Саджайце сакуры, а не людзей! Грандыёзнае цвіценне сакуры ў Вільні (Фота)
Як сабраць увесь горад у адным месцы? Адказ геніальна просты — пасадзіць сакуры! Адпраўляемся ў віленскі парк імя Ціунэ Сугіхары, каб зрабіць удых сапраўднай вясны і паглядзець, якімі чарамі можна ператварыць звычайную набярэжную ў самую папулярную вясновую лакацыю рэгіёна.

Від на Віленскі тэлевізійны цэнтр з парку сакур
Прачынаемся прахалодным ранкам і выходзім на шпацыр уздоўж берага Віліі!
Па шляху да сакур нас сустракаюць іх пладаносныя «сёстры» са звыклай нам кліматычнай зоны. У адрозненне ад японскай варыяцыі водар вішняў раздуваецца па ўсёй акрузе, ды так, што адразу наплываюць успаміны з Лошыцкага сядзібнага комплексу.
Паднімаемся на мост Жалезнага воўка, і вось перад намі адкрываецца панарама на засланае белымі пялёсткамі падножжа віленскіх хмарачосаў.
Панарама з моста Жалезнага воўка
Парк імя Ціунэ Сігухары быў адкрыты 2 кастрычніка 2001 года ў гонар сотых угодак з дня народзінаў выбітнага японскага дыпламата. Ціунэ (Чыунэ) Сугіхара ўвайшоў у гісторыю дзякуючы адважнаму ўчынку, які выратаваў тысячы чалавечых жыццяў.
Па асабістай ініцыятыве, у парушэнне ўказанняў МЗС Японіі і афіцыйнай палітыкі дзяржавы, Ціунэ выдаваў транзітныя візы ў Японію асобам габрэйскай нацыянальнасці, якія звярталіся па іх у ковенскую амбасаду. Не звяртаючы ўвагі на тое, што большасць з габрэяў не адпавядалі строгім патрабаванням, устаноўленым урадам Японіі для падачы на дзяржаўную візу, дыпламат у 1939-1940 гадах выдаў да 10 тысяч віз.
Такім чынам, японец выратаваў ад Халакосту тысячы габрэяў, якія жылі ў Літве, Польшчы і Германіі.
Парк імя Ціунэ Сугіхары
У памяць пра подзвіг амбасадара ў Вільні была высаджана алея з 200 японскіх сакур. На мануменце, усталяваным ля ўваходу, напісана, што сакуры з'яўляюцца падарункам урада Японіі Літве, прызначаным для ўмацавання сяброўскіх сувязяў паміж дзвюма краінамі.
Раскінуўшыся на правым беразе Віліі, побач з хмарачосамі і Нацыянальнай мастацкай галерэяй, сад японскай вішні штогод упрыгожвае горад ружовымі кветкамі і становіцца лакацыяй з найбольшай колькасцю наведванняў у Літве. Звычайна дрэвы квітнеюць два тыдні, але ўжо праз некалькі дзён пасля пачатку пялёсткі пачынаюць пакрыху асыпацца на зямлю.
Ружовыя сакуры
Гараджане прыходзяць у парк сакуры з самага світанку: прагуляцца з сабакам, пачытаць кнігу, паснедаць, пасядзець пад галінкамі вішні ці сфатаграфавацца ў цішыні. Пасля поўдня і да самай цемры пад сакурамі няма свабоднага месца, але гэта не перашкаджае людзям атрымліваць асалоду. Так, па вечарах пад кронамі арганізоўваюцца вялізныя пікнікі, адзін з якіх нядаўна зладзілі і беларусы Вільні.
Віленскі парк сакур — зусім просты, але такі небанальны і паказальны прыклад, як пры наяўнасці таленавітых градаўпраўленцаў і ландшафтных дызайнераў можна ператварыць голы ўчастак глебы ў славутасць, якой будуць захапляцца не толькі ўласныя гараджане, але і натоўпы турыстаў з больш развітых дзяржаў. Знаходзячыся ў эміграцыі, усяму гэтаму нам важна павучыцца. Павучыцца, а пасля прывезці ў родны Мядзел, Полацк, Мазыр, Берасце, Мінск.