Сусветныя цікавосткі: Птушак Амерыкі перайменуюць, як Беларусь ледзь не стала «штатам», цяжкія часы для аматараў віна

Венесуэла хоча правесці рэферэндум у Гаяне наконт прыналежнасці Эсекіба. Гаяна супраць і ўжо звярнулася ў ААН. Сорак гадоў таму Юрый Андропаў збіраўся кардынальна перафарматаваць тэрыторыю СССР, і толькі смерць генсека перашкодзіла гэтым планам. У ЗША хочуць перайменаваць птушак, названых у гонар «"не тых" людзей». А аматараў віна чакаюць цяжкія часы. 

Венесуэла рыхтуецца да вайны з Гаянай?


e_p9wrhi0is.jpg

Улады Гаяны звярнуліся ў Міжнародны суд ААН з заклікам прыпыніць падрыхтоўку рэферэндуму ў Венесуэле. Яго ініцыятары збіраюцца спытаць у тутэйшых пра прыналежнасць Эсекіба — спрэчнай тэрыторыі на захадзе суседняй рэспублікі Гаяна. Калісьці згаданая тэрыторыя ўваходзіла ў склад так званай Вялікай Калумбіі (іспанская калонія ў Паўднёвай Амерыцы). У пачатку XIX стагоддзя на базе Вялікай Калумбіі ўзніклі незалежныя дзяржавы, уключаючы Венесуэлу. Брытанцы скарысталіся ўнутранай нестабільнасцю новых незалежных дзяржаў і ў 1831 годзе занялі перыферыйныя землі былой Вялікай Калумбіі. Спачатку яны былі пад кантролем брытанцаў, а пазней увайшлі ў склад Гаяны. Каракас, між тым, лічыць, што Эсекіба – гэта дасюль частка Венесуэлы, і час ад часу дэманструе намер вярнуць гэтыя землі сабе. Анансаваны рэферэндум наконт прыналежнасці Эсекіба, відавочна, з той жа оперы. Так ці інакш, кіраўніцтва Гаяны ўстрывожанае і нават гаворыць аб наяўнасці ў венесуэльцаў планаў па ўзброеным захопе Эсекіба. У Венесуэле ўжо адрэагавалі на гэта, назваўшы каментары лідараў Гаяны «праявай гневу». Хутчэй за ўсё абменам думкамі ўсё і абмяжуецца. Зрэшты, той факт, што гэты, здавалася б, даўно закансерваваны канфлікт зноў стаў актуальным ды яшчэ на фоне нядаўняга далучэння Карабаха да Азербайджана, выклікае трывогу.

Па матэрыялах венесуэльскай прэсы

Як Беларусь ледзь не стала «штатам»


Юрый Андропаў, архіў РІА "Новості"

Юрый Андропаў, архіў РІА "Новості"

Сорак гадоў таму, улетку 1983 года, генеральны сакратар ЦК КПСС Юрый Андропаў задумаў правесці радыкальную рэформу нацыянальна-тэрытарыяльнага дзялення СССР. Яна прадугледжвала адмову ад дзялення краіны на саюзныя рэспублікі, на змену якім павінны былі прыйсці рэгіёны без прывязкі да тытульнай нацыі — «як штаты ў ЗША». Пра гэта распавядаў Аркадзь Вольскі — памочнік генсека па эканоміцы. «Неяк генсек мяне выклікаў: "Давайце канчаць з нацыянальным дзяленнем краіны. Зрабіце праект аб арганізацыі ў Савецкім Саюзе штатаў на аснове колькасці насельніцтва і гаспадаркі. Намалюйце новую карту СССР"», — расказваў Вольскі ў пачатку 2000-х гадоў. У выніку Вольскі і яго калегі нібыта прадставілі генсеку напрыканцы лета 1983-га аж 15 варыянтаў новага адміністрацыйнага дзялення краіны. На кожны штат прыпадала прыкладна 7 мільёнаў грамадзян, што дазваляе дапусціць, што Беларусь у выпадку рэформы захавалася б як асобная адміністрацыйная адзінка. А вось балтыйскія рэспублікі хутчэй за ўсё склалі адзін «штат». Самыя радыкальныя змены чакалі Украінскую ССР і РСФСР, дзе пражывала 50 і 140 мільёнаў насельніцтва адпаведна. Фактычна на месцы Украіны магло з'явіцца 5-6 штатаў. Пакуль Андропаў вывучаў праекты, яго здароўе пагоршылася, і неўзабаве генеральны сакратар памёр. Тут жа быў пахаваны і праект рэформы. Застаецца дадаць, што гісторыкі пакуль не знайшлі ў архівах пацвярджэння апавядання Аркадзя Вольскага, хаця і дапускаюць існаванне падобнай ідэі.

Па матэрыялах расійскай прэсы

Перайменаваць птушак


Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

Амерыканскае арніталагічнае таварыства аб'явіла, што ўсе птушкі ў яго геаграфічнай юрысдыкцыі, названыя ў гонар некаторых гістарычных персанажаў, у 2024 годзе будуць перайменаваны. Рашэнне закране да 80 відаў. На думку таварыства, некаторыя птушкі названы ў гонар людзей, якія выклікаюць асацыяцыі з негатыўнымі гістарычнымі падзеямі. У якасці прыкладу прыводзіцца лугавая птушка, чыя першапачатковая назва была дадзена ў гонар Джона П. МакКаўна, натураліста-аматара, які пазней стаў генералам войска Канфедэрацыі падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША. Такое імя птушкі ўспрымаецца афраамерыканцамі як балючы напамін пра часы рабства, — лічаць арнітолагі. Зрэшты, здаецца не ўсе задаволены будучай рэформай. Кіраўнік арганізацыі арнітолагаў прызнае, што атрымаў негатыўныя каментарыі, аўтары якіх лічаць, што ў перайменаванні няма ніякай неабходнасці. Раней сёлета Нацыянальнае таварыства па ахове птушак імя Джэймса Адзюбона вырашыла захаваць сваю назву. Джэймс Джон Адзюбон, вядомы амерыканскі натураліст і ілюстратар дзікай прыроды, таксама валодаў рабамі. Аднак, на думку сябраў арганізацыі, імя Адзюбона сімвалізуе перш за ўсё любоў да птушак. А таксама «бесстаронні падыход да захавання прыроды», — сказала Сьюзен Бэл, якая ўваходзіць у раду таварыства.

Па матэрыялах амерыканскай прэсы

Віна не будзе?


Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

Міжнародная арганізацыя вінаграду і віна (OIV) апублікавала даныя наконт сусветнай вытворчасці віна ў 2023 годзе. Чакаецца, што яна будзе самай нізкай за апошнія 60 гадоў. Спад адбудзецца, у прыватнасці, з-за рэзкага падзення ўраджаяў у Паўднёвым паўшар'і і некаторых буйных краінах, што звязана з экстрэмальнымі кліматычнымі ўмовамі. На аснове інфармацыі, сабранай у 29 краінах, фіксуецца зніжэнне на 7% маштабаў вытворчасці віна. Прагназуемы аб'ём вытворчасці будзе найменшым з 1961 года (214 млн дэкалітраў), а таксама ніжэй за гістарычна малы аб'ём вытворчасці ў 2017 годзе (248 млн дэкалітраў). Для спажыўцоў віна гэтыя навіны азначаюць цяжкія часы ў будучыні. Даступнага якаснага замежнага віна, у тым ліку ў нашым рэгіёне, у 2024 годзе не будзе. Яно пойдзе на багатыя рынкі Еўропы і ЗША. Зрэшты, ёсць вялікія сумневы, што беларусы масава куплялі якаснае замежнае віно. Акрамя таго, як лічаць адмыслоўцы, дэфіцыт некаторых марак віна можа стымуляваць развіццё т. зв. «крафтавага віна». Адным словам, наступны няпросты год аматары віна як-небудзь, але перажывуць.

Па матэрыялах украінскай прэсы