Шанец для ўзбекскай апазіцыі

Смерць 78-гадовага Іслама Карымава, пра якую паведаміла ІА "Фергана", азначае, што ў Ташкента хутка з’явіцца новы лідар, хутчэй за ўсё — нехта з карымаўскага атачэння. Ці здольная мясцовая апазіцыя сарваць аперацыю «Пераемнік»?

Фота: Getty Images

Фота: Getty Images


За ўсе 26 гадоў знаходжання Карымава пры ўладзе афіцыёз ніводнага разу не пракаментаваў стан здароўя гаранта, хаця, напэўна, нешта ў гэтай сферы адбывалася. Адзін раз прэзідэнт знік з публікі аж на 20 дзён. У гэтым кантэксце афіцыйнае паведамленне пра інсульт і шпіталізацыю Карымава ад 27 жніўня сведчыла пра яго крытычны фізічны стан. І вось увечары 29 жніўня нарэшце стала вядома што прэзідэнт Узбекістана памёр у 13.35

Яшчэ раней у медыя пачаўся актыўны адбор магчымага пераемніка. Найбольш часта гучыць імя цяперашняга прэм’ер-міністра Шаўката Мірзіёева. Робяць стаўкі і на віцэ-прэм’ера Рустама Азімава. Цікава, што практычна ніхто не разглядае ўсур’ёз фігуру старшыні ўзбекскага сената, які па Канстытуцыі ў падобных выпадках павінен узяць на сябе функцыі часовага кіраўніка дзяржавы.

У любым выпадку, хто б з вышэй згаданых асобаў ні дарваўся да дзяржаўнага штурвала, палітычны пейзаж ва Узбекістане наўрад ці зменіцца. Узбекістан, мяркуюць эксперты, працягне існаваць як аўтарытарная дзяржава свецкага тыпу. І ў выпадку прэзідэнцтва Мірзіёева магчыма пацяпленне ў адносінах з Крамлём, ад якога Карымаў заўжды намагаўся трымаць дыстанцыю.

Не чакаюць палітолагі і асаблівых збояў у механізме перадачы ўлады. Пра гэта сведчыць, у тым ліку, досвед суседняга Туркменістана, дзе пасля смерці Туркменбашы эліта хутка кансалідавалася вакол Гурбангулы Бердымухамедава. З іншага боку, Узбекістан — не Туркменістан. Нейкая апазіцыя ў краіне існуе. І, натуральна, сыход Карымава, на асобе якога фактычна трымаўся інстытут улады, дае апазіцыянерам гістарычны шанец, ці магчымасць як мінімум неяк нагадаць пра сябе.

Узбекская дэмакратычная супольнасць пачала фармавацца ў часы перабудовы ў выглядзе вельмі ідэалагічна стракатага руху «Бірлік». Пасля атрымання незалежнасці ў краіне нават былі зарэгістраваныя дэмакратычныя партыі, накшталт партыі «Эрк» або эсдэкаў. Нейкі час, пакуль аўтарытарны рэжым Карымава не стабілізаваўся, яго канкурэнты з розных кланаў і груповак актыўна шукалі дыялогу з дэмакратамі. У зеніце сваёй дзейнасці «Бірлік» налічваў 21 тысячу сябраў.

Аднак пагрозу для дэмакратаў складаў не толькі набіраючы моц карымаўскі аўтарытарызм. Феномен талібаў, якія напачатку 1990-х гадоў хутка паставілі пад кантроль Афганістан, уразіў увесь рэгіён. Некаторыя апазіцыянеры пабачылі ў талібах аптымальную арганізацыйна-ідэалагічную мадэль для ўзбекскай апазіцыі. Цікава, што яны нават не мелі нічога супраць знішчэння ў 1997 годзе талібамі групоўкі афганскага палявога камандзіра Абдул-Рашыда Дустума — этнічнага ўзбека. Сам Дустум падчас тых падзеяў выжыў.

Тым не менш з таго часу ісламскі ўхіл ва ўзбекскай апазіцыі толькі ўзмацняўся. На сённяшні дзень гэта асобны ад дэмакратаў напрамак, які адкрыта робіць стаўку на радыкальныя сродкі барацьбы. У выпадку рэалізацыі праграмы ісламістаў, Узбекістан як дзяржава можа знікнуць і ператварыцца ў адміністрацыйную адзінку «умы» — глабальнай мусульманскай супольнасці. Трэба адзначыць, што флірт часткі дэмакратаў з талібамі кепска паўплываў на дэмакратычны рух у цэлым. Нейкі час Захад проста шарахаўся ад апанентаў Карымава.

Што тычыцца дэмакратаў-узбекаў, то ў якасці альтэрнатывы Карымаву яны прапануюць нешта падобнае на Турцыю ў тыя часы, пакуль да ўлады не прыйшоў Эрдаган. Праўда, адкрыта агітавалі за свае ідэалы яны нядоўга. Ужо ў 1993 годзе апазіцыя страціла ўсялякую магчымасць для легальнай дзейнасці. Спачатку дзейнасць «Бірліка», па рашэнні мясцовага Мінюста, была прыпыненая на тры месяцы, а затым яго наогул пазбавілі рэгістрацыі. Тое ж самае здарылася з партыяй «Эрк».

Пасля зачысткі пачатку 1990-х гадоў пачаўся сыход апазіцыі за мяжу, дзе сёння дзейнічаюць яе асноўныя цэнтры. Дэмакратычныя актывісты, акрамя таго, што займаюцца інфармацыйнай працай, намагаюцца падтрымліваць свой аўтарытэт на радзіме за кошт кантактаў з вялікімі дзяржавамі. Напрыклад, пасля пачатку інтэрвенцыі NАТО ў Афганістан, дысідэнты заклікалі Вашынгтон таксама зрынуць Карымава. Праз пяць гадоў тая ж групоўка накіравала зварот на імя Уладзіміра Пуціна з заклікам адмовіцца ад супрацоўніцтва з Карымавым, робячы стаўку на апазіцыю.

Асобная вяхой у гісторыі ўзбекскіх дысідэнтаў з’яўляецца 2005 год, калі выбухнула стыхійнае антыпаліцэйскае паўстанне ў Андзіжане, брутальна здушанае ўладай. Апазіцыянеры, якія дапамагалі вывучаць дэталі трагедыі, у якой загінула каля 300 чалавек, адразу сталі мішэнню спецслужбаў. Тады дзейнасць апазіцыі была абмежавана драконаўскімі законамі. Так, для правядзення нейкай публічнай сустрэчы ва Узбекістане яе арганізатары павінны падаць у паліцыю спіс удзельнікаў мерапрыемства. Апошні раз дэмакраты далі пра сябе ведаць у 2014 годзе, калі спрабавалі пад выглядам збору землякоў правесці канферэнцыю ў сталіцы. Нягледзячы на моцную канспірацыю, усе ўдзельнікі былі затрыманыя яшчэ на падыходах да месца сустрэчы.

Большасць аналітыкаў пагаджаецца з тым, што арганізацыйная слабасць і адсутнасць уплывовых медыя ўнутры краіны выракаюць дэмакратаў на тое, каб быць статыстамі цяперашняй аперацыі «Пераемнік». З іншага боку, яшчэ ў 2013 годзе адным з апазіцыйных цэнтраў быў распрацаваны план дзеянняў апазіцыі ў выпадку пагаршэння здароўя Карымава. Аўтары разглядалі тры сцэнары вяртання дэмакратычнай апазіцыі ў публічнае палітычнае жыццё. Найбольш перспектыўным лічыцца гульня на вайне паміж кланамі чыноўнікаў, якая, як лічаць дэмакраты, можа ў цяперашняй сітуацыі выбухнуць.