Праваабаронцы прызналі палітзняволенай расіянку, асуджаную на 7 гадоў калоніі за SMS
Жыхарку Сочы Аксану Севастыдзі, якую праз SMS абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе, праваабарончы цэнтр «Мемарыял» прызнаў палітзняволенай.
У 2008 годзе падчас расейска-грузінскай вайны Севастыдзі адправіла свайму грузінскаму сябру два SMS-паведамленні пра убачаную на вуліцах Сочы расейскую ваенную тэхніку. За гэта жанчыну ў студзені 2015 года арыштавалі, а ў сакавіку 2016 абвінавацілі ў «дзяржаўнай здрадзе» і асудзілі на 7 гадоў калоніі.
«Інфармацыя, якую яна перадала, была даступная неабмежаванаму колу людзей, і Севастыдзі не была папярэджана пра яе сакрэтнасць. Мы лічым недапушчальным ускладаць на цывільных асоб адказнасць за таямніцу ваенных аперацый, а тым больш крыміналізаваць зносіны з замежнікамі пра ўбачанае на вуліцы. Калі падобная практыка стане нормай, гэта выкліча катастрафічныя наступствы для правоў чалавека ў Расеі», — адзначаецца ў заяве расейскіх праваабаронцаў.
Раней па аналагічнай справе была асуджана грамадзянка Грузіі Кацярына Харэбава, якая жыла ў Сочы. Яе таксама прызналі палітзняволенай. Летам 2016 году яе вызвалілі ў рамках абмену з Грузіяй.Ёсць інфармацыя, што справа яшчэ адной сочынкі Аніко Кесян, асуджанай да васьмі гадоў, падобна на справы Севастыдзі і Харэбавы.
Праваабаронцы патрабуюць прыняць апеляцыйную скаргу Аксаны Севастыдзі і адмяніць прысуд.