачаставаўшыся ўдосталь, часта губляюць асабістыя рэчы. Арганізатары фестывалю даўно вядуць статыстыку кур'ёзных знаходак. Так, летась наведвальнікі забыліся на Тэрэзіным лузе тры пары нагавіц (у тым ліку дзве пары ад невядомых баварцам нацыянальных касцюмаў), набор для рукадзелля, слыхавы апарат, выпуск часопісу “Playboy” з дароўным надпісам, пяць ноўтбукаў, дзве валторны і сабаку.

radyjo.net