«Самазабойства», якое пахіснула дыктатуру

Адным з каталізатараў аднаўлення дэмакратыі ў Бразіліі стала смерць ад катаванняў маладой апазіцыянеркі.

271740615_1409266966143281_3428905367908197907_n.jpg


Адной з асаблівасцяў ваеннай дыктатуры ў Бразіліі (1964-1985 гг.) была практыка запісваць дысідэнтаў, якія загінулі падчас катаванняў у турмах, у самазабойцы. Прычым гэтая з'ява мела такі маштаб, што колькасць нібыта «суіцыдаў» ішла на дзясяткі. Усяго за часы дыктатуры было забіта каля 450 чалавек. Апошняй ахвярай у студзені 1976-га была маладая кабета Нейдэ Алвес душ Сантуш, трагічная гісторыя якой стала вядома фактычна толькі сёння.
Нейдэ Алвес душ Сантуш нарадзілася ў Рыа-дэ-Жанейра ў 1944-м, працавала касіркай у супермаркеце ў Сан-Паўлу. У вольны час цікавілася палітыкай, была актывісткай бразільскай кампартыі. Гэтая структура разглядалася лідарамі бразільскай дыктатуры як вораг нумар адзін. І, уласна кажучы, падставы для гэтага былі. Пасля ўсталявання дыктатарскага рэжыму ў 1964-м частка камуністаў сышла ва ўзброенае падполле: яны рабавалі банкі, нападалі на функцыянераў і нават спрабавалі падымаць у правінцыі сапраўдныя паўстанні.
У пачатку 1975 года ў краіне пачалася аперацыя па канчатковым знішчэнні кампартыі «Радар». У гэты час Нейдэ Алвес прыехала з Сан-Паўлу ў Рыа да сваёй сястры, каб паведаміць, што за ёй сочаць. Праз некалькі дзён яна знікла. Нейдэ знайшлася праз пяць дзён з слядамі катаванняў па ўсім целе. Дзяўчына была вельмі эмацыйна ўзрушана, яе нават шпіталізавалі для псіхіятрычнага лячэння. Праз некаторы час яна вярнулася ў Сан-Паўлу, дзе была зноў арыштаваная.
А пасля гэтага стала вядома пра смерць Нейдэ. Паводле версіі паліцыі, дзяўчына скончыла жыццё самагубствам: нібыта 7 студзеня 1976 года ўчыніла самападпал на адной з плошчаў у Сан-Паўлу.
Доўгі час гэтая версія не аспрэчвалася. Па-першае, з прычыны псіхалагічнай траўмы ў Нейдэ ад папярэдняга арышту. Гэта, нібыта, магло падштурхнуць яе да фатальнага кроку. Па-другое, у наяўнасці меліся даведкі з лякарні. Паводле іх, дзяўчына была дастаўлена ў шпіталь з апёкамі, ад якіх пазней і памерла. Таму імя Нейдэ Алвес душ Сантуш не было ні ў адным спісе палітычных ахвяр і зніклых без вестак.
Толькі ў наш час яе лёс зацікавіў працаўнікоў цэнтраў, якія расследуюць злачынствы дыктатуры. Ужо першыя допыты былых агентаў паказалі, што смерць наступіла па віне службоўцаў бразільскай дзяржавы. Гэтую версію пацвердзіла экспертыза цела нябожчыцы. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што дзяўчына была забітая ў катавальні. Затым, каб схаваць злачынства, яе цела спалілі, а даведкі з лякарні былі сфальсіфікаваныя. Пра дачыненне спецслужбаў да справы сведчыць і выразаная нажом на целе дзяўчыны літара «Т». Так сілавікі звычайна пазначалі ў турмах ахвяр катаванняў.
Як бачым, сляды забойства замяталі вельмі паслядоўна. Таму ў бразільскай прэсе можна сустрэць меркаванне, што рашэнне імітаваць самаспаленне было прынята ў вельмі высокіх інстанцыях. Справа ў тым, што на той момант грамадства яшчэ не адышло ад нядаўняга гучнага забойства Уладзіміра Эрзога — бразільскага журналіста, прафесара ўніверсітэта, драматурга і грамадскага дзеяча харвацкага-яўрэйскага паходжання.

Уладзімір Эрзог (Vladimir Herzog)

Уладзімір Эрзог (Vladimir Herzog)

24 кастрычніка 1975 года яго выклікалі для дачы паказанняў пра сувязі з камуністамі. Па прыбыцці журналіст быў затрыманы, збіты і падвергнуты катаванням, падчас якіх памёр. Гэты факт вырашылі схаваць. Калі прытрымлівацца афіцыйнай версіі падзей, цела Уладзіміра Эрзога было знойдзена павешаным у турэмнай камеры, што дазволіла меркаваць пра тое, што мела месца «самагубства праз павешанне».
Аднак грамадская думка не прыняла гэтую версію. Апазіцыя адразу заявіла, што агенты спецслужбаў змясцілі цела забітага імі журналіста ў пятлю. Дэманстратыўным стаў крок рабіна Сан-Паўлу. Даведаўшыся, што на целе Эрзога ёсць сляды катаванняў, рабін вырашыў, што нябожчыка варта пахаваць у цэнтры могілак, а не ў куце (так патрабуе габрэйская традыцыя ў выпадках самагубства).
Гісторыя Эрзога выклікала гучныя пратэсты. Настолькі маштабныя, што прэзідэнт генерал Эрнэста Гейзель назваў злачынцамі сілавікоў, якія забілі журналіста. Відавочна, што шакавальная інфармацыя аб забойстве Нейдэ Алвес душ Сантуш справакавала б новую мабілізацыю грамадзянскай супольнасці. Таму ўлады вырашылі старанна замаскіраваць яе смерць.
Акрамя таго, у той час назіраўся сур'ёзны ўнутраны крызіс ваеннага рэжыму. Заступаючы на ​​сваю пасаду ў 1974 годзе новы прэзідэнт абяцаў палітычную адкрытасць і адмову ад катаванняў. Тым часам правая фракцыя генералітэту працягвала рэпрэсіі. Таму, каб не было эксцэсаў кшталту забойства Нейдэ Алвес, прэзідэнт прыняў рашэнне пачаць чыстку ад самых адыёзных аматараў гвалту ў дзяржаўным апараце.
Усё гэта з часам стварыла ўмовы для пачатку асцярожнай лібералізацыі, якая скончылася рэстаўрацыяй дэмакратыі ў Бразіліі.
Што тычыцца Нэйдэ Алвес душ Сантуш, то з 2020-га яе імя знаходзіцца ў спісе ахвяраў гвалту вайсковага рэжыму. А нядаўна аднаго былога ваеннага чыноўніка і двух экс-судмедэкспертаў асудзілі за датычнасць да смерці апазіцыянеркі.