7-ы Дзень нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь

8 кастрычніка 2013 года нямецка-беларускі эканамічны клуб і Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь праводзяць 7-ы Дзень нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь на тэму «Прафесійныя кадры для эканомікі — канцэпцыі, вопыт, перспектывы».



e60bb3d268.jpg

Фота belarus.ahk.de

7-ы Дзень нямецкай эканомікі праводзіцца пад патранатам Пасла Федэратыўнай Рэспублікі Германія спадара Вальфрама Мааса і працягвае традыцыю Дзён нямецкай эканомікі ў Беларусі.

7-ы Дзень нямецкай эканомікі не выпадкова прысвечаны тэме «Прафесійныя кадры для эканомікі». Сучаснае прафесійнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў у адпаведнасці з актуальнымі патрэбнасцямі з'яўляецца асновай эфектыўнай эканомікі, якая канкурэнтаздольная на сусветным рынку. З прычыны дынамічнага эканамічнага развіцця ў свеце неабходна пастаянна надаваць увагу пытанням падрыхтоўкі і размеркавання спецыялістаў з улікам спецыфічных асаблівасцей той ці іншай краіны. Не толькі фірмы, што з'яўляюцца чальцамі Нямецка-беларускага эканамічнага клуба, адзначаюць зараз дэфіцыт спецыялістаў у многіх сферах: вытворчасць, паслугі, менеджмент.

У рамках Дня нямецкай эканомікі адбудуцца прэзентацыі і дыскусіі аб канцэпцыях і вопыце прафесійнага навучання і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў. На прыкладзе супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі і ўстановамі адукацыі будуць прадстаўлены новыя перспектыўныя падыходы да вырашэння актуальных задач у гэтай галіне.

7-ы Дзень нямецкай эканомікі пачнецца з пленарнага пасяджэння. У другой палове дня адбудуцца прэзентацыі практычнага вопыту ў арганізацыі прафесійнага навучання і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў. Асноўная ўвага пры гэтым будзе нададзена пытанням супрацоўніцтва паміж эканомікай і сферай адукацыі пры падрыхтоўцы спецыялістаў.

Завяршае 7-ы Дзень нямецкай эканомікі прыём па запрашэнні арганізатараў і пасла спадара Вальфрама Мааса, на якім будуць працягнуты абмен думкамі і ўсталяванне новых кантактаў.

Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрошаны прадстаўнікі дзелавых колаў абедзвюх краін, прадстаўнікі Урада Рэспублікі Беларусь, федэральных міністэрстваў Германіі, Саюза германскіх прамыслова-гандлёвых палат, а таксама ўстаноў адукацыі, галіновых саюзаў і арганізацый.

Паводле прсс-службы Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Мінску