Турызм і дыктатура

Да 2020 года ўрад КНДР плануе ўзняць колькасць наведвальнікаў краіны да двух мільёнаў штогод. Навала заходніх турыстаў у Паўночную Карэю выклікала на Захадзе дэбаты пра палітычныя наступствы такіх падарожжаў.



paunocnaja_kareja_turyzm.jpg

Упершыню Пхеньян пага­дзіўся пусціць да сябе заходніх турыстаў у 2000 го­дзе. Іх колькасць вымяралася некалькімі сотнямі, што тлумачылася таксама тэхнічнымі цяжкасцямі. Яшчэ нядаўна кожны турыст або група турыстаў адразу пасля прыбыцця ў аэрапорт Пхеньяна атрымлівала гіда-перакладчыка, шафёра з аўто і куратара з мясцовай спецслужбы. Першы адказваў за экскурсіі, другі вазіў па турыстычных аб’ектах, а трэці назіраў за тым, каб госці не займаліся нечым крамольным і ўвогуле не выходзілі з гатэлю без адпаведнага суправаджэння.

Аднак з часам правілы трошкі лібералізавалі, што адразу адбілася на колькасці турыстаў. На цяперашні дзень штогод КНДР наведваюць каля пяці тысяч грамадзян заходніх дзяржаў. Акрамя іх тут на працягу года бываюць каля ста тысяч кітайцаў і шмат расіян з Далёкага Усходу (напрыклад, паўночныя карэйцы аганізуюць для расійскіх дзяцей летнікі). Сімвалічным прарывам стаў дазвол на ўдзел заходнікаў у пхеньянскім марафоне ў 2014 годзе.

pa_nochnaja_kareja_turizm_23.jpg

На пачатку кастрычніка стала вядома, што да 2020 года ўрад КНДР плануе ўвогуле ўзняць колькасць наведвальнікаў да двух мільёнаў штогод. Агучаная лічба выклікала ў заходняй прэсе вялікія дэбаты — як ставіцца да паўночна-карэйскай турыстычнай індустрыі.

Абаронцы правоў чалавека даўно занепакоенымі тым, што такія ваяжы дапамагаюць дыктатуры атрымаць легітымнасць на Захадзе. Сапраўды, большасць турыстаў вяртаюцца дахаты ў захапленні ад пабачанага ў КНДР сюррэалізму. Візіт у краіну Чучхе — гэта падарожжа ў часе ў 50-я гады мінулага стагоддзя, калі ў модзе былі камуністычныя таталітарныя рэжымы. Тут можна пабачыць дзяўчат з аўтаматамі, натоўп працоўных у аднатыпных робах, культ правадыроў на кожным кроку і адпаведныя масавыя рытуалы ў іх гонар. У наборы з усходняй экзотыкай гэта ўсе выглядае вельмі не­звычайна.

severnaya_koreya1.jpg

Пры гэтым самі турысты могуць назіраць за «будаўніцтвам чучхейскага сацыялізму» на дыстанцыі, не ведаючы жахаў дыктатуры. Як правіла, турыста селяць у адзін са сталічных га­тэляў, адкуль штодня возяць па розных атракцыёнах і месцах, звязаных з жыццём аднаго з Кімаў. Кантакты з тубыльцам, якія паводле падлікаў некаторых міжнародных арганізацый жывуць за 3–4 долара ў месяц, фактычна абмежаваныя і, як следства, не ўплываюць на агульнае пазітыўнае ўражанне ад КНДР.

Паўночнакарэйскі дысідэнт Джымін Канг, што жыве ў Лондане, наступным чынам апісвае стандартны ход думкі турыста, які наведаў КНДР: «Наведаўшы загадзя вызначаныя ўладамі раёны і пагутарыўшы з загадзя прызначанымі людзьмі, у турыста складваецца неадэкватнае ўяўленне пра рэчаіснасць у КНДР. Ён думае, што Паўночная Карэя — не самае кепскае месца на планеце, хаця гэта бедная і слабаразвітая краіна. Аднак пры гэтым яна не з’яўляецца настолькі брутальным парушальнікам правоў чалавека, як сцвярджаюць праваабаронцы». Іншы дысідэнт-перабежчык увогуле робіць катэгарычную выснову: «Бум турызму ў Паўночную Карэю дае шанс дыктатуры існаваць і далей».

Паляпшэнне вобразу дыктатуры на Захадзе — гэта толькі частка праблемы турызму ў КНДР. Калі верыць тым лю­дзям, каму пашанцавала збегчы з Паўночнай Карэі, наяўнасць заходніх турыстаў актыўна выкарыстоўваецца для ўнутранай прапаганды. На мясцовых каналах любяць паказваць замежнікаў, якія фатаграфуюцца на фоне манументаў стваральнікаў дыктатуры як доказ аўтарытэту паўночнакарэйскай мадэлі ў свеце.

У сваю чаргу, ёсць супраць­леглая думка. Некаторыя палітолагі кажуць, што наплыў турыстаў-заходнікаў у вотчыну Кімаў дапаможа паступовай лібералізацыі краіны. Гэты тэзіс агучыў на старонках газеты «The Guardian» адзін з менеджэраў турыстычнага агенцтва, якое займаюцца турамі ў КНДР (дарэчы, падобныя агенцтвы з’яўляюцца сёння па свеце як грыбы пасля дажджу). Па словах тураператара, паслабленне паліцэйскага рэжыму ў КНДР, фрагментарная легалізацыя артэфактаў заходняй культуры, напрыклад, фігуры Мікі Маўса, гэта — вынік менавіта наплыву вялікай колькасці заходніх турыстаў.

Рост наведвальнікаў КНДР, па яго словах, таксама прымушае ўлады паступова пашыраць колькасць зон, куды дапускаюцца турысты. Паступова складаецца сітуацыя, калі кантраляваць камунікацыю паміж мясцовымі жыхарамі і замежнікамі становіцца проста немагчыма нават усімі рэсурсамі апарату дзяржбяспекі. Акрамя таго, агучваецца думка, што нават візуальная прысутнасць замежнікаў у КНДР нейкім чынам сімвалічна разбурае рэжым ізаляцыі, які падтрымлівае ўлада. Натуральна, узгадваецца вопыт СССР і іншых краін Усходняга блоку, дзе ў часы халоднай вайны менавіта гатэлі з замежнымі турыстамі былі кропкамі, дзе адбываўся культурны абмен.

Спрабуючы знайсці кампраміс паміж аматарамі турызму ў КНДР і яго праціўнікамі, «The Guardian» заклікае праваабарончыя арганізацыі пачаць кампанію за інфармаванне турыстаў, якія едуць у КНДР, пра сапраўдную сітуацыю ў краіне. Выданне таксама лічыць, што турысты могуць паспрабаваць ставіць гідам не вельмі зручныя пытанні. Аднак самі паўночнакарэйскія дысідэнты смяюцца з падобных інструкцый. На іх думку, турыст, які прыбыў у КНДР, хутка разумее, куды ён трапіў, і намагаецца падчас візіту трымаць язык за зубамі.