Сусветныя цікавосткі: Смаленск просіцца пад Мінск, у воблы не жаночы твар, дыктатар і кураня
Прапануем вам традыцыйны агляд кур'ёзных навін з усяго свету.
А ці чыталі вы «Воблу і мір»?
Цікавыя наступствы мела нядаўняя гісторыя ў Цюмені. Там 24 верасня 30-гадовая жыхарка горада Аліса Кліментава выйшла на плошчу і напісала крэйдай на асфальце «Не в***е». Паліцыя затрымала яе, угледзеўшы ў фразе «дыскрэдытацыю» войска РФ. Была заведзена адміністрацыйная справа, якую 12 кастрычніка разгледзеў суд Цюмені. На судзе Кліментава патлумачыла, што ў надпісе няма антываеннага закліку, а фраза накіравана супраць воблы, «паколькі яна адчувае непрыязнасць да дадзенага тыпу рыбы». Паліцэйскія не змаглі абвергнуць такую версію, і суддзя закрыў справу з-за адсутнасці складу правапарушэння.
Гісторыя выклікала вялікі рэзананс у колах крытыкаў вайны. Яны тут жа вырашылі выкарыстаць слова «вобла» як алегорыю на слова «вайна», што сапраўды дазваляе адкрыта крытыкаваць расійскі мілітарызм. У рунэце папулярныя лозунгі «Мэйк мір, нот вобла», «Не вобле!», «У воблы не жаночы твар!» і г.д. Таксама прапануецца задаць кіраўніцтву краіны пытанне: «Як там ваша пераможная вобла?».
Між тым некаторыя не выключаюць, што «воблу» таксама могуць забараніць, што яшчэ больш узмоцніць абсурдны характар таго, што адбываецца ў краіне.
Па матэрыялах расійскай прэсы
Кураня і дыктатар
Па словах уладальніка найстарэйшых у Італіі могілак хатніх жывёл Casa Rosa, яго супрацоўнікам удалося выявіць дзіўную магілу. Гэта магіла любімай курыцы дыктатара Беніта Мусаліні, якую ён пахаваў у дзяцінстве. Лічыцца, што курыца патрапіла ў сям'ю Мусаліні яшчэ куранём пасля таго, як бацька сямейства выйграў яе на нейкім сельскім кірмашы. Птушка пасябравала з маленькім Беніта і з цягам часу стала яму вельмі дарагой. Калі яна памерла, хлопчык пераканаў бацькоў не спальваць труп, а пахаваць яго на спецыяльных могілках для жывёл. Ён асабіста прынёс сваю птушыную сяброўку на Casa Rosa, дзе тая знайшла апошні прытулак.
Але гэтая прыгожая гісторыя ў афіцыйную біяграфію дыктатара не патрапіла. Верагодней за ўсё, Дучэ баяўся, што душашчыпальнае апавяданне пра сябра-курыцу можа негатыўна адбіцца на яго іміджы жорсткага палітыка. Так ці інакш сёння свет даведаўся праўду. Цяпер слова за гісторыкамі. Ім трэба высветліць, наколькі трагедыя з любімай курыцай магла паўплываць на характар будучага дыктатара?
Па матэрыялах італьянскай прэсы
Швэдар — сімвал Францыі
Як пазнаць сапраўднага француза? Вельмі проста. Паводле канона, ён носіць берэт, любіць есці багет, піць віно і круціць раманы. Цяпер да гэтых прыкмет вырашана дадаць новую. Французскія чыноўнікі кажуць, што ўсе французы надзяваюць швэдары. Гэта не проста мода. Захапленне швэдарамі можа, на думку некаторых экспертаў, дапамагчы французам перажыць наступны зімовы сезон. Праз дарагі кошт на газ — вынік вайны ва Украіне — шмат хто будзе вымушаны адмовіцца ад звычайных тэмпературных стандартаў у доме. Каб не стаць ахвярай прастуды, людзям прапануюць насіць вырабы з воўны. Прапагандаваць моду на швэдары ўзяліся вядучыя палітыкі краіны. Так, прэм’ер-міністр заявіў, што адмаўляецца ад гальштука на карысць швэдара. А міністр фінансаў пачаў хадзіць на працу ў жакеце.
Застаецца дадаць, што рэфлексія грамадства на навінкі моды дастаткова супярэчлівая. Шмат хто лічыць, што за тэмай швэдараў чыноўнікі намагаюцца схаваць свой непрафесіяналізм у энергетычных пытаннях.
Паводле французскай прэсы
Смаландыя — будучы сатэліт Беларусі?
У інтэрнэце з’явілася ініцыятыва жыхароў Смаленска. Яны хочуць стварыць у рэгіёне незалежную дзяржаву і нават прыдумалі ёй назву — «Смаландыя», чым, дарэчы, нанеслі моцны аперкот па свядомасці расійскіх дзяржаўнікаў. І не толькі таму, што ўраджэнцы Смаленска адыгрывалі вялікую ролю ў жыцці і гісторыі Расіі, не дапускаючы нават думкі пра сепаратызм. Дзяржаўнікаў абурыў той факт, што аўтары «Смаландыі» дапускаюць, што на першым часе існавання маладой смаленскай дзяржавы ёй давядзецца прызнаць сябе пратэктаратам Мінска. Той факт, што ў смалян ёсць комплекс непаўнавартасці перад Мінскам, а не перад Масквой, выклікаў у патрыётаў прыступ гневу. Між іншым яны прызнаюць, што гэта не першы ўсплёск беларусафіліі ў жыхароў Смаленска. На мяжы стагоддзяў пад уплывам папулізму Лукашэнкі многія марылі аб далучэнні краю да «стабільнай Беларусі». Спатрэбіўся час, каб жаданне стаць грамадзянамі РБ у смаленцаў знікла. І вось цяпер зноў.
Па матэрыялах расійскай прэсы