Дачка Іслама Карымава паведамляе, што бацька папраўляецца

Лола Карымава, дачка прэзыдэнта Узбекістану Іслама Карымава, паведаміла, што яе бацька папраўляецца ад кровазліцця ў мозг, і абвергла спекуляцыі наконт ягонай смерці.

745d7993_ba0d_4905_83ef_3b7adf8bc76f_w987_r1_s.jpg


У паведамленні ў сацыяльнай сетцы Instagram Лола Карымава-Тыляева, малодшая дачка 78-гадовага прэзідэнта, падзякавала ўсім за падтрымку і сказала, што гэта дапаможа выздараўленню яе бацькі.
Гэтая навіна з'явілася на фоне паведамленняў у некаторых мас-медыях, што першы і адзіны дагэтуль прэзыдэнт Узбэкістану памёр ад кровазліцця ў мозг.
Улады ў Ташкенце не робяць ніякіх афіцыйных заяваў пасля нядзельнага паведамлення аб шпіталізацыі Карымава.
Аднак была адмененая традыцыйная штогадовая імпрэза, якая мелася адбыцца ў сераду раніцай і на якой Карымаў звычайна выступаў публічна, памінаючы ахвяры рэпрэсіяў савецкага часу.
Урад адмяніў таксама канцэрт для вышэйшага кіраўніцтва і дыпламатычнага корпусу, які адбываўся штогод напярэдадні Дня Незалежнасці, які адзначаецца ва Узбекістане 1 верасня.
Тым часам працягваецца падрыхтоўка да адзначэння Дня Незалежнасці ў чацьвер. Пакуль не вядома, хто выступіць на ім з галоўнай прамовай замест Карымава.


Паводле svaboda.org