Нечаканае рэха гучнага забойства
Шведская паліцыя абвясціла, што праз 34 гады знайшла забойцу прэм’ера Улафа Пальмэ, але, з улікам мноства версій, якія паўсталі за гэты час, наўрад ці такая развязка задаволіць усіх.
Фільм называўся «Браты Моцарта». Чамусьці менавіта гэтая карціна спадабалася прэм’еру і яго жонцы ў рэпертуары сталічнага кінатэатра «Гранд», куды яны накіраваліся 28 лютага 1986 года. У паход у кіно пара выправілася без целаахоўнікаў (Пальмэ не любіў такой кампаніі). Калі муж і жонка выйшлі з кіно і прайшлі пэўную адлегласць, да іх падышоў высокі мужчына і двойчы стрэліў з рэвальвера. Пальме памёр імгненна.
З гэтага дня пачалося (і, на думку шмат каго, працягваецца) «блуканне па пустэчы» — следства па справе аб забойстве першага чалавека Швецыі, выдатнага дзяржаўнага дзеяча і сацыял-дэмакратычнага лідара.
Першым падазраваным аказаўся маргінал і алкаголік Крыстар Петэрсан. Раней яго 63 (!) разы судзілі за розныя правапарушэнні, у тым ліку забойства. Прычым ва ўсіх выпадках яму не ўдавалася збегчы з месца злачынства. Тое, што ў выпадку з Пальмэ яму пашанцавала знікнуць, выклікала сумнеў у гэтай версіі. Таксама, як і магчымы матыў забойства — помста за сябра-сукамерніка, які лічыў сябе ахвярай эканамічнай палітыкі сацыял-дэмакратаў. У выніку касацыйны суд палічыў доказы следства недастатковымі. Пазней аказалася тупіковай яшчэ адна версія — з удзелам іншага люмпену. Усяго за час следства падазраваліся 34 асобы.
Няздольнасць шведскіх праваахоўнікаў назваць імя забойцы лагічна спрыяла з’яўленню цэлага каскаду самых неверагодных тэорый наконт прыроды злачынства.
Практычна немагчыма было абыйсці версію пра след ЦРУ. Улаф Пальмэ быў вядомы сваімі левымі поглядамі. Ён шмат разоў даваў прытулак разнастайным камуністычным партызанам з Трэцяга свету, дэманстратыўна выяўляў салідарнасць з Нікарагуа, Кубай і Палесцінай. Усё гэта наўрад ці падабалася вашынгтонскім «ястрабам». Лічыцца, што нелюбоў да шведа ў Вашынгтоне ўзмацняла непрыемная гісторыя з правалам спробы вярбоўкі Пальмэ ў маладосці. Паводле расследавання амерыканскага журналіста, забойства шведа было заключным акордам аперацыі ЦРУ пад кодавай назвай «Дрэва».
А вось шведскія правыя доўгі час развівалі тэорыю, што Пальмэ стаў ахвярай свайго флірту з левымі радыкаламі. Яго, нібыта, застрэлілі па нейкіх прычынах баевікі Курдскай рабочай партыі (РКК). Зрэшты, ад гэтай ідэі адмовіліся, паколькі яе актыўна прасоўвалі праціўнікі PKK, напрыклад, турэцкія дзяржаўныя медыя.
Хапала падставаў ненавідзець Пальмэ ў Паўднёвай Афрыцы, дзе панаваў рэжым апартэіду. У верасні 1996 года адзін з былых афіцэраў паліцыі Паўднёвай Афрыкі прызнаўся, што Пальмэ быў застрэлены таму, таму што ён «выступаў супраць рэжыму апартэіду, а Швецыя ў той час аказвала істотную грашовую падтрымку Афрыканскаму нацыянальнаму кангрэсу» (АНК). Называлася нават канкрэтнае імя кілера — Крэйг Уільямсан. Аднак ніякіх доказаў пры расследаванні гэтай версіі выяўлена не было.
У паўднёва-афрыканскай тэорыі былі праціўнікі ў асобе аматараў ідэі, што фатальны стрэл зрабіў агент ізраільскай разведкі Масада. Асобныя фракцыі складаюць тыя, хто вінаваціць югаслаўскую разведку, італьянскі масонаў, шведскіх неафашыстаў…
У сваёй кнізе 2005 года «Кроў на снезе: забойства Улафа Пальмэ» гісторык Ян Бондэсан высунуў тэорыю, паводле якой забойства Пальмэ было звязана з гандлем зброяй у Індыю. Урад Пальмэ збіраўся прадаць індусам партыю гаўбіц, але затым прэм’ер выказаў намер перагледзець дамову. Каб захаваць здзелку, гандляры зброяй спешна «замовілі» палітыка.
Нарэшце, варта згадаць экстравагантныя версіі. Паводле адной з іх, Пальмэ памылкова забілі нейкія наркаманы. Проста знешне палітык быў падобны да буйнога наркагандляра, якому яны адпомсцілі. Разглядалася таксама тэорыя, звязаная са здагадкай, што Пальмэ быў агентам КДБ. Таму ў якасці магчымых арганізатараў забойства называліся спецслужбы Швецыі.
З улікам таго, што многія з версій даводзілася правяраць, пошук забойцы Улафа Пальмэ стаў адным з найбуйнейшых у свеце паліцэйскіх расследаванняў. І, безумоўна, вельмі дарагім. Толькі выдаткі паліцыі склалі каля 600 мільёнаў шведскіх крон (больш за 60 мільёнаў долараў).
З усяго масіву версій паліцыя ў выніку спынілася на варыянце, згодна з якім Пальмэ забіў сціплы мастак-графік Сціг Энгстрам (1934–2000), які быў непадалёк падчас забойства Пальмэ. Сціга неаднаразова выклікалі на допыты, аднак абвінавачванняў так і не вылучалі праз адсутнасць матываў.
Упершыню падазрэнне на Сціга Энгстрама ўпала ў 2018 годзе, калі журналіст Томас Петэрсан разам са следчымі заняліся пераглядам падазраваных. Выказвалася здагадка, што Энгстрам забіў Пальме за яго левыя перакананні, адзначае ВВС.
Энгстрам праходзіў па справе як адзін з 20 сведак — відавочцаў здарэння. У 2000 годзе ён пакончыў з сабой.
У дзень забойства Энгстрам дапазна заседзеўся на працы — у галаўным офісе страхавой кампаніі Skandia, размешчаным непадалёк ад месца злачынства. Следствам было ўстаноўлена, што Энгстрам схлусіў адносна сваіх дзеянняў непасрэдна пасля забойства, сказаўшы, што спрабаваў прывесці Пальме ў свядомасць.
Пазней, дзякуючы журналістам, высветлілася, што Энгстрам прайшоў трэнінг па абыходжанні са зброяй, быў чальцом стралковага клуба, меў доступ да калекцыі буйнакаліберных пісталетаў і, нарэшце, ненавідзеў Пальмэ. Гэтага палічылі дастатковым, каб запісаць мастака ў кілеры і нарэшце закрыць справу.
І адразу ж на паліцыю абрынуўся шквал крытыкі. У тым ліку шакаваныя высновамі паліцыі родныя Энгстрама. «Ды ён муху не мог забіць», — сцвярджае жонка «забойцы».