Перамога аватараў
Прэзідэнцкія выбары ў Грузіі замацавалі перамогу партыі «Грузінская мара». Некаторыя моманты і наступствы выбараў журналіст НЧ Алег Новікаў абмеркаваў з кіеўскім калегам Сяргеем Атанасавым, які быў на грузінскіх выбарах назіральнікам.
— Ці ўвойдуць мінулыя выбары ў падручнікі па гісторыі Грузіі?
— Безумоўна. І нават не таму, што закончылася эра Саакашвілі. Ключавы момант у тым, што перадача ўлады адбылася мірна. Больш таго, першым, хто павіншаваў новага прэзідэнта, быў кандыдат
ад партыі «Нацыянальны рух» (партыя Міхаіла Саакашвілі) Давід Бакрадзэ. Гэта не падобна на фіналы ўсіх папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў у Грузіі, якія абавязкова выліваліся ў спробы
рэвалюцый або вайсковыя паўстанні. Фактычна, упершыню краіна ў дзень выбараў жыла і працавала ў звычайным рытме. Відавочна, што ў палітычнай эліце канчаткова склаўся кансенсус, які пабудаваны на ідэі
еўраатлантычнай інтэграцыі. Усе — нават палітычныя антаганісты — вельмі баяліся за імідж краіны ў вачах Захаду, адчувалі адказнасць і паводзілі сябе вельмі карэктна.
Выбары–2013 — вялікі крок на шляху развіцця дэмакратычнай культуры і грамадзянскай супольнасці.
— Аднак чаму тады на выбарах была невысокая яўка? Усяго, нагадаю, на ўчасткі для галасавання прыйшло каля 46 працэнтаў выбаршчыкаў?
— Трэба адразу сказаць, што ў выбарчым заканадаўстве Грузіі адсутнічае такое паняцце, як «парог яўкі». Іншымі словамі, для таго, каб выбары адбыліся, дастаткова нават
аднаго чалавека. Што тычыцца невялікай колькасці выбаршчыкаў, то, як мяркую, гэта звязана з рэдакцыяй новай канстытуцыі, якая цяпер уступае ў сілу. Паводле новай канстытуцыі, прэм’ер мае
значна больш паўнамоцтваў, чым прэзідэнт. Магчыма, таму ў грамадстве і такі невялікі інтарэс да выбараў прэзідэнта.
— Ці можна лічыць новага прэзідэнта Георгія Маргвелашвілі таксама аватарам Іванішвілі?
— Наколькі я ведаю, людзі галасавалі за яго галоўным чынам таму, што гэта быў чалавек Іванішвілі. Як палітык, Маргвелашвілі мала каму вядомы. Ён прыйшоў у палітыку толькі ў 2012 годзе,
калі атрымаў пасаду міністра адукацыі ва ўрадзе Грузінскай мары. А ў 2013 годзе яго прызначылі віцэ-прэм’ерам грузінскага ўрада. Вось і ўся палітычная біяграфія новага гаранта. Маргвелашвілі
хутчэй вядомы ў колах інтэлігенцыі і як выкладчык аднаго са сталічных універсітэтаў.
— Чаму грузінскі выбаршчык заплючшвае вочы на тое, што ў краіне скарачаецца прастора публічнай палітыкі, усе рашэнні прымае алігарх?
— Напэўна, яшчэ не закончыўся раман грузінаў з Іванішвілі. Тут, безумоўна, галоўную ролю гуляюць не поспехі яго кабінета, а негатыўныя ўспаміны пра часы Саакашвілі. Гэта і палітычныя
рэпрэсіі, і прайграная вайна, і эканамічны крызіс, фактарам якога было расійскае гандлёвае эмбарга. Можна казаць пра тое, што Саакашвілі проста не змог наладзіць патрэбнай камунікацыі з народам
падчас правядзення сваіх рэформаў, і на нейкім этапе грузіны проста перасталі разумець, у імя чаго ўсё гэта робіцца.
Аднак я б не казаў, што нацыяналы цалкам прайгралі. У барацьбе з Ніно Бурджанадзэ яны давялі, што з’яўляюцца галоўнай партыяй апазіцыі. Гэта вельмі важна, паколькі шмат хто чакае
правядзення бліжэйшым часам пазачарговых парламенцкіх выбараў, якія, на думку часткі грамадскасці неабходныя, з улікам пачатку дзеяння новай канстытуцыі.
— Ніно Бурджанадзэ падчас апошніх выбараў шмат хто называў пятай калонай ў Грузіі.
— Не думаю, што ў Грузіі магчыма існаванне такой катэгорыі палітыкаў. Ёсць, звычайна, розныя падыходы да стану расійска-грузінсікх адносінаў, аднак усе згодныя з тым, што дыялог па
лініі Масква — Тбілісі можа пачацца выключна пасля таго, як Крэмль афіцыйна прызнае, што Абхазія і Паўднёвая Асеція — гэта часткі тэрыторыі Грузіі. У сваю чаргу, Масква кажа, што
незалежнасць Сухумі і Цхінвалі — гэта не прадмет для дэбатаў. Іванішвілі таксама лічылі прарасійскім палітыкам, аднак пасля прыходу ва ўладу ён не змог размарозіць праблему адносін з
паўночным суседам.
— Ці могуць аддаць пад суд і пасадзіць Саакашвілі?
— Гэта абяцанне было адным з канькоў выбарчай кампаніі Маргвелашвілі. Ён сцвярджаў, што былы прэзідэнт немэтаскіравана траціў бюджэтныя грошы і нясе адказнасць за забойствы ў турмах.
Аднак у апошнія дні выбараў палітыкі з Грузінскай мары змягчылі тон. Часткова гэта звязваюць з самітам ЕС ў Вільнюсе. Наўрад ці грузінскі ўрад хоча апынуцца ў скуры Януковіча, які не ведае, што
рабіць з Цімашэнка. Да Вільнюса Саакашвілі дакладна не будуць чапаць, а што будзе пазней, цяжка прагназаваць. Асаблівых эканамічных поспехаў у каманды «Грузінскай мары» няма, а
паказальны працэс над Саакашвілі здольны на нейкі час адцягнуць увагу ад эканамічных праблемаў.У дадатак, усім вядома, што паміж Іванішвілі і Саакашвілі ёсць асабістая непрыязнасць.
— Калі ўсё ж Саакашвілі застанецца на свабодзе, што ён будзе рабіць?..
— Ён будзе спрабаваць адаптавацца да новай сітуацыі. Я думаю, з палітыкі ён дакладна не сыдзе і, магчыма, будзе намагацца вярнуцца. У Грузіі ўсе партыі маюць персаніфікаваны характар, а
такая яскравая асоба, як Саакашвілі, стоадсоткава будзе запатрабаваная на палітычным рынку. Тым больш, што цяперашні ўрад наўрад ці здольны зрабіць хоць дзесяць працэнтаў рэформаў, што зрабіў
Саакашвілі.