Незалежная Шатландыя
Аб’яднае Каралеўства Вялікабрытаніі хутка можа ператварыцца ў Англійскае Каралеўства. Сенсацыйная перамога на выбарах шатландскіх нацыяналістаў адчыняе зялёнае святло адраджэнню незалежнай Шатландыі.
Аб’яднае Каралеўства Вялікабрытаніі хутка можа ператварыцца ў Англійскае Каралеўства. Сенсацыйная перамога на выбарах шатландскіх нацыяналістаў адчыняе зялёнае святло адраджэнню
незалежнай Шатландыі.
Калі мінулай восенню Алекс Сэлманд — прэм’ер Шатландыі і лідар Нацыянальнай шатландскай партыі (SNP) — заявіў пра адтэрміноўку рэферэндуму пра незалежнасць, нацыяналісты
плакалі. Гэты сумны дзень параўноўвалі з 22 ліпеня 1298 года, калі англічане разбілі шатландцаў, якімі кіраваў Уільям Уолес (менавіта пра яго распавядае папулярны фільм «Адважнае
сэрца» з Мэлам Гібсанам у галоўнай ролі).
Плебісцыт, нагадаем, давялося адмяніць з-за кепскіх дадзеных сацыялагічных апытанняў. Паводле лічбаў, за пачатак т.зв. devolution (працэс выхаду рэгіёну са складу Вялікабрытаніі) гатовыя былі
галасаваць максімум 30 працэнтаў электарату. Такая была рэакцыя насельніцтва на крызіс, адказнасць за які часткова пераклалі на ўрад, які фармавала SNP.
Сэлманд казаў, што ў такіх умовах лепш не рызыкаваць. Стаўка, па яго словах, занадта вялікая: у выпадку правалу плебісцыту тэма незалежнасці вернецца ў палітычную павестку дня толькі праз
10–15 гадоў. У якасці кампенсацыі прэм’ер прапанаваў прызначыць новую дату рэферэндуму пасля 5 мая (дзень выбараў у шатландскі парламент). У такі аптымістычны сцэнар мала хто верыў.
Прызначыць рэферэндум можа толькі партыя-пераможца, а на той момант рэйтынг нацыяналістаў быў значна ніжэй, чым лейбарыстаў (галоўныя канкурэнты SNP).
Аднак прыйшло 5 мая — і ўсе прызналі палітычны геній Сэлманда. Пад яго кіраўніцтвам партыя мабілізавалася і зрабіла палітычны цуд: па выніках выбараў у нацыяналістаў 69 мандатаў (усяго ў
шатландскім парламенце 129 дэпутацкіх месцаў). Нацыяналісты павялічылі сваё прадстаўніцтва на 23 дэпутата. За іх галасавала 45 працэнтаў выбаршчыкаў. Як вынік, Сэлманд застаецца прэм’ерам.
Праект незалежнай Шатландыі не знік, а наадварот, здаецца, як ніколі блізкі да рэалізацыі.
Зараз усе палітычныя эксперты Вялікабрытаніі намагаюцца зразумець, што ж здарылася. Безумоўна, сваю ролю згуляла харызма лідара SNP. Згадваюць, што Сэлманд мае вялікі талант пераконваць людзей. У
1990 годзе ён здолеў давесці Шону Конэры, самаму славутаму шатландцу ў свеце, тое, што галасаваць трэба выключна за SNP. Ахвярамі яго чараў сталі іншыя вядомыя людзі ў краі, напрыклад, уладальнік
суперпапулярнага клубу «Глазга Рэйнджарс». Пры гэтым асобы, якіх Сэлманд перакаваў у нацыяналісты, не толькі аддавалі галасы за SNP, аднак часта станавіліся партыйнымі
донарамі.
Шмат каму імпануе энтузіязм Сэлманда, калі гаворка ідзе пра незалежнасць. У адрозненні ад SNP, ні лейбарысты, ні кансерватары не маюць глабальных альтэрнатыўных праектаў. Пры гэтым, аднак, Алекс не
пераходзіць мяжу. Так, Сэлманд выступае за тое, каб фармальным кіраўніком будучай незалежнай Шатландыі заставалася каралева Елізавета. У час кампаніі ён расставіў акцэнты так, каб слова
«незалежнасць» было хутчэй звязанае з правам шатландцаў самім кантраляваць публічныя фонды.
Таксама варта згадаць, што за пяць гадоў знаходжання ва ўрадзе нацыяналісты давялі, што могуць быць кампетэнтнымі адміністратарамі. Іх перасталі трымаць за гаваруноў. Да іх пачаў прыглядвацца буйны
бізнэс.
Ёсць аб’ектыўныя фактары трыумфу SNP. Да іх можна аднесці катастрафічнае падзенне папулярнасці лібералаў. Такім аказаўся вердыкт выбаршчыка ўза тое, што партыя Ніка Клега пагадзілася на
кааліцыю з торы. Галасы ліберальнага электарату дасталіся галоўным чынам нацыяналістам.
Нельга не згадаць левы характар выбарчай праграмы SNP. Нацыяналісты абяцалі адмяніць плату за навучанне ў ВНУ, адмяніць шэраг камунальных падаткаў, аптымізаваць працу медычных службаў. У сваю чаргу,
лейбарысты не асмеліліся фармуляваць такія радыкальныя лозунгі, што пазбавіла іх іміджу галоўнай сацыяльнай партыі.
Цяпер праціўнікі залізваюць раны. Усе тры партыі, якія знаходзяцца ў апазіцыі да нацыяналістаў, цалкам змянілі кіраўніцтва. Актыўна пераглядаюцца былыя праграмныя канцэпцыі, у якіх значнае
месца займала крытыка незалежніцкага праекту. На старонках левай прэсы ўсё часцей гучаць заклікі, каб шатландскія лейбарысты ўвогуле мелі цалкам незалежную ад Лондана структуру, каб быць бліжэй да
мясцовая тэматыкі. Адным з джокераў было тое, што SNP займаўся эксклюзіўна шатландскімі праблемамі.
Яшчэ большая сенсацыя здарылася 6 мая. Адпусціць Шатландыю нечакана пагадзіліся нават кансерватары. Прэм’ер Дэвід Кэмеран заявіў, што кабінет Яе Вялікасці не будзе чыніць праблем для
правядзення рэферэндуму пра незалежнасць. Раней торы былі ў жорсткай апазіцыі да SNP, казалі, што ідэя рэферэндуму супярэчыць асновам брытанскага права.
Ёсць думка, што ў шэрагах кансерватараў існуе план аддзялення Шатландыі. У такім выпадку ў парламенце не будзе шатландскай квоты, якая традыцыйна складаецца з лейбарыстаў. Да прыкладу, за апошнія 20
гадоў толькі адзін раз кансерватыўны дэпутат перамагаў у Шатландыі. Калі не будзе горцаў, кансерватары гарантуюць сабе парламенцкую большасць на пару дзесяцігоддзяў наперад.
Сярод шараговых англічан папулярная думка пра тое, што шатландцы — гэта паразіты, якія шыкуюць, дзякуючы датацыям з цэнтру. Сапраўды, датацыі вялікія (агульныя субсідыі Шатландыі штогод
складаюць 8 мільярдаў фунтаў. У гэтым асяроддзі папулярны выраз: «Хопіць будаваць шатландскую незалежнасць за кошт англічан!»
Аднак самі нацыяналісты не спяшаюцца з рэферэндумам. Сэлманд кажа, што, хутчэй за ўсё, ён будзе прызначаны на другую палову яго пяцігадовай кадэнцыі. Акрамя таго, гаворка будзе ісці не пра
незалежнасць, а толькі пра фіскальную аўтаномію. Такі манеўр укладваецца ў стратэгію нацыяналістаў. Зараз, адпаведна апытанням, поўнай незалежнасці жадае толькі траціна шатландцаў. Затое абсалютная
большасць выступае за пашырэння эканамічнай і фінансавай аўтаноміі. Абяцаючы незалежнасць у будучым і аўтаномію зараз, Сэлманд стварае шырокі сацыяльны блок, які ў перспектыве будзе гатовы
прагаласаваць за адраджэнне шатландскай дзяржавы.
Аглядальнікі не бачаць тут нічога дзіўнага. Сэлманд — палітык з катэгорыі long player (доўгатэрміновы). Ён будзе чакаць зручнага часу, каб атрымаць гарантаваную перамогу. Гэта яго стыль.
Неяк ён прызнаўся, што з’яўляецца антыподам галоўнага героя фільма «Адважнае сэрца», які марыў дабіцца незалежнасці за кошт адной удалай бітвы з англічанамі.