Навошта Швецыя ўтойвала збіццё свайго ж самалёта? Справа згубленай «Каталіны»
72 гады таму распачаўся найбольш жорсткі дыпламатычны крызіс часоў халоднай вайны ў савецка-шведскіх адносінах. Раніцай 13 чэрвеня знішчальнікі МіГ збілі шведскі ваенны самалёт, а пасля — ратавальнае судна «Catalina». Ва ўяўленні Саветаў місія выглядала як эпічнае і законнае паражэнне шпіёнскіх бартоў, але ці так атрымалася ў рэчаіснасці?
За тры гады да інцыдэнту Швецыя заключыла сакрэтную дамову з ЗША і Вялікабрытаніяй, тым самым парушыўшы афіцыйную жорсткую лінію нейтралітэту. Згодна з дамовай, шведскія даныя радыётэхнічнай выведкі павінны былі абменьвацца на амерыканскае тэхнічнае абсталяванне. Адмыслова абсталяваныя самалёты ВПС Швецыі рэгулярна выконвалі звышсакрэтныя палёты над Балтыйскім морам з амерыканскімі сродкамі радыётэхнічнай выведкі на борце.
Пераважнай мэтай скандынаўскай дзяржавы было вядзенне фотаназірання за Савецкім Саюзам для атрымання лакацый размяшчэння супрацьпаветранай абароны, у прыватнасці, і аб яе здольнасці змагацца з амерыканскімі бамбавікамі-носьбітамі ядзерных боегаловак тыпу Boeing B-47 Stratojet.
У 1951 годзе Саветам-такі ўдалося злавіць Швецыю на тым, што яе паветраныя сілы двойчы парушылі паветраную прастору. Адзін з самалётаў зафіксавалі на адлегласці 4,5 кіламетры ад узбярэжжа Балтыйскага мора, за што ўрад Швецыі быў вымушаны дыпламатычна прасіць прабачэння.
На працягу 1952 года напружанасць у савецка-шведскіх адносінах узрастала ўсё больш — колькасць рэйсаў самалётаў з абсталяваннем NATO павялічвалася, як і колькасць парушэнняў паветранай прасторы. Савецкая прэса ў сваю чаргу стала пісаць аб тым, што Швецыя выконвае даручэнні Паўночнаатлантычнага альянсу, а таксама распавядала пра «можам паўтарыць», прыводзячы ў прыклад лёс амерыканскага самалёта радыётэхнічнай выведкі, збітага над Балтыйскім морам два гады раней.
Ранкам 13 чэрвеня, у разгар дужа гарачага перыяду халоднай вайны, падчас вяртання дадому знік з радараў самалёт Douglas DC-3. Апошні сігнал з паветранага судна паступіў а 11:08, пасля чаго будзь-якая сувязь з бортам знікла. Адзіны след, які ратавальнікам удалося знайсці ў Балтыйскім моры — разбітую выратавальную шлюпку. Што да парушэння прасторы, ніякіх звестак з двух бакоў не паступіла.
Тут абедзве дзяржавы апынуліся ў цікавым становішчы, калі найбольш выгадным варыянтам было прыбраць інцыдэнт ад лішніх вачэй. Савецкі Саюз адразу ж зрабіў заяву пра немагчымасць дачынення СССР да знікнення шведскага судна. Швецыі ў сваю чагу было неабходна ўтоіць той факт, што ВПС сумесна з абаронным радыёкіраваннем вялі радыёразведку для блока NATO нават у выпадку, калі DC-3 выконваў іншую місію. Такім чынам, у шведскіх прэс-рэлізах аб знікненні DC-3 не згадвалася ніводнага падазрэння ў тым, што самалёт мог быць збіты. Урад заявіў, што экіпаж здзяйсняў нявінны навігацыйны палёт у навучальных мэтах.
Усё б магло пайсці па плане, калі б не пошукі зніклага судна. Праз тры дні два шведскія марскія выратавальныя самалёты тыпу «Catalina» прынялі ўдзел у спробах знайсці DC-3. Адзін з надзвычай дарагіх і каштоўных бартоў-амфібій другі раз запар быў абстраляны савецкімі знішчальнікамі МіГ-15. На шчасце, пілотам удалося здзейсніць аварыйную пасадку на паверхні вады, а нямецкае грузавое судна выратавала семярых членаў экіпажа.
Пасля збіцця выратавальнага судна, што следавала над морам з гуманітарнай місіяй, хаваць атакі ўжо не мела сэнсу. Хаця шведскія вайскоўцы выявілі аскепкі ад 23-міліметровага снарада аўтаматычнай гарматы савецкага тыпу, СССР працягваў адмаўляцца ад дачынення да збіцця судна. Збітыя самалёты прывялі да бесперапыннага кругласутачнага назірання за паветранай прасторай Швецыі і прылеглых тэрыторый.
Праз пяць гадоў, калі Мікіта Хрушчоў сустрэўся з прэм'ер-міністрам Швецыі Таге Эрландэрам, савецкі лідар прызнаў, што самалёты былі знішчаны савецкімі знішчальнікамі — але на той момант гэтая інфармацыя не была апублікаваная ні грамадскасці, ні сваякам зніклых без вестак чальцоў экіпажа DC-3.
Дарэчы, існуюць цалкам неабсурдныя тэорыі, што выжылыя чальцы экіпажу маглі былі быць падабраны расійскім тарпедным катэрам і дастаўлены ў Талін для далейшай транспарціроўкі савецкім уладам. Па звестках расследавання здарэння, у гэтым раёне знаходзіліся савецкія караблі, якія маглі прыбыць на месца крушэння значна раней за шведаў.
Праз 30 гадоў пасля катастрофы адна з удоў атрымала паштоўку з Ленінграда, адпраўнікам якой, з яе слоў, быў яе муж. Вязні лагераў ГУЛАГу таксама далі паказанні аб чатырох шведах за кратамі.
У 1991 годзе Расія афіцыйна прызнала, што шведскія самалёты былі збітыя савецкім знішчальнікам МіГ-15 Мікаяна-Гурэвіча. У расійскай заяве, што была ўхвалена прэзідэнтам Барысам Ельцыным, значылася, што DC-3 не парушаў савецкую паветраную прастору. Афіцыйнай прычынай агрэсіі савецкай арміі Расія назвала тое, што DC-3 падляцеў да найноўшага савецкага крэйсера тыпу «Свярдлоў» занадта блізка, чым мог несці прамую пагрозу плавальнаму судну.
10 чэрвеня 2003 года, пасля трох гадоў ужо бяспечных пошукаў, група былога пілота і вадалаза Джалаі Андэрса нарэшце выявіла збіты DC-3. Ён быў знойдзены на глыбіні 125 метраў, у міжнародных водах, але на тэрыторыі шведскай паветранай прасторы. «Catalina» ляжала ў 22 кіламетрах на ўсход — носам уніз і адносна цэлая, нягледзячы на добра бачныя кулявыя адтуліны, пашкоджанні фюзеляжа і крылаў савецкім знішчальнікам МіГ-15.
Пазней былі знойдзены астанкі пілота DC-3 Алвара Эльмеберга і яшчэ трох членаў экіпажа. Чатырох чалавек з групы, якія знаходзіліся на борце, не ўдалося знайсці ні ў самалёце, ні на самым месцы крушэння. Тым не менш, расследаванне змагло ўстанавіць пашкоджанні сядзенняў, на якіх у момант удару дакладна сядзелі гэтыя людзі.
Але самы нечаканы паварот падзей застаўся напрыканцы — у 2005 годзе Пэр-Улаф Лундб з Шведскага агенцтва абарончых даследаванняў пацвердзіў, што ніякага абсталявання NATO ў абодвух суднах знойдзена не было.
Як вынік — два злачынствы, і два фэйлы міма жаданай мэты.