Сусветныя цікавосткі: Смяротная забаўка маладых, з паліцэйскіх у партызаны, Татарскі і анархісты

У Вялікабрытаніі хочуць забараніць паветраныя шарыкі з «вясёлым газам» — апазіцыя супраць. А ў Казахстане ажно 300 сілавікоў не могуць знайсці аднаго генерала. Татарскі, грамадзянскай вайна і анархісты — што агульнага? І чаму ў ЗША зніжаецца ўзровень патрыятызму сярод маладзёнаў. Пра ўсё гэта — у новым выпуску сусветных цікавостак. 

Ілюстрацыйная выява. Фота pixabay

Ілюстрацыйная выява. Фота pixabay


Паветраныя шарыкі як чыннік наркаманіі  

Верагодна, многія бачылі, як на святах спецыяльныя супрацоўнікі надзімаюць паветраныя шарыкі нейкім газам. Гэта т. зв. «вясёлы газ» або, кажучы хімічнымі тэрмінамі, закіс азоту. Вядома, што газ, калі ім дыхаць некаторы час, выклікае галюцынацыі.
Паступова новая забаўка пашырылася аж да таго, што ў Вялікабрытаніі захапленне «вясёлым газам» стала новым відам калектыўнай наркаманіі. Тут колькасць асобаў, якія рэгулярна ўдыхаюць такі газ, ацэньваецца ў 600 тысяч чалавек. «Вясёлы газ» стаў упадабаным атрыбутам вечарынак. Паркі і вуліцы ўсеяны выкінутымі балонамі з-пад газу. У мінулым годзе толькі ў Лондане хуткая дапамога даставіла ў лякарні больш за 200 чалавек з перадазіроўкай. З'ява набыла такія маштабы, што цяперашні ўрад Рышы Сунака разглядае праект забароны «вясёлага газу». Левая апазіцыя тут жа асудзіла такую ідэю. На іх думку, забарона закісу азоту проста перадасць прыбытковую працу па «задавальненню попыту» злачынным групоўкам. Прапануецца рабіць стаўку на прапаганду ў школах. Адным словам, пакуль рэцэпт барацьбы супраць «вясёлага газу» не знойдзены.
Зрэшты, некаторыя проста спадзяюцца, што мода на гэтую забаўку сярод моладзі пройдзе, як у свой час прайшла мода нюхаць клей. Праўда, кошт такой пасіўнай палітыкі вельмі высокі. У 90-я ў Брытаніі праз нюханне клею памерла прыкладна 150 падлеткаў.
Па матэрыялах брытанскай прэсы

Генерал пайшоў у партызаны?

kudzebaeu.jpeg

Серык Кудзебаеў, fergana.agency 

У Казахстане працягваецца дзіўная эпапея з удзелам 58-гадовага генерала МУС Серыка Кудзебаева, які да трагічных падзей студзеня 2022 года быў начальнікам дэпартамента паліцыі Алмацінскай вобласці. 5 студзеня гэтага года Кудзебаева пачалі судзіць за бяздзеянне падчас беспарадкаў і перавышэнне службовых паўнамоцтваў. 28 студзеня адбыліся спрэчкі бакоў, падчас якіх дзяржабвінаваўца папрасіў прысудзіць Кудзебаеву 9 гадоў пазбаўлення волі. 10 сакавіка абвінавачаны павінен быў з'явіцца ў суд, дзе чакалася вынясенне канчатковага прысуду. Аднак судовы працэс над былым паліцыянтам прыйшлося адкласці на нявызначаны тэрмін у сувязі з тым, што падсудны нечакана патрапіў у лякарню. А пасля генерал увогуле знік.
Цяпер яго пошукамі займаюцца каля 300 (!) супрацоўнікаў Памежнай службы і мясцовага аналага нашага КДБ. Ёсць версія, што ён усё яшчэ знаходзіцца на тэрыторыі Казахстана, а менавіта хаваецца ў гарах Алмацінскай вобласці. Між тым, на казахстанскіх форумах па іншаму тлумачаць, чаму генерала шукае аж 300 чалавек. Ёсць думка, што Кудзебаеў не проста хаваецца ад уладаў, а стварае ў гарах базу для партызанскага руху супраць прэзідэнта Такаева.
Па матэрыялах казахстанскай прэсы

Татарскі і анархісты

tatrskij_768x432.webp

Кадр з відэа Татарскага
У гісторыі нядаўняга забойства прапуцінскага блогера Уладлена Татарскага выявілася малавядомая, але цікавая акалічнасць. Менавіта Татарскі за пару тыдняў да замаху прымаў удзел у незвычайным мерапрыемстве ў сценах расійскай Дзярждумы. Тут прадстаўнікі розных палітычных плыняў падпісалі дакумент аб спыненні грамадзянскай вайны, якая пачалася ў былой Расійскай Імперыі ў 1917 годзе. Паколькі фармальна яна так і не закончылася, сёння знайшліся палітыкі, якія вырашылі нарэшце падпісаць мірны трактат. Падчас перформансу Татарскі чамусьці паставіў подпіс аб прымірэнні ад імя руху анархістаў, чым наклікаў на сябе шквал крытыкі з боку паслядоўнікаў Бакуніна. Шэраг расейскіх анархістаў заявілі, што не збіраюцца мірыцца з манархістамі і тымі, хто сімпатызуе беламу руху (іх прадстаўнікі таксама падпісалі вышэй згаданы дакумент). Асабліва абураліся выхадкай Татарскага ўкраінскія анархісты, якія не лічаць сябе суб'ектамі расейскай палітыкі. Як бачым, зуб на нябожчыка ў анархістаў быў, хаця іх удзел у замаху маларэальны.
Так ці інакш, тэракт супраць праімперскага блогера Татарскага з удзелам ліберальнай актывісткі Трэпавай хутчэй сведчыць пра тое, што грамадзянская вайна ў Расеі ў нейкім выглядзе трывае.
Па матэрыялах украінскай прэсы

Хто тут Радзіму не любіць?

brunette_woman_in_white_clothes_holding_big_usa_flag.jpg

Ілюстрацыйная выява. Крыніца freepik

«Гэта знак таго, што нацыя ў бядзе», — прыкладна так каментуюць палітолагі ЗША вынікі апытання, якое сацыёлагі правялі па замове вядомага выдання The Wall Street Journal. У рэдакцыі хацелі высветліць, як амерыканцы ставяцца да такой каштоўнасці, як патрыятызм. У выніку толькі 38% рэспандэнтаў заявілі, што патрыятызм з'яўляецца для іх нечым важным. Пры гэтым сярод асоб, маладзейшых за 30 гадоў, усяго 23% назвалі патрыятызм важнай устаноўкай. На думку экспертаў, усё гэта дазваляе казаць аб большым крызісе грамадства і адсутнасці ў маладых амерыканцаў жадання падтрымліваць статус ЗША на планеце.
Зрэшты, кансерватыўныя СМІ спрабуюць абвергнуць лічбы, якія прадставіў The Wall Street Journal. Па іх меркаванні, слова «патрыятызм» у цяперашніх Штатах змяніла канатацыю. Патрыётамі ўсё часцей называюць сябе прыхільнікі Дональда Трампа. Асацыявацца з гэтай публікай, то-бок называць сябе «патрыётамі», маладзёны не жадаюць. Адсюль і рэзкае падзенне колькасці юных патрыётаў. Адным словам, хвалявацца няма чаго. Так ці інакш, трэнд падзення колькасці амерыканскіх патрыётаў усё роўна ашаламляльны: у параўнанні з 61% у 2019 годзе і 70% у 1998 годзе.
Па матэрыялах амерыканскай прэсы