Сусветныя цікавосткі: Ці стане кот прэм’ерам Брытаніі, чучхе супраць пальмаў і самая паспяховая ДРГ у гісторыі

Прапануем вам традыцыйны агляд кур'ёзных навін з усяго свету.

mycollages__20__1.jpg

Як фатаграфаваць па-чучхейску

Паводле паўднёва-карэйскай прэсы, у Паўночнай Карэі прыняты новы Закон аб выкараненні «рэакцыйнай думкі і культуры». Прычым адразу пасля прыняцця праваахоўныя органы краіны пачалі актыўна штрафаваць людзей за яго парушэнне. Рабіць гэта не цяжка, паколькі паняцце «рэакцыйная культура» вельмі размыта. Так, прыкметы гэтага злачынства мае некаторая прадукцыя прыватных фотастудый, якія перш за ўсё і трапілі пад хапун. Аказваецца, некаторыя студыі фатаграфуюць маладых на нейкіх экзатычных фонах або выкарыстоўваюць для антуражу не карэйскія прадметы. Гэта, на думку ўладаў, садзейнічае нездаровай цікавасці моладзі да замежжа. У якасці доказу мясцовае тэлебачанне расказвае пра аднаго ўмельца, які фатаграфаваў маладых у студыі разам з, страшна сказаць, пальмай у кадушцы. Іншы фатограф пайшоў яшчэ далей: выкарыстаў у якасці фонавага малюнка пляж. Цяпер ім давядзецца заплаціць штраф. Зрэшты, штрафамі кампанія супраць «рэакцыйнай культуры» не абмяжоўваецца. У мэтах павышэння дасведчанасці работнікаў фотастудый улады распаўсюджваюць навучальныя матэрыялы аб тым, як трэба фатаграфаваць згодна з вялікім вучэннем Чучхе.

У татараў і башкіраў будуць свае войскі?

Расійскія нацыянальныя аўтаноміі ахапіла мода на стварэнне добраахвотніцкіх батальёнаў для ўдзелу ў вайне ва Украіне. Так, у Татарстане стварылі цэлых два такіх батальёна — «Алга» («Наперад») і «Цімер» («Жалеза»). Не адстаюць і ў Башкартастане, дзе на фоне камплектацыі батальёна імя генерала Шаймуратава «ветэраны ПДВ» прапанавалі зрабіць яшчэ і батальён імя маёра Даставалава. Усе гэтыя ініцыятывы пазітыўна каментуюцца ў крамлёўскай прэсе. Між тым, частка расейскіх імпэрцаў у жаху, яны баяцца паўтарэння гісторыі нацыянальных фармаванняў часоў Першай сусветнай. Тады ўрады многіх краін, што ўдзельнічалі ў вайне, далі зялёнае святло на паўстанне нацыянальных фармаванняў. Аднак у 1918-м гэтыя войскі сталі актыўнымі ўдзельнікамі разбурэння імперый, якія іх сваімі рукамі стваралі. Тут для прыкладу можна прыгадаць польскі легіён Пілсудскага, што стваралі аўстра-венгры. Пазней Легіён стане базай войска незалежнай Польшчы, якая ўзнікне ў тым ліку на рэштках Аўстра-Венгрыі. Ці не паўторыцца тая гісторыя зноў? Сказаць цяжка, але нельга выключаць, што ваенныя падраздзяленні, якія зараз ствараюцца пад эгідай таго ж Татарстана і Башкарстана, у выпадку змены сітуацыі могуць стаць асновай іх будучых нацыянальных войскаў.

Наступным прэм'ерам Вялікабрытаніі мог бы стаць кот

Так, напэўна, і здарылася, калі б брытанцы мелі права выбіраць сабе лідара ў інтэрнэце. Там набірае папулярнасць ідэя вылучыць у прэм'еры ката Лары. Ён пражывае на Даўнінг-стрыт, 10 з лютага 2011 года і з'яўляецца першым катом, які атрымаў тытул галоўнага мышалова ў кабінеце міністраў. Згодна з афіцыйным урадавым сайтам, у яго штодзённыя абавязкі перш за ўсё ўваходзіць «абдумванне вырашэння праблемы захопу дома мышамі». І, на думку простых брытанцаў, робіць жывёла сваю справу куды лепш за тых трох прэм'ер-міністраў, якія жылі на Даўнінг-Стрыт 10 у апошнія дзесяць гадоў. Для многіх гэта салідная прычына, каб разглядаць Лары ў якасці кандыдата на пасаду кіраўніка ўрада. Жарты жартамі, але Лары ўжо стаў суб'ектам брытанскай палітыкі. Хтосьці стварыў у Twitter акаўнт на імя ката, і ў яго шмат падпісчыкаў. Вялікі рэзананс выклікаў пост, які з'явіўся ў разгар нядаўняй кампаніі за адстаўку Борыса Джонсана. Кот «напісаў»: «Калі Борыс Джонсан не сыдзе ў адстаўку да 10 гадзіны раніцы, я буду змушаны нагадзіць яму ў пантофлі». Борыс падаў у адстаўку, што зрабіла ката нацыянальным героем. Застаецца дадаць, што Лары патрапіў на Даўнінг-Стрыт 10 са звычайнага прытулку для жывёл.

Самае паспяховае ДРГ у гісторыі

У сувязі з вайной ва Украіне зараз шмат размоваў пра дзейнасць Дыверсійна Разведвальных Груп (ДРГ) — падраздзяленне спецыяльнага прызначэння, якое выкарыстоўваецца для разведкі і дыверсій у тыле праціўніка. Адно з украінскіх выданняў прыгадала незвычайную гісторыю пра самы ўдалы рэйд ДРГ у гісторыі. Ён адбыўся восенню 1914-га, калі група нямецкіх камандас таемна перайшла лінію фронту і рушыла ў тыл французам. Ёй удалося прасунуцца ажно на 300 кіламетраў. Усё таму, што звычайныя французы прымалі немцаў за брытанцаў, якія былі саюзнікамі Францыі ў Першай сусветнай. Больш за тое, байцоў нямецкай ДРГ кармілі і нават дапамагалі з рамонтам машыны, на якой яны перасоўваліся. Незразумела, наколькі далёка маглі заехаць немцы, калі б не нейкая бабулька Актавія, якая заспела франка-прускую вайну 1871-га года. Пачуўшы нямецкую мову, яна забіла трывогу. Аднак мясцовае кіраўніцтва вырашыла, што ў бабулі маразм на глебе даўгалецця. Прыйшлося патрыётцы ісці ў акруговую жандармерыю. Але і тамака ёй не паверылі. Хіба вырашылі паслаць людзей, каб даведацца пра сітуацыю. Толькі пасля таго, як немцы адкрылі па тых жандарах агонь, усім стала зразумела, што гэта не брытанцы. У выніку немцаў затрымалі. Але паколькі яны ўсю дарогу былі апрануты ў германскую ваенную форму, то давялося ў выніку прызнаць іх ваеннапалоннымі.