Сусветныя цікавосткі: Поспех краіны залежыць ад назвы, акулы не вінаватыя і нашто прэзідэнт вучыў савецкі гімн?

Прапануем вам традыцыйны агляд кур'ёзных навін з усяго свету.

Фота rus.azattyq.org

Фота rus.azattyq.org

Перайменаваць Кыргызстан
З такой ініцыятывай выступіў былы прэм'ер-міністр краіны Фелікс Кулаў. Ён прапануе перайменаваць Кыргызстан у Рэспубліку Кыргыз. Аргументуе сваю ідэю Кулаў у тым ліку інцыдэнтам на нядаўнім конкурсе прыгажосці «Міс Сусвет», які праходзіў у ЗША. Вядучы шоу двойчы пераблытаў назву краіны, прадстаўляючы ўдзельніцу як прадстаўніцу Казахстана. Зрэшты, куды цікавейшы іншы аргумент Кулава. Ён лічыць, што праблемы і няўдачы Кыргызстана звязаны з кепскай назвай дзяржавы. «Як назавеш карабель, так ён і паплыве. Справа заключаецца ў тым, што імя таксама ўплывае на падзеі. Ніхто ж не дае дрэнных імёнаў сваім дзецям. Гэта значыць, тут прысутнічае нейкая таемная і невядомая гармонія паміж імем і падзеямі», — разважае былы чыноўнік.
Мяркуючы па каментарах на форумах, ініцыятыва народу спадабалася. Таксама трэба адзначыць рэакцыю каментатараў з Казахстана. Па іх меркаванні, той факт, што Кыргызстан блытаюць з Казахстанам — не выпадковы. Кыргызы падобныя да казахаў, і лепшым варыянтам для Кыргызстана будзе інтэграцыя ў склад суседняга Казахстана.
Па матэрыялах кыргызскай прэсы

Краіна, у якой не кураць



cherchil.jpg


Сімваламі Вялікабрытаніі сярод іншага з'яўляюцца цыгара Чэрчыля і люлька Шэрлака Холмса. Цяжка сказаць, як да іх будуць ставіцца брытанцы ў кантэксце апошніх навін. Вялікабрытанія плануе жорстка змагацца з нікацінавай залежнасцю. У тым ліку капіяваць досвед Новай Зеландыі, дзе зараз штогод будуць павялічваць на год узрост, з якога можна набываць цыгарэты моладзі. Калі верыць лейбарыстам, у выпадку ўвядзення падобнага закона ўжо да 2030-га года брытанцы стануць нацыяй, якая ўвогуле не курыць. 
Зрэшты, ёсць шмат пытанняў наконт таго, ці будзе праект паспяховым. Албанская і іншыя мафіі даўно наладзілі кантрабанду танных цыгарэт на Альбіён. У выпадку табу на цыгарэты кантрабандныя пастаўкі хутчэй за ўсё толькі вырастуць. Ёсць і іншы цікавы нюанс. Як вядома, брытанцы любяць агароды і маленькія садкі, якія звычайна знаходзяцца на заднім двары іх дамоў. Ёсць меркаванне, што ў выпадку забароны цыгарэт большая частка курцоў пачне вырошчваць тытунь, што, дарэчы, закон не забараняе. Гэтыя аспекты трошкі тармозяць энтузіязм аматараў забараніць тытунь. Аднак, у прынцыпе, падаецца, што крыміналізацыя курэння ў Англіі — справа ўжо вырашаная. Паводле апытанняў, 52% брытанцаў выступаюць за тое, каб забараніць продаж цыгарэт ужо зараз, без усякіх пераходных этапаў.
Па матэрыялах брытанскай прэсы

Дарагія акулы, прабачце!

zz17_1_1024x568.jpg

Стывен Спілберг на здымках «Сківіц»

Знакаміты амерыканскі рэжысёр Стывен Спілберг папрасіў прабачэння ў акул. Гэта звязана з тым, што яго фільм «Сківіцы» (1975) выклікаў па ўсім свеце хвалю нянавісці да згаданых прадстаўнікоў фаўны. Нагадаем, героі стужкі фарміруюць незвычайную каманду, што спрабуе знайсці і забіць небяспечную акулу, якая забіла мноства мірных жыхароў у прыбярэжным мястэчку Новай Англіі. Фільм імгненна стаў класікай і атрымаў тры прэміі «Оскар». Хаця і Спілберг, і аўтар кнігі, па якой быў зняты фільм, заўсёды казалі, што змест твора — выдумка, людзі моцна перапалохаліся. Многія пляжы ў 1975-м былі пустыя. Акрамя таго людзі сталі больш агрэсіўна ставіцца да акул, аб чым сёння шкадуе Спілберг. На днях у інтэрв'ю на BBC «Radio 4» рэжысёр прызнаў, што натхніў «вар'яцкіх рыбакоў-спартсменаў», якія кінуліся паляваць на акул пасля выхаду на экраны яго фільма. Трэба сказаць, што «Сківіцы» — гэта толькі частка айсберга. Адна са спецыялістак па гісторыі кіно падлічыла, што з 1915 года ў Галівудзе было знята 109 фільмаў пра акул. І толькі ў адным з іх акулы не з'яўляюцца агрэсіўным персанажам. Таксама варта ўспомніць, што «Сківіцы» сталі першым поспехам Спілберга. Без гэтага фільма ён наўрад ці знайшоў бы рэсурсы для наступных сваіх вядомых фільмаў, якія з'яўляюцца часткай сусветнай культурнай спадчыны.
Па матэрыялах амерыканскай прэсы

Нашто прэзідэнт вучыў савецкі гімн?

Камічны выпадак адбыўся падчас святкавання 100-годдзя далучэння Клайпеды да Літвы. Нагадаем, што ў студзені 1923-га года літоўскія патрыёты ўзнялі мяцеж у Клайпедзе, дзе пасля Першай сусветнай па рашэнні Антанты стаяў французскі гарнізон. Французы асабліва не супраціўляліся і праз нейкі час далі дабро на ўваход Клайпеды ў склад Літвы. Хаця ў 1938-м горад прыйшлося аддаць Гітлеру, стагоддзе далучэння Клайпеды святкуецца ў сённяшняй Літве вельмі маштабна. Прыехаў у горад на Балтыцы і літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа, каб уляпацца ў скандал. Выступаючы на мерапрыемстве, ён пажадаў Літве «жыць у стагоддзях і быць шчаслівай». Здавалася б, што не так? А ўся справа ў тым, што гэтыя словы гучаць у прыпеве гімна Літоўскай ССР. Поўны прыпеў гучыць так: «У слаўным Савецкім Саюзе, сярод роўных роўная і свабодная, жыві ў вяках і будзь шчаслівай, Дарагая Савецкая Літва!».
Цытаванне савецкага гімна выклікала абурэнне з боку правай апазіцыі. Яны ўпэўнены, што ў маладосці Наўседа заўзята вучыў гімн Літоўскай ССР і, калі б не перабудова, то дзеля кар'еры абавязкова ўступіў бы ў КПСС. Каб рэабілітаваць начальніка, адзін з прэзідэнцкіх дарадцаў заявіў, што пажаданне «жыць у стагоддзях і быць шчаслівай» дастаткова ўніверсальнае і не павінна «прысутнічаць толькі ў савецкіх гімнах». Зрэшты, крытыкі Наўседы ўсё роўна не супакойваюцца.
Па матэрыялах літоўскай прэсы