Стывен Гаўж: нас падтрымалі толькі Гары Потэр і Брыджыт Джонс

Споўнілася сто дзён дзейнасці ў Вялікабрытаніі кааліцыйнага кабінету кансерватараў і ліберал-дэмакратаў. Пра першыя вынікі працы ўраду, незвычайную гісторыю вяртання лібералаў да ўлады і іншыя аспекты брытанскай палітыкі журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе са Стывенам Гаўжам, адным з кіраўнікоў Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

— Апошні раз лібералы ўваходзілі ў складу кабінету ў далёкім 1945 годзе. Як увогуле атрымалася захаваць партыю, застацца на палітычнай сцэне?



53a1320cb5d2f56130ad5222f93da374.jpg

Споўнілася сто дзён дзейнасці ў Вялікабрытаніі кааліцыйнага кабінету кансерватараў і ліберал-дэмакратаў. Пра першыя вынікі працы ўраду, незвычайную гісторыю вяртання лібералаў да ўлады і іншыя аспекты брытанскай палітыкі журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе са Стывенам Гаўжам, адным з кіраўнікоў Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
— Апошні раз лібералы ўваходзілі ў складу кабінету ў далёкім 1945 годзе. Як увогуле атрымалася захаваць партыю, застацца на палітычнай сцэне?
— Сапраўды, некалькі разоў пасля вайны нашай партыі прагназавалі хуткую палітычную смерць. Напрыклад, у 1960-я гады, калі ў парламенце было толькі шэсць дэпутатаў ад лібералаў. Або напрыканцы 1980-х, калі па выніках выбараў у Еўрапарламент нас абышлі Зялёныя. Тым не менш, мы не вымерлі і сёння, як бачыце, нават вярнуліся ва Уайтхол. Ліберальную партыю ва ўмовах засілля лейбарыстаў і кансерватараў выратавала камунальная палітыка. У 1960-я гады мы сфакусавалі нашу дзейнасць на вырашэнні лакальных праблем, кшталту пытання вывазу смецця, недасканаласці мясцовай інфраструктуры, дрэннай экалагічнай сітуацыі. Буйныя партыі на той час фактычна не цікавіліся такімі дробязямі. У выніку мы здолелі шмат дзе ўвайсці ў мясцовую адміністрацыю, што стала плацдармам для хуткіх паспяховых парламенцкіх кампаній.
— Нават не чытаючы выбарчы маніфест лібералаў, усе ведаюць, што ваша галоўная задача — рэформа брытанскай электаральнай сістэмы. Чаму вам не падабаецца існуючая ў краіне мажарытарная сістэма?
— Такая рэформа, на нашу думку, спрыяла б развіццю дэмакратыі. Без яе немагчыма паставіць на службу людзям палітычную сістэму, якая на сённяшні дзень згубіла празрыстасць, стала коснай і карумпаванай. Не выпадкова шмат сімпатый да нашага праекту электаральнай рэформы выклікаў буйны карупцыйный скандал з удзелам спікера парламента, які меў месца напярэдадні выбараў. Цяперашняя сістэма несправядлівая. Так, па статыстыцы, за нас галасуюць каля 20 працэнтаў выбаршчыкаў, а ў парламенце мы маем добра калі дзесятую частку мандатаў. У выпадку рэформы брытанскі парламент выглядаў бы прыкладна так: па 30–40 працэнтаў мелі б лейбарысты і торы, а 25 — лібералы. Мы вельмі цешымся з таго факту, што кансерватары пагадзілі з нашым патрабаваннем наступнай вясной правесці рэферэндум наконт паправак у выбарчы кодэкс.
— Калі размова зайшла пра электаральную рэформу, цікава згадаць, што торы — вашы цяперашнія партнёры ва ўрадзе — у час выбарчай кампаніі ўпарта былі супраць любых пераменаў у гэтай галіне. Між тым, лейбарысты як мінімум пагаджаліся разглядзець вашы прапановы. Аднак калі пасля выбараў узнікла пытанне, да каго ісці ў кааліцыю, вы вырашылі “сябраваць з кансерватарамі.
— Гэта было няпроста. Не толькі з прычыны пытання рэформы выбараў. Як ўжо казаў, нашым каньком доўгі час была муніцыпальная палітыка. Законы Тэтчэр супраць мясцовага самакіравання ў 1980-я гады стварылі ў партыі моцную фракцыю заўзятых праціўнікаў торы. Тым не менш, мы абралі Дэвіда Кэмерана. Тут шэраг прычын. Першая — той факт, што лейбарысты шмат каму надакучылі, а лібералы ў вачах выбаршчыкаў былі партыяй пераменаў. Асобны фактар — фігура Гордана Браўна, з якім персанальна вельмі цяжка дамаўляцца. У той жа час Нік Клег і Дэвід Кэмеран па шматлікіх параметрах вельмі блізкія. Яны аднаго ўзросту, у іх аднолькавае сацыяльная паходжанне, падобныя кар’ерныя шляхі, яны нават абодва вучыліся ў Кембрыджы. Таму саюз з кансерватарамі выглядаў больш лагічна. Гэта праілюстравалі рашэнні партыйнай канферэнцыі, якая адбылася напярэдадні падпісання кааліцыйнай дамовы. 90 працэнтаў дэлегатаў ухвалілі фармат кааліцыі — торы плюс ліберал-дэмакраты.
— Як вядома, сёння лейбарысты абіраюць новае партыйнае кіраўніцтва. Каго б хацелі бачыць лібералы на пасадзе старшыні?
— Гэта цікавае пытанне. Нам бліжэй асоба Эда Мілібанда, былога міністра замежных спраў. Ён — сучасны палітык, прадстаўнік школы Тоні Блэра, які разумее, што левы рух павінен рабіць стаўку на моладзь і сярэдні клас прагрэсіўных поглядаў. У выпадку яго перамогі, нам было б вельмі лёгка знайсці з лейбарыстамі агульную мову і, што важна, пашырыць поле для манеўру. Варта таксама нагадаць, што гістарычна наша партыя з’яўляецца альянсам паміж старой партыяй лібералаў і сацыял-дэмакратамі — групоўкай, якая сышла ад лейбарыстаў на пачатку 1980-х. З іншага боку, як сведчаць сацыялагічныя апытанні, цяперашні рост папулярнасці лібералаў адбываецца менавіта за кошт былога электарату лейбарыстаў. Калі лейбарысты атрымаюць свайго Ніка Клега, леваму выбаршчыку будзе больш цяжка ідэнтыфікаваць нас як альтэрнатыву.
— Прайшло сто дзён дзейнасці кааліцыйнага ураду. Вы задаволеныя вынікамі яго працы?
— Хутчэй так, чым не. Акрамя праекту рэформы выбарчай сістэмы, пра які ўжо ішла размова, урад прыпыніў рэалізацыю закона аб увядзенні ідэнтыфікацыйных картак для грамадзян. На наш погляд, практыка праверкі дакументаў — гэта праява паліцэйскай дзяржавы. Мы пачалі рэформу сацыяльных службаў. Скарочаны раздутыя бюджэты міністэрстваў. Нік Клег давёў, што вайна супраць Іраку не мае легітымнай базы. Увогуле, для нас, ліберал-дэмакратаў, вельмі важна, што кансерватыўныя партнёры паступова ўспрымаюць нашы погляды. Сам кабінет мае, безумоўна, больш ліберальны, чым кансерватыўны профіль.
— Брытанская дэмакратыя — самая старая ў свеце, і, як следства, грамадства, у тым ліку багема, вельмі палітызаваныя. Усе ведаюць, што Майкл Кейн або Крыс Ры, напрыклад, агітуюць за кансерватараў. Ці падтрымліваюць лібералаў якія-небудзь славутыя брытанскія артысты і публічныя асобы?
— У час кампаніі нас публічна падтрымалі толькі Гары Потэр і Брыджыт Джонс (смяецца). (Маюцца на ўвазе акцёр Дэвід Дэніэл Рэдкліфа, які іграе Гары Потэра, і пісьменніца Хелен Філдзінг, якая прыдумала персанаж Брыджыт Джонс).
— Ці лічыце вы, што зараз Вялікабрытанія перажывае важны этап. Ці зоймуць імёны Дэвіда Кэмерана і Ніка Клега вялікае месца ў падручніках гісторыі?
— Магчыма. Калі мы здолеем рэфармаваць публічны сектар, пазбавіўшы яго нейкіх рудыментаў мінулага. Зрабіць службы больш дынамічным, інавацыйным, крэатыўным. Прымусіць іх адміністратараў адмовіцца ад пачуцця таго, што ўрад — гэта вечны патрон і спонсар. У такім выпадку кабінет Кэмерана — Клега сапраўды можна будзе параўнаць з самымі славутымі ўрадамі мінулага.