Сусветныя цікавосткі: Як гандляр рыбай перамог сістэму, рускія «хунвейбіны» чакаюць загад

Танцы і спевы гандляра рыбай з горада Рашт спачатку сталі віруснымі, а потым выклікалі незадавальненне ўладаў. Крытыка ўдзельнікаў амаль голага паці ў расійскім клубе «Мутабор» можа азначаць пачатку больш радыкальных рухаў, прыкладам якіх стануць кітайскія хунвейбіны. Улады Саудаўскай Аравіі забаранілі футбольны матч Суперкубак Турцыі праз Атацюрка. 

Як маленькі чалавек перамог сістэму


983ad8de55a65fb8060303344d18a3669a17b18a_1200x745.webp

У той час як іранскія СМІ заўзята асвятляюць вайну ў Палесціне, 70-гадовы гандляр рыбай падняў такую хвалю антырэжымных насмешак і здзекаў, што ўлады былі вымушаны капітуляваць. Усё пачалося ў сярэдзіне снежня, калі нехта Садэк Багеры пачаў спяваць і танчыць на рынку морапрадуктаў у іранскім горадзе Рашт. Вядомы таксама як «Садэк-трубач» з-за іншай сваёй страсці — дудзець у горн у падтрымку мясцовай футбольнай каманды, — ён дзень за днём прыцягваў сваімі танцамі натоўпы людзей. Гледачы далучаліся да яго ў імправізаваных канцэртах. Неўзабаве слава Багеры дасягнула кіберпрасторы, калі ён і яго прыхільнікі выклалі відэа вулічных танцаў у Instagram. Іранскія ўлады адрэагавалі на гэта цэнзурай старонкі Багеры са 128 000 падпісчыкаў. Па некаторых даных, паліцыя нават ненадоўга арыштавала Багеры за «культурна нетрадыцыйны кантэнт». Усё гэта аднак выклікала велізарную хвалю салідарнасці з гандляром рыбы ў сацыяльных сетках. У выніку здарылася неверагоднае. Выданне Nour News, рупар Вышэйшай рады нацыянальнай бяспекі, падтрымала Садэка-трубача. Выданне зрабіла наступную выснову: «Некаторыя інстытуты ўлады дэманструюць дрэнны густ і няспеласць пры зносінах з народнымі праявамі шчасця. Антыіранскія СМІ заўсёды карысталіся такімі абставінамі». Пасля гэтай публікацыі Садэка пакінулі ў спакоі. Вось так маленькі чалавечак перамог сістэму. Зрэшты, відавочна, што гэта здарылася за кошт супярэчнасцяў у самой сістэме, дзе адна з фракцый скарысталася пралікам канкуруючага з ёй блока.

Па матэрыялах іранскіх медыя

Рускія хунвейбіны чакаюць загад?


mycollages__2__3.jpg

У Расіі працягваецца скандал наконт т.зв. «амаль голай вечарынкі» ў клубе «Мутабор». Яго маштаб дазваляе высоўваць самыя арыгінальныя тэорыі. Напрыклад, некаторыя лічаць, што замоўцы скандалу знаходзяцца ў Крамлі, дзе шукаюць механізмы для мабілізацыі электарату вакол Пуціна напярэдадні сакавіцкіх выбараў прэзідэнта. Нянавісць людзей да багатага бамонду відавочная, і магчыма яе вырашана эксплуатаваць. Калі гэта так, то ў аўтараў плана могуць быць пабочныя праблемы. Справа ў тым, што правыя радыкалы і нацыяналісты, скарыстаўшыся сітуацыяй, прапануюць не абмяжоўвацца крытыкай удзельнікаў паці ў «Мутаборы», а запусціць нізавы рух «супраць распусты і ЛГБТ». Прыкладам такога руху, па іх словах, могуць быць кітайскія хунвейбіны — маладыя фанаты Мао, якія ў рамках культурнай рэвалюцыі тэрарызавалі чыноўнікаў і партактыў. Пры гэтым мішэнню хунвейбінаў таксама станавіліся прадметы і праявы заходняй культуры, якім супрацьпастаўлялася народная культура кітайцаў. Нешта падобнае прапануюць і рускія правыя. «Прэзідэнт транслюе вельмі шмат правільных сэнсаў, дае правільныя даручэнні, але, як ён сказаў на Прамой лініі: не заўсёды і не ўсімі яны выконваюцца. Дык вось, у народзе шмат жадаючых на месцах дапамагчы рэалізацыі яго даручэнняў». На першым этапе «хунвейбіны» гатовыя абмежавацца тым, што будуць кашмарыць ЛГБТ і дзеячаў культуры. Аднак у перспектыве яны не ўтойваюць, што хацелі б атрымаць ад уладаў санкцыю на барацьбу з мігрантамі. Няма сумневаў, што рэалізацыя такога праекта будзе рымейкам руху чарнасоценцаў у царскай Расіі. З іншага боку, хіба не Расійская імперыя з'яўляецца ідэалам для пуцінскай адміністрацыі?

Па матэрыялах расійскай прэсы

Футбольная вайна


owl_detail_620_67f02193ee6a8a84d41f5d631d9678f3.jpg

Як вядома, зараз краіны Персідскага заліва актыўна развіваюць футбол, праводзячы ў тым ліку прэстыжныя турніры. Таму нікога асабліва не здзівіла ідэя правесці ў Саудаўскай Аравіі напярэдадні Новага года фінал суперкубка Турцыі. У матчы павінны былі пазмагацца прынцыповыя сапернікі — стамбульскія клубы «Фенербахчэ» і «Галатасарай». У апошні момант высветлілася, што Турэцкі футбольны саюз (TFF) вырашыў прысвяціць матч стагоддзю Турэцкай Рэспублікі. «Фенербахчэ» планаваў выйсці на поле з плакатамі, на якіх былі б словы Атацюрка «Свет у краіне, мір у свеце», а «Галатасарай» — з плакатамі «Шчаслівы той, хто называе сябе туркам». Перад матчам павінны былі прагучаць гімн Турцыі. Аднак Саудаўская Аравія забараніла тыя дэфіле, разглядаючы гэтая дзеянні як палітычныя. У адказ каманды заявілі, што «Атацюрк — наша чырвоная лінія», вырашылі не выходзіць на поле і вярнуцца назад. Крызіс з Суперкубкам выклікаў вялікі рэзананс у Турцыі. Пазіцыя футбалістаў наконт Атацюрка выклікала захапленне многіх турак. Іншыя каманды таксама выказалі падтрымку гэтым двум клубам. Да кампаніі падключыліся і мясцовыя палітыкі. Заявамі справа не абмежавалася. У Стамбуле прынята рашэнне аб перайменаванні вуліцы, дзе размешчана консульства Саудаўскай Аравіі, на вуліцу ў гонар Фахрэддзіна-Пашы. Фахрэдзін-паша — камендант Медыны (1916-1919), які ўвайшоў у гісторыю як галоўны праціўнік паўстання арабаў у часы Першай сусветнай. У сваю чаргу арабы нагадалі туркам, што цяпер яны парушаюць тэрытарыяльную цэласнасць арабскіх краін — Ірака і Сірыі. Не гаворачы аб тым, што ў шарыяцкай краіне нельга дэманстраваць палітычную сімволіку. Адным словам, жарсці кіпяць, і пакуль цяжка прагназаваць — чым скончыцца гэта незвычайная футбольная вайна.

Па матэрыялах турэцкай прэсы

Хто атрымаў «залатую макарошку»?


11_12_2023_05.jpg

Аказваецца, ажно з 2019 года ў Расіі ёсць свой аналаг антыпрэміі пад назвай «Залатыя макарошкі». Заснавальнікам яе з'яўляецца, як ні дзіўна, расійская грамадская моладзевая арганізацыя «Ленінскі камсамол». Камсамольцы выдаюць прыз за самае сумнеўнае выказванне года. 27 снежня завяршылася галасаванне антыпрэміі «Залатыя макарошкі-2023». Па выніках, «ганаровы» статус пераможцы антыпрэміі атрымаў дэпутат Дзяржаўнай Думы (фракцыя «Адзіная Расія») Андрэй Гурулёў. Ён праславіўся сёлета тым, што заклікаў да генацыду грамадзян, якія не падтрымліваюць прэзідэнта. Варта адзначыць, што гэта не адзіная гучная заява дэпутата. У праграме «Прамы эфір» Андрэй Гурулёў заклікаў расейцаў нараджаць «на загад» прэзідэнта. Пазіцыю адзінароса па заслугах ацанілі больш за 40% удзельнікаў галасавання. Другое месца ў галасаванні, з двухразовым адрывам, заняла сенатар Савета Федэрацыі Маргарыта Паўлава, перакананая ў тым, што дзяўчатам не патрэбная вышэйшая адукацыя, бо яна перашкаджае павышаць дэмаграфію. Трэцяе месца дасталася кіраўніку Першага канала Канстанціну Эрнсту, які даў катэгарычную негатыўную адзнаку кінапрадукцыі сучаснага захаду і савецкага часу, забыўшыся, праўда, пра якасць кантэнту свайго канала. За яго прагаласавала больш за 12% рэспандэнтаў. Цікава, што камсамольцы не толькі вызначаюць пераможцу і прызёраў, але таксама спрабуюць уручыць яму прэмію ў выглядзе сталёвага кубка з макаронамі. Зрэшты, лаўрэаты звычайна тут жа прыз хаваюць. Застаецца дадаць, што, на жаль, ідэю падобнай антыпрэміі наўрад можна імпартаваць у РБ. Відавочна, што ўсе тры прызавыя месцы атрымае адзін і той жа чалавек.

Па матэрыялах расійскай прэсы