Ва Узбекістане адмененыя ўрачыстасці да Дня незалежнасці

Ва Узбекістане адменены запланаваныя на 31 жніўня афіцыйныя ўрачыстасці, прымеркаваныя да 25-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці краіны. Прычына адмены святочных мерапрыемстваў афіцыйна пакуль не называецца. Аднак учора ўвечары ІА "Фергана" паведаміла, што прэзідэнт Карымаў памёр.

Ташкент. Фота © РИА Новости

Ташкент. Фота © РИА Новости


У папярэднія гады ў гэты дзень прэзідэнт Узбекістана Іслам Карымаў звычайна з'яўляўся на публіцы. Але напярэдадні стала вядома, што Карымаў шпіталізаваны ў цяжкім стане — паводле інфармацыі яго дачкі, ён перанёс інсульт, паведамляе ВВС.
Пакуль прычына адмены святочных мерапрыемстваў не называецца. Няясна таксама, ці адбудуцца народныя гулянні, якія ў сувязі са святам звычайна праводзяцца 1 верасня. Хоць горад ужо ўпрыгожаны да свята сцягамі і пано.
Пра шпіталізацыю Карымава з кровазліццём у мозг стала вядома з паста яго дачкі Лолы ў сацсетках у панядзелак, 29 жніўня. У той жа дзень увечары рускамоўнае навінавае выданне "Фергана" паведаміла, што Карымаў памёр у бальніцы 29 жніўня. Называўся нават дакладны час смерці — 15.35 (13.35 па нашым часе).
Расійскія агенцтвы са спасылкай на крыніцы ў апараце прэзідэнта Узбекістана заявілі, што інфармацыя пра смерць узбекскага лідара не адпавядае рэчаіснасці.
У аўторак, 30 жніўня, у СМІ і сацсетках зноў з'явілася інфармацыя пра смерць Іслама Карымава.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў гэтыя паведамленні не пацвердзіў. Ён адзначыў, што ў Крамлі вядома пра хваробу Карымава, але дэталяў там не ведаюць.