Рускі правапіс супраць палітыкі
Заклік беларускіх уладаў называць нашу краіну не «Белоруссия», а «Беларусь» выклікаў у суседняй Расіі цікавую грамадскую дыскусію.
Заклік беларускіх уладаў называць нашу краіну не «Белоруссия», а «Беларусь» выклікаў у суседняй Расіі цікавую грамадскую дыскусію.
Думаецца, што ўся праблема ў тым, што ў суседзяў ініцыятыву Мінска разглядаюць у кантэксце лінгвістычнай вайны Кіева і Масквы. Для ўкраінцаў крыўдна чуць, калі кажуць «на Украіну»,
а не «ва Украіну». Для суайчыннікаў братоў Клічко першы варыянт утрымлівае падтэкст, што Украіна — гэта ўскраіна, а не асобная дзяржава. Аднак акадэмічныя ўстановы Расіі
ўпарта адмаўляюцца карэктаваць прыназоўнік.
Даведачная служба рускай мовы зноў і зноў паведамляе, што паводле правіл рускай мовы можна казаць толькі «на Украіне». Суверэннасць іншай дзяржавы, як кажуць расійскія філолагі, не
можа ўплываць на граматыку якой-небудзь мовы.
У сваю чаргу, афіцыйны Кіеў запатрабаваў ад сваіх чыноўнікаў і дыпламатаў у афіцыйнай перапісцы ўжываць выключна «в Украину». Ёсць шматлікія прыклады, калі расійскіх вучоных, якія
чытаюць лекцыі ва Украіне, прасілі ўжываць прыназоўнік «в», каб не правакаваць аўдыторыю.
Тая ж гісторыя з Малдовай (рускі варыянт «Молдавия»), Кыргызстанам (рускі варыянт «Киргизия») і г.д. Нічога дзіўнага, што ў згаданым патрабаванні беларусаў шмат
хто адчуў элемент небяспекі.
Раней расійскія філолагі казалі, што ніякай «Беларусі» ў рускай мове няма. Пераход на «Беларусь» насуперак правілам значыць, што тыя правілы — не такая
ўжо сакральная рэч.
Аднак адна справа — адмаўляць «аранжавым», а іншая — адзінаму, магчыма, геапалітычнаму саюзніку. Таму дзяржаўныя службоўцы, якіх прасілі
пракаментаваць праблему, фактычна сыходзілі ад адказу.
Дырэктар Інстытута лінгвістыкі Максім Кронгаўз у расійскай газеце
«Взгляд» прызнае, што праблема «Беларусь» або «Белоруссия» і «на Украину» або «в Украину» —
з’явы аднаго і таго ж парадку.
Далей Кронгаўз дае туманныя і не надта зразумелыя парады: «На мой погляд, мы павінны сыходзіць з рускай традыцыі, але калі беларускія службоўцы патрабуюць казаць па-іншаму, сітуацыя набывае
іншую плоскасць. Палітыкі павінны прыняць сваё рашэнне, а ўсім жа людзям пры выкарыстанні гэтага слова варта кіравацца традыцыямі рускай мовы, а калі яны знаходзяцца ў сітуацыі ціску —
дзейнічаць па сітуацыі».
Затое далёкія ад геапалітычнай кан’юнктуры расіяне рэжуць праўду-матку ў лоб. Для іх адмовіцца ад ужывання «Белоруссия» тое ж самае, што страціць частку нацыянальнай рускай
годнасці.
Блогер Est Deus піша: «Яшчэ чаго? А «Песнярам», значыць, трэба забараніць спяваць песню «Молодость моя Белоруссия»? І тады яшчэ чарга ўзнікне. Улады
Вялікабрытаніі, напрыклад, запатрабуюць, каб у нас называлі іх краіну Грэйт Брытан. А ўжо чаго японцы запатрабуюць, нават уявіць страшна».
«Па-першае, выкажу здзіўленне, што назва «Белоруссия» — крыўдная. Як быццам рускія тут выкарыстоўваюць непрыстойны выраз. Што тут непрыстойнага, і якая розніца для
беларусаў — «Белоруссия» ці «Беларусь»? Першая назва для рускіх звыклая, звязаная менавіта з Беларусіяй як дзяржавай (рэспублікай), а другое —
выклікае асацыяцыі, прашу прабачэння, не з дзяржавай, а з трактарам «Беларусь», які тут у нас шырока выкарыстоўваўся. Вось калі б гэты беларускі таварыш быў бы больш паслядоўным, ён
бы наадварот павінен быў крыўдзіцца, калі б мы называлі яго краіну, як трактар. Яшчэ раз прашу прабачэння — не я прыдумаў гэтую праблему», — піша нехта Яфімачкін на сваім
блогу.
Яшчэ адзін рускі патрыёт, Прохаў, так тлумачыць сваю пазіцыю: «Тытул цара Аляксея Міхайлавіча быў дапоўнены і стаў выглядаць так: «Самодержец всея Великия і Малыя і Белыя
Русі». Гэта значыць, існавалі Вялікая, Малая і Белая Русь… Назва «Белоруссия» паўстала як нацыянальная саманазва, прынятая ідэолагамі беларускага так званага
нацыянальна-вызваленчага руху толькі напрыканцы XIX стагоддзя. Гэта значыць, што ўпершыню «Белоруссия» ўзнікае на глебе сепаратысцкіх памкненняў у нетрах самога беларускага народа
(украінскі сепаратызм канца XIX стагоддзя — з назвай «Украіна» замест «Малороссия»). Таму назва «Беларусь» (ад Белая Русь) гістарычна
больш старажытная, этымалагічна правільная. «Белоруссия» (Бела-Руссия) з’явілася як проціпастаўленне «імперскім», «царскім»,
«маскальскім» назвам Белай Русі на пачатку нараджэння беларускага нацыяналізму. Гэтая ж назва была з радасцю падхоплена бальшавікамі (таксама як і «Украіна» замест
«Малороссия»)».
Нельга не згадаць артыкул на сайце Фергана.ру (папулярны рускамоўны цэнтральнаазіяцкі інтэрнэт-рэсурс). Яго супрацоўнікі катэгарычна супраць назвы «Беларусь». Яны бачаць тут
небяспечны прэцэдэнт, у выніку якога ўлады рэгіёна могуць прымусіць іх ужываць новыя непапулярныя сярод рускамоўных тапаграфічныя назвы, якія з’явіліся тут пасля развалу Савецкага
Саюза.
Фергана.ру: «Не трэба бачыць у тым, як мы пішам назву былой сталіцы Казахстана, праяву рускага нацыяналізму ці непавагу да казахскага суверэнітэту. Гэта не палітыка, гэта ўсяго толькі
лінгвістыка. Пытанне правільнага ці няправільнага рускага напісання геаграфічных назваў на постсавецкай прасторы нельга тлумачыць як пытанне: «Ты мяне паважаеш?». І надышоў час
перастаць успрымаць тэксты, напісаныя на рускай мове ў расійскіх сродках масавай інфармацыі, за дырэктывы. Так, мы пішам Алма-Ата. А вы ў сябе ў Казахстане пішыце Алматы. І ніхто нікога не вучыць.
Галоўнае, што мы ўсе разумеем, пра які горад ідзе гаворка. Пакуль разумеем… Мы далёкія ад пафасу на тэму «вялікай рускай мовы». Мы — не падручнік рускай мовы, не
энцыклапедыя класічных літаратурна-мастацкіх тэкстаў і не акадэмічны слоўнік. Мы — жывы сродак масавай інфармацыі».
Варта сказаць, што ў Расіі ёсць і тыя, хто гатовы прызнаць за беларусамі права называць сваю краіну так, як яны хочуць: «Лічу, што самая вялікая шкода справе аднаўлення раней створанага
адзінства прыносіць напышлівае стаўленне расіян да цяперашніх беларусаў (дый да ўкраінцаў таксама). Дастаткова наведаць беларускія і ўкраінскія форумы, каб заўважыць, што нават лаяльныя да Расіі
беларусы і ўкраінцы адчуваюць сябе абражанымі такім стаўленнем. Дык давайце ж пачнём паважаць суседзяў. Спачатку трэба павагу заслужыць, а потым ужо і пра саюз размаўляць».
Самае парадаксальнае, што ўся абарона назвы «Белоруссия», якая разгарнулася ў рунэце, не мае ніякай перспектывы. Адзін з карыстальнікаў згадвае: «У свой час Персія
папрасіла зваць яе Іранам, Бераг Слановай Косткі — Кот-д’Івуар, Цэйлон — Шры-Ланкай, Бірма — М’янмай, Паўночная Радэзія — Замбіяй, Бенгалія
— Бангладэш, Верхняя Вольта — Буркіна-Фасо… Менавіта пад новымі назвамі гэтыя краіны вядомыя сёння ва ўсім свеце. З падобнай «просьбай» да сусветнай
супольнасці звярнуліся і беларусы… Такім чынам, БССР (Белоруссия) спачыла, як калісьці Персія, Цэйлон ці Радэзія. Яе ж правапераемнікам стала Рэспубліка Беларусь (Беларусь). Арфаграфія і
моўная традыцыя тут не пры чым».