Па той бок мяжы. Прыкардонная аўтэнтыка Меднікаў і Шумска
Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін адзначаецца 18 красавіка — важнае свята, што заклікае зберагаць уласную спадчыну, а таксама клапатліва ставіцца да скарбніц іншых народаў. Адпраўляемся ў літоўска-беларускае прымежжа, каб убачыць цікавосткі, што ляжаць побач з віленскай магістраллю.
Памятаеце, напачатку месяца мы наведвалі сакавітыя беларускія мясціны па паўночна-заходнім кірунку нашай краіны? Прымаем эстафету з Беларусі і працягваем вандроўку па Ашмяншчыне — вельмі неспадзявана, але прыкардонная тэрыторыя на інфармацыйных указальніках у Медніках пазначана менавіта так!
Хаця мы і трымаем курс да мяжы, вядома, у адрозненне ад Беларусі гэтае падарожжа не расцягнецца на гадзіны.
20 хвілін у шляху, і перад намі адкрываецца бясконцая чарга з фур, а потым і легкавых аўтамабіляў — прычым пачынаецца яна дужа далёка ад першага пункта кантролю мытні «Medininkai» (з беларускага боку «Каменны лог»). Каб не злаваць кіроўцаў, што ўжо пазналі гэтае жыццё і страцілі надзею трапіць у Беларусь, аб’язджаем іх па лясной дарозе і прыбываем да першага пункту нашага маршруту.
Пасяленне Меднікі сфармавалася побач з адным з найбольш старажытных і найбуйнейшых гандлёвых шляхоў у Вялікім княстве Літоўскім. Уздоўж сучаснай трасы Мінск-Вільня, што стала далёкім спадчыннікам былога тракту, захавалася шмат курганоў, гарадзішчаў і слядоў старадаўніх селішчаў, якія сведчаць аб існаванні буйных ды развітых пасяленняў у часы росквіту магутнай дзяржавы.
Лічыцца, што паселішча разам са сваім «сэрцам», Медніцкім замкам, пачало разрастацца ў першай палове XIV стагоддзя, падчас праўлення вялікага князя літоўскага Гедыміна. Першая пісьмовая згадка пра абарончае збудаванне прыходзіцца на канец гэтага стагоддзя.
Медніцкая крэпасць, разам з іншымі падобнымі замкамі, была ўзведзена на лініі абароны Вільня-Меднікі-Крэва-Ліда-Наваградак ад набегаў Тэўтонскага Ордэна. Па сутнасці замкі-кастэлі ў Лідзе, Медніках і Крэве ўяўлялі сабой адносна тыпавы праект, рэалізаваны няправільным чатырохкутнікам з вежай-данжонам.
Тым не менш, Медніцкі замак — найбуйнейшае не толькі сярод ацалелых, але і ўсіх рэалізаваных у Вялікім княстве Літоўскім абарончых збудаванняў. Яго агульная плошча разам з равамі дасягае шасці з паловай гектараў, у той час як памеры лідскай кастэлі маюць паказчыкі прыкладна ў адзін гектар. У параўнанні з суседнім крэўскім «калегам», што размешчаны зусім побач, Медніцкі замак выглядае сапраўдным гігантам.
Экспазіцыя Медніцкага замка
Дзякуючы гранту Еўразвяза, распачатая ў 1993 годзе рэканструкцыя вежы-данжона была паспяхова завершана: цяпер замак мае гарную экспазіцыю, ліфт для маламабільных наведвальнікаў і аглядную пляцоўку з панарамай у бок Беларусі. Адлегласць да нашай краіны — 1,9 кіламетры, а вось калі праехаць ледзь далей, у вёску Пілкапы (Pilkapiai), то запаведны дротавы плот ужо як на далоні, усяго ў 200 метрах.
Від на Беларусь з сяла Пілкапы
Увагу ад медніцкага прыгажуна адцягвае прывабны барвяны касцёл Святога Казіміра. Першы францысканец, айцец Каміль Велеманскі, пасяліўся тут у 1961 годзе пасля вяртання з савецкай ссылкі. З аднаўленнем незалежнасці ў манастыры пры касцёле пасяліліся манахі-францысканцы не толькі з Літвы, але і Беларусі. Святыня выглядае даволі сціпла і дагледжана.
Касцёл Святога Казіміра
Накіроўваемся на супрацьлеглы, паўночны бок трасы — у сяло Шумск (Šumskas), асабліва вядомае вялікай колькасцю перахопленай кантрабанды, што стала афіцыйнай прычынай закрыцця туташняга памежнага перахода ў жніўні мінулага года. Цяпер работа суседняй з Меднікамі мытні спынена.
У цэнтры Шумска знаходзіцца вельмі арыгінальны ансамбль касцёла Святога Міхаіла Арханёла. Светлы каменны фасад зачароўвае сваімі далікатнымі элементамі позняга барока і ранняга класіцызму. Двор апаясвае каменны плот, у які гарманічна ўбудавана званіца з брамай.
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў Шумску
Гісторыя касцёла і кляштара суправаджалася няшчасцямі. У пачатку ХІХ стагоддзя французскае войска знесла з твару зямлі чароўны ансамбль, прычыніўшы невымерную шкоду бібліятэцы манастыра. Крыху пазней улада расійскага цара, якая ажыццяўляла ганенні на каталіцтва, закрыла манастыр, перарабіла касцёл у царкву і прымушала прыхаджан перахрысціцца ў праваслаўе.
Святыня была вернута каталіцкай абшчыне толькі ў гады Першай сусветнай вайны. Да аднаўлення незалежнасці Літвы архітэктурны ансамбль належыў Шумскаму калгасу, праз што ў эклектычнай пабудове былі разбіты ўсе кафляныя печы, разбураны і вырваны драўляныя лесвіцы, прыйшлі ў заняпад канструкцыі і фасад. Цяпер вядзецца рэканструкцыя будынка.
Кроплі дажджу і жорсткія парывы ветру кажуць, што час вяртацца ў Вільню, таму наша сённяшняя вандроўка па прыкардонных з Беларуссю тэрыторыях падыходзіць да завяршэння. Віншуем са святам спецыялістаў, датычных да краязнаўства і гістарычнай памяці, а таксама ўсіх, хто цікавіцца помнікамі архітэктуры, культуры, гісторыі.
Да новых сустрэч!