Чым пагражае Расіі татарскі бунт?

Спрэчкі паміж Казанню і Масквой па Дамове аб размежаванні паўнамоцтваў эксперты называюць апошнімі канвульсіямі расійскага федэралізму і сігналам для Мінска.

1369437205_42_5.jpg

Цяпер ужо цяжка ўявіць, што сучасная Расія магла выглядаць як канфедэрацыя Расіі і Татарстана, у якой татары мелі б свае пашпарты, дыпламатычную службу і нават аўтаномныя сілавыя структуры. Між тым, такая перспектыва паўставала з тэксту Дамовы аб размежаванні паўнамоцтваў паміж Казанню і Масквой, што была падпісаная ў 1994 годзе.

Прапісанаму ў Дамове статусу Татарстан быў абавязаны так званаму «параду суверэнітэтаў», калі на заклік Барыса Ельцына рэгіёны кінуліся «браць столькі суверэнітэту, колькі хацелі». Масква і ўсе суб’екты федэрацыі павінныя былі заключыць двухбаковыя дамовы. Найбольш радыкальна адрэагавалі чачэнцы, якія ўвогуле адмовіліся заставацца ў складзе Расіі. «Стала ў позу» і Казань. Татары пагаджаліся на сяброўства ў федэрацыі пры ўмове надання рэспубліцы асаблівых прэферэнцый, якія мусілі быць сфармуляваныя ў асобным двухбаковым дакуменце.

Пры гэтым Мінцімер Шайміеў (кіраўнік тагачаснага Татарстана) бліскуча гуляў на палітычнай кан’юнктуры. Татары выкарысталі нестабільнасць рэжыму Ельцына, які ў 1993-м змагаўся з «чырвона-карычневай апазіцыяй», а пасля захрасна Каўказе. Тады адна частка казанскай эліты гучна агітавала супраць ельцынскай канстытуцыйнай рэформы, патрабавала суверэнітэту, а другая, шайміеўская, давала зразумець, што гатовая за нейкія бонусы захаваць лаяльнасць да цэнтра. Каб не дапусціць Чачні на Волзе, ельцынская адміністрацыя пагадзілася на ўмовы, што прадыктаваў Шайміеў у тэксце Дамовы.

Змест Дамовы, падпісанай у 1994-м, адразу выклікаў ступар у знаўцаў канстытуцыйнага права. Татарстан фігураваў у тэксце Дамовы як «суверэнная дзяржава», атрымліваў права на свой Асноўны закон, выбары ўласнага прэзідэнта, распараджэнне зямельнымі фондамі, падаткамі, рэсурсамі, свае аўтаномныя сілавыя структуры, уласны бюджэт… І, нарэшце, вішанька на торце: пункт пра асобнае ад расійскага «татарскае грамадзянства», якое, паводле тэксту, мусіла прызнаваць Масква і іншыя дзяржавы.

Наўрад ці ў адміністрацыі Ельцына былі ў захапленні ад такога дакумента. Аднак на той час у Масквы не было адпаведных рэсурсаў і механізмаў, каб нешта змяніць. Давялося на нейкі час заплюшчыць вочы на шакавальныя нестыкоўкі татарскага і федэральнага канстытуцыйных актаў. Толькі прыкладна ў 2003-м, калі пуцінская вертыкаль была больш-менш адбудаваная, была ўзнятая тэма наяўнасці, як казаў Пуцін, «міны» пад расійскую дзяржаўнасць у выглядзе рэгіянальнага заканадаўства. Ад рэгіёнаў жорстка запатрабавалі скарэктаваць сваё заканадаўства, у тым ліку адмовіцца ад практыкі называць рэгіянальных кіраўнікоў прэзідэнтамі.

Не паддаўся на ціск толькі Татарстан, хаця шэраг уступак татары зрабілі. Рашэннем Вярхоўнага суда Расіі татар прымусілі выключыць з тэксту параграфы пра грамадзянства і манапольную ўласнасць Казані на мясцовыя зямельныя фонды. У выніку паўстала новая рэдакцыя Дамовы, якую зацвердзілі ў 2007-м. Тады ж пастанавілі, што тэрмін дзеяння Дамовы — 10 гадоў.

Хутка дзеянне Дамовы канчаецца, што падштурхнула татарскую эліту варушыцца. Калі Дамову не пралангуюць, Казань зробіцца звычайным суб’ектам федэрацыі, які пазбавіцца ў тым ліку правоў на прыродную рэнту. Таму рэгіянальны парламент у Казані наважыўся на мужны крок — накіраваў у Маскву зварот з просьбай працягнуць дамову аб размежаванні паўнамоцтваў.

Як ні дзіўна, пакуль выразнага адказу з федэральнага цэнтра няма, хаця, па сутнасці, Крэмль можа лёгка праігнараваць татарскі бунт. Аднак на двары не 1990-я. Сілавікі і медыя сёння цалкам пад кантролем Масквы. Што да грамадскасці, то самі казанскія чыноўнікі ў свой час спрыялі зачыстцы апазіцыянераў, якія крытыкавалі шайміеўскую адміністрацыю. Мяркуючы па змесце форумаў пры казанскіх медыя, мабілізаваць вуліцу ў абарону Дамовы будзе складана. Большасць каментатараў нейтральна назірае за канфліктам. А шэраг блогераў, у тым ліку татараў, нават вітае акцыі Крамля, якія, маўляў, паслабяць рэгіянальны клан, што даўно падпарадкаваў сабе ўвесь бізнес і структуры ўлады.

У той жа час, як і ў 1990-я, татарскае кіраўніцтва выкарыстоўвае слабыя месцы ў дыспазіцыі Масквы. У наступным годзе Расія абірае прэзідэнта плюс прымае такое важнае іміджавае мерапрыемства, як футбольны Мундыяль. Наўрад ці пуцінская адміністрацыя зацікаўленая ў канфрантацыі з татарамі, якія, у сваю чаргу, ёсць часткай расійскай мусульманскай грамады. Большасць экспертаў пага­джаецца, што Масква з улікам абставін па шэрагу пытанняў пойдзе насустрач Казані. Напрыклад, пагодзіцца прызнаць права татараў мець прэзідэнта. У любым выпадку — з гэтым пагаджаюцца ўсе, — у 2020-м апошнія рудыменты Дамовы 1994-га канчаткова прыбяруць.

Некаторыя палітолагі лічаць, што пасля гэтага ў Расіі адразу пачнецца новая дыскусія адносна формулы дзяржаўнага ладу. Шмат хто чакае рэформы, пасля якой Расія вернецца да часоў, калі адміністрацыйнымі адзінкамі ў краіне былі выключна губерні.

Дарэчы, цяперашнія калізіі ў адносінах Казані і Масквы, як пішуць некаторыя СМІ, могуць адбіцца на будучыні расійска-беларускай інтэграцыі. Маўляў, Лукашэнка на прыкладзе эпапеі з Дамовай 1994-га пераканаецца, чаго вартыя абяцанкі Масквы наконт павагі да суверэнітэту малых рэспублік. «Гісторыя адносінаў Масквы і Казані адсылае і да гісторыі Саюзнай дзяржавы РФ і РБ. Аляксандр Лукашэнка баіцца... а раптам пры ўзмоцненай інтэграцыі і яго «пераймянуюць» у губернатары», — адзначае выданне «Военное обозрение».