Палітыкі, якія нас здзівілі: Мацільда Пано, Нурланбек Шакіеў, Арыэль Анро
«Новы Час» распачынае новую рубрыку, у якой мы будзем распавядаць пра самых арыгінальных палітыкаў сучаснасці. Нашы сённяшнія героі — Мацільда Пано і праблема блашчыц, Нурланбек Шакіеў і «шасцярэнька-вожык», Арыэль Анры і інтэрвенцыя Гаіці.
Мацільда Пано (Mathilde Panot), якая ўзначальвае ў парламенце Францыі апазіцыйную левую партыю La France Insoumise
Мадам Пано заклікала ўрад прызнаць блашчыц як агульнанацыянальную праблему грамадскай аховы здароўя. У Францыі даўно абвастраецца крызіс з пасцельнымі блашчыцамі. Раней мэрыя Парыжа звярнулася да прэм'ер-міністра з просьбай стварыць адмысловую нацыянальную мэтавую групу на гэты конт. Па даных французскай нацыянальнай санітарнай службы Anses, за апошнія гады заражэнню падвергліся 11% французскіх дамоў. Урад абяцае часткова вырашыць праблему да алімпіяды, якую Францыя прыме ў наступным годзе. Між тым, эксперты дастаткова скептычна настроены наконт вынікаў кампаніі супраць клапоў. «Мы назіраем усё больш і больш блашчыц, устойлівых да хімічнай апрацоўкі, таму не існуе цудадзейнага рашэння, якое дазваляе пазбавіцца ад іх», — кажа адзін з іх. Дарэчы, тры гады таму французскі ўрад ужо запусціў кампанію па барацьбе з блашчыцамі. Але гэтага было недастаткова, каб стрымаць распаўсюджванне паразітаў. Цікава, што блашчыца ў Францыі амаль знікла ў 1950-х гадах, аднак цяпер вярнулася ў больш вялізных маштабах. Застаецца дадаць, што такая з'ява як блашчыцы тычыцца не толькі Францыі. У 2010 годзе ў Нью-Ёрку адбылася ўспышка, а колькасць заражаных дамоў блашчыцамі ў Вялікабрытаніі павялічылася на 65% у параўнанні з мінулым годам. У любым выпадку наяўнасць праблемы можа дапамагчы Мацільдзе Пано падняць свой рэйтынг.
Нурланбек Шакіеў, спікер кыргызскага парламента
Шакіеў і яшчэ адзін дэпутат прапанавалі праект закона, накіраваны на ўдасканаленне сцяга краіны. Нагадаем, што сцяг Кыргызстана быў зацверджаны пастановай Вярхоўнага Савета 3 сакавіка 1992 года. Сцяг уяўляе сабой палотнішча чырвонага колеру, у цэнтры якога размешчаны круглы сонечны дыск, ад якога разыходзіцца сорак прамянёў залацістага колеру. Унутры сонечнага дыска чырвоным колерам намаляваны фрагмент кыргызскай юрты. Праз 30 гадоў кыргызскія дэпутаты вырашылі, што сцяг недасканалы. «У сувязі з тым, што на сённяшні дзень узнікае дылема ва ўспрыманні прамянёў сонца на сцягу Кыргызскай Рэспублікі ў розных інтэрпрэтацыях, такіх як кветка сланечніка або частка юрты, неабходна прыняць меры па ўхіленні неадназначнага трактавання значэння выявы сцяга», — лічаць ініцыятары рэформы. Шакіеў прапануе змяніць форму прамянёў на сцягу такім чынам, каб яны былі прамымі і выразна нагадвалі сонечныя. Ідэя выклікала неадназначную рэакцыю грамадства. Паводле апошніх апытанняў, новы дызайн падтрымліваюць прыкладна 13 працэнтаў кыргызаў. Іншыя не разумеюць нашто мяняць выяву «шасцярэнькі» (менавіта яе нагадвае ім фігура ў цэнтры сцяга) на выяву «вожыка» (на гэтую жывёлу падобна фігура, якую прапануе Шакіеў).
Арыэль Анры (Ariel Henry), прэм'ер Гаіці
Арыель Анры парадаваў суайчыннікаў навіной аб тым, што Гаіці … хутка будзе акупавана замежнымі войскамі. Больш за тое, паводле яго слоў, дабіцца гэтага было не так проста. Як мінімум год ён дабіваўся гэтай інтэрвенцыі. І вось, нарэшце, некалькі краін аб'явілі, што маюць намер увесці ў Гаіці свае ваенныя сілы. Чыннік жадання інтэрвенцыі просты. У Гаіці поўны хаос. «Выкраданні людзей з мэтай выкупу, рабаванні, падпалы, нядаўнія масавыя забойствы, сэксуальны і гендэрны гвалт, гандаль органамі, гандаль людзьмі, забойствы, пазасудовыя пакаранні, вярбоўка дзяцей—салдат, блакада асноўных дарог», — вось як апісвае Арыэль Анры будні сваёй радзімы. Па даных ААН, банды, якія кантралююць большую частку сталіцы гэтай беднай карыбскай краіны і кіруюць тэрорам, з пачатку года забілі больш за 2400 чалавек. Гаіцянская нацыянальная паліцыя не ў стане супрацьстаяць ім. Адсюль і ідэя стварэння шматнацыянальных сіл у падтрымку гэтай краіны. «Ад 10 да 12 краін зрабілі канкрэтныя прапановы наконт місіі па падтрымцы бяспекі паліцыі на Гаіці», — кажа прадстаўнік Дзярждэпартамента Вікторыя Нуланд. Сярод тых краін — Ямайка, Багамы і Антыгуа і Барбуда. Аперацыю, быццам, узначаліць Кенія, якая падахвоцілася адправіць на Гаіці 1000 супрацоўнікаў сіл бяспекі.