Палітыкі, якія нас здзівілі: Рэмігіюс Жамайтайціс, Садыр Жапараў, Петэр Хумельгаард
У Літве набывае папулярнасць партыя, створаная палітыкам, вядомым антысеміцкімі заявамі. «Хансарай» для прэзідэнта Кыргызстану. Крайняя мера ад дацкага чыноўніка, каб стрымаць крымінальную навалу з Швецыі. Падборка навін пра незвычайныя ўчынкі, заявы і ініцыятывы некаторых сучасных палітыкаў.
Рэмігіюс Жамайтайціс скандальны экс-дэпутат літоўскага Сейма
Рэмігіюс Жамайтайціс вядомы радыкальнымі антысеміцкімі заявамі. Неяк ён нават параўнаў яўрэйскую дзяржаву з Пуціным, а таксама абвінаваціў яўрэяў і рускіх у «халакосце літоўцаў» падчас Другой Сусветнай вайны. У выніку Жамайтайціса пазбавілі мандата дэпутата, але ён не супакоіўся і стварыў уласную партыю — «Зара Нёмана». І тут здарылася нечаканае. Прыкладна за два месяцы да выбараў у парламент партструктура Жамайтайціса заняла другое месца ў рэйтынгу літоўскіх партый. Паводле апытання, праведзенага кампаніяй па даследаванні грамадскай думкі і рынку Spinter tyrimai, калі б выбары ў Сейм адбыліся ў бліжэйшы час, партыя «Зара Нёмана» апынулася на другім месце, атрымаўшы 10,2% галасоў выбаршчыкаў. І гэта яшчэ не ўсё. Сацыял-дэмакраты, якія працягваюць утрымліваць першае месца ў рэйтынгах (у «ружовых» 12,9 працэнтаў падтрымкі), у прынцыпе не супраць запрасіць «антысемітаў» у будучую ўрадавую кааліцыю. Паводле слоў лідара сацыял-дэмакратаў Віліі Блінкявічутэ, яе партыя магла б сфарміраваць кіруючую кааліцыю з многімі дзейнымі палітычнымі сіламі, акрамя кансерватараў. Як адзначае еўрадэпутат, не з'яўляецца выключэннем і «Зара Нёмана». Вось такі незвычайны рэнесанс антысемітызму ў Літве. Застаецца дадаць, што Рэмігіюс Жамайтайціс таксама вядомы сваімі нападкамі на Святлану Ціханоўскую і яе офіс.
Садыр Жапараў, прэзідэнт Кыргызскай рэспублікі
Кыргызскі гарант няўдала пагуляў у дэмакратыю, прапанаваўшы насельніцтву паўдзельнічаць у выбары назвы новага прэзідэнцкага палаца. Паводле слоў прэзідэнта, народ павінен сам ствараць гісторыю сваёй краіны і рабіць лёсавызначальныя крокі.
І кіргізскі народ рашэнне прыняў. На інтэрнет-форумах абсалютная большасць рэспандэнтаў падтрымала ідэю назваць новы комплекс «хансарай». Як піша адно медыя, «гэтым усё сказана і ўсё выказана. Новы будынак адміністрацыі прэзідэнта разглядаецца людзьмі як апартаменты для "ханствуючага" кіраўніка дзяржавы, каб лішні раз падкрэсліць няроўнасць паміж народам і багацеючай уладай».
Зрэшты, у чымсьці народ не мае рацыі: пазітыў ад новых апартаментаў прэзідэнта ўсё ж ёсць. «Хансарай» знаходзіцца за горадам. Так што вуліцы ў Бішкеку больш не будуць перакрывацца па раніцах і ўвечары ў чаканні, пакуль прэзідэнт праедзе на працу / вернецца з працы. Застаецца таксама дадаць, што да Жапарава нікому з кіраўнікоў КР не прыйшло ў галаву адбудаваць сабе рэзідэнцыю. А прычына вельмі простая: кожны з іх разумеў, што рана ці позна ўсё роўна давядзецца бегчы адсюль.
Петэр Хумельгаард, міністр юстыцыі Даніі
Дацкі чыноўнік пайшоў на крайнія меры для стрымлівання крымінальнай хвалі, якая ідзе з суседняй Швецыі. Па яго загадзе на дацка-шведскай мяжы выстаўленыя патрулі, якім загадана абшукваць усе машыны і не пускаць у краіну членаў крымінальных банд.
У апошні час у прыгарадах буйных шведскіх гарадоў з'явіліся этнічныя банды з асяроддзя мігрантаў. З пачатку 2022 года ў Швецыі загінулі 137 чалавек. Як бачым, геаграфія іх дзеянняў пашырылася і на суседнія краіны. Раней двое 25-гадовых шведаў кінулі ручную гранату ў шапік у Капенгагене. У гэтым месяцы ў Даніі былі арыштаваныя пяць маладых шведаў за замах на забойства, што і стала трыгерам для пастановы аб узмацненні памежнага рэжыму.
Ці дапаможа гэта стрымаць націск шведскага крыміналу? Справа нават не ў тым, што многія шведскія злачынцы вельмі маладыя і не трапляюць пад крымінальныя артыкулы. Пайшлі чуткі, што «шведы» ўсё часцей з'яўляюцца ў Даніі па запрашэнні мясцовых калег, якія замаўляюць ім забойства канкурэнтаў. Такім чынам, карані з'яўлення шведскіх банд у Даніі маюць унутраныя прычыны.