Сусветныя цікавосткі: Расійцаў таксама будуць саджаць за бел-чырвона-белы сцяг?
У Венесуэле больш крэатыўна, чым у Беларусі, падышлі да ліквідацыі апазіцыйных палітычных партый. У Паўночнай Карэі ўводзіцца адказнасць за нямэтавае выкарыстанне афіцыйнай прэсы. А вось буму на імёны «Кен» і «Барбі» чакаць не варта, прагназуюць спецыялісты. Прадстаўляем вашай увазе Сусветныя цікавосткі.
БЧБ забароняць у Расіі?
Днямі дзейны дэпутат Смаленскай абласной думы Уладзіслаў Жывіца прыехаў у Варшаву, дзе правёў прэс-канферэнцыю разам з дэлегатам Каардынацыйнай рады і экс-рэдактарам медыя NEXTA Янам Рудзікам. Падчас мерапрыемства Жывіца расказаў аб планах змагання за незалежнасць Смаленскай вобласці. Таксама было аб'яўлена аб стварэнні Смаленскага рэспубліканскага цэнтра пад бел-чырвона-белым сцягам. Паводле слоў сепаратыста, размова ідзе аб «аднаўленні самастойнай смаленскай дзяржаўнасці ў цесным саюзе з будучай свабоднай Беларуссю і іншымі краінамі, тэрыторыі якіх раней уваходзілі ў Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую».
Навіна, безумоўна, не спадабалася расійскім вялікадзяржаўнікам. Пры гэтым яны ў прыватнасці прыгадалі, што яшчэ ў 2020-м арганізацыя «Веча» падала зварот у Генеральную пракуратуру РФ з просьбай забараніць сімволіку беларускіх нацыяналістаў. Па нейкіх прычынах расійская пракуратура тады зварот пакінула без увагі. З улікам рэзанансу апошніх заяў Жывіцы цяпер забарону БЧБ і «Пагоню» на тэрыторыі Расіі выключаць нельга.
Дарэчы, ахвярамі кампаніі супраць БЧБ у Беларусі былі таксама мясцовыя аматары маскоўскага «Спартака». Белыя і чырвоныя колеры «Спартака» сілавікі ўспрымалі як знак беларускай апазіцыі. Цікава, ці можа паўтарыцца такая гісторыя ў Расіі, дзе колькасць фанатаў «Спартака» вымяраецца на некалькі соцень тысяч?
Па матэрыялах расійскай прэсы
Як рэйдарнуць партыю
У той час як беларускія ўлады знішчаюць палітычных канкурэнтаў, банальна забараняючы апазіцыйныя партыі, у Венесуэле пайшлі іншым арыгінальным шляхам. Яшчэ пры Уга Чавесе ўзнікла ідэя імітаваць шырокі сацыялістычны блок для падтрымкі ўлады. Дзеля гэтага ўсе левыя партыі пачалі заганяць пад дах праўладнай Адзінай сацыялістычнай партыі Венесуэлы (PSUV). Аднак венесуэльская Кампартыя (PCV) — гістарычна вядучая левая палітсіла, — адмовілася ад уступлення, не адрынаючы пры гэтым падтрымку курсу Чавеса. Такая пазіцыя вельмі не спадабалася Уга Чавесу і яго спадкаемцу Мадуру.
Між тым у 2020 годзе PCV перайшла ў апазіцыю, што мела для яе чаканыя наступствы — сёння партыйныя СМІ забароненыя, многія актывісты арыштаваныя, а ў 2022 годзе нават быў забіты адзін з вядомых рэгіянальных лідараў. І вось цяпер фінальны акорд — група экс-камуністаў, якія даўно перайшлі ў шэрагі PSUV, нечакана звярнулася ў Вярхоўны суд з патрабаваннем перадаць ім уладу ў кампартыі. І суд іх патрабаванне задаволіў.
Такім чынам, дзейная партыя была пазбаўлена свайго юрыдычнага статусу, імя, сімвалаў і правоў і цяпер знаходзіцца ў руках групы асоб, якія падтрымліваюць рэжым. Застаецца дадаць, што рэйдарскі захоп брэнду PCV адбываецца на фоне падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў 2024 года. Таму ідзе пераслед не толькі левых, але і правых апанентаў улады. Ключавому лідару правай апазіцыі Марыі Карыні Мачада на днях забаранілі займаць дзяржаўныя пасады на 15 гадоў. Гэта азначае, адпаведна, што яна не можа быць абраная прэзідэнтам у наступным годзе.
Па матэрыялах іспанскай прэсы
Рэпрэсіі супраць курцоў
У Паўночнай Карэі папулярна круціць цыгаркі. Пры гэтым у краіне вельмі мала паперы для скручвання цыгарэт, таму курцы выкарыстоўваюць абрыўкі газет. А паколькі газет у краіне таксама няшмат, то на цыгарэты часта ідуць старонкі галоўнай афіцыйнай газеты Rodong Sinmun. Нікога асабліва гэтая практыка не хвалявала, пакуль нейкі свядомы грамадзянін не знайшоў на вуліцы выкінутую недакураную цыгарэту, якая была згорнутая са старонкі Rodong Sinmun з партрэтам правадыра Кім Чэн Ына. Гэта тут жа было вытлумачана як замах на гонар лідара.
Пакуль знайсці таго, хто згарнуў і паліў тую цыгарэту не атрымліваецца. Затое ўстаноўлена, што старыя нумары Rodong Sinmun актыўна выкарыстоўваюцца ў бытавых мэтах. Людзі абклейваюць імі сцены замест шпалер, заварочваюць прадукты — хлеб, рысавыя аладкі і прысмакі. На рынках ёсць месца, дзе можна купіць для такіх патрэб старыя газеты.
Як вынік прынята рашэнне аб тым, што нямэтавае выкарыстанне Rodong Sinmun з’яўляецца злачынствам. Праваабаронцы паведамляюць аб аблавах супраць прадаўцоў старых газет. У прыватнасці, былі арыштаваны дзве жанчыны ва ўзросце 40 гадоў, якія адправяцца ў працоўны лагер на адзін ці два гады. Таксама ўстаноўлены парадак абыходжання са старымі нумарамі афіцыйнай прэсы. Цяпер старыя выпускі Rodong Sinmun павінны былі збірацца падпісчыкамі і раз у месяц вяртацца ў друкарню для паўторнага выкарыстання.
Па матэрыялах брытанскай прэсы
Наперадзе эпоха Кена і Барбі?
Няма ніводных сумневаў наконт таго, што галоўным кінахітом гэтага лета стаў фільм «Барбі» аб прыгодах аднайменнай лялькі і яе бойфрэнда Кена. Фільм ужо задаў тэндэнцыі ў маскультуры. Аднак, магчыма, яго ўплыў акажацца яшчэ больш моцным. Эксперты па імёнах для дзяцей выявілі, што будучыя бацькі выяўляюць павышаную цікавасць да імёнаў Барбі і Кен з 21 ліпеня, калі ў кінатэатрах з'явіўся згаданы фільм. Па даных, апублікаваным на сайце, прысвечаным імёнам дзяцей, Nameberry, колькасць запытаў на імя «Барбі» вырасла на 603 адсоткі з тых часоў, як у красавіку ўпершыню з'явіўся трэйлер да фільма. У той жа час імя «Кен» таксама карыстаецца папулярнасцю. Колькасць запытаў на Кена за той жа час вырасла на 293%.
Хаця, магчыма, далей за інтарэс справа не пойдзе. Спецыялісты нагадваюць, што Барбі — гэта скарочанае ад імя «Барбара». Між тым статыстыка сведчыць, што цяпер Барбарамі ў Еўропе дзяўчынак называюць вельмі рэдка, а дакладней — адну дзяўчынку на тысячу. Тое ж самае тычыцца і Кена. Кенэт — імя, якое часцей за ўсё скарачаюць да Кен — займае 113-е месца ў спісе з 2000 папулярных імёнаў для хлопчыкаў у заходніх краінах.
Паводле брытанскай прэсы