У Эквадоры застрэлілі кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, які змагаўся з карупцыяй
Фернанда Вільявісенсіа быў адным з васьмі кандыдатаў у першым туры выбараў. У сваёй перадвыбарчай праграме ён рабіў акцэнт на барацьбе з карупцыяй і наркакартэлямі — і яму, і яго камандзе пагражаў лідар банды, звязанай з гандлем наркотыкамі.
Кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах у Эквадоры Фернанда Вільявісенсіа забіты падчас перадвыбарчага мітынгу, за 10 дзён да першага тура прэзідэнцкіх выбараў.
Фернанда Вільявісенсіа — адзін з нямногіх кандыдатаў, якія казалі аб сувязях паміж арганізаванай злачыннасцю і дзяржаўнымі чыноўнікамі ў Эквадоры.
Вільявісенсіа, чалец Нацыянальнага сходу Эквадора, быў застрэлены, калі пакідаў перадвыбарчае мерапрыемства ў сталіцы Эквадора Кіта. Па словах відавочцаў, 59-гадовага кандыдата ў прэзідэнты забілі трыма стрэламі.
Эквадор — самая маленькая з андскіх краін Паўднёвай Амерыкі, якая знаходзіцца на экватары (адсюль і назва) паміж Калумбіяй і Перу — гістарычна быў адносна бяспечным і стабільным у Лацінскай Амерыцы, але нядаўні рост гвалтоўных злачынстваў, які падсілкоўваецца ростам прысутнасці наркакартэляў, стаў цэнтральным пытаннем у сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі.
Сябар перадвыбарчай каманды паведаміў мясцовым СМІ, што спадар Вільявісенсіа садзіўся ў машыну, калі невядомы мужчына выйшаў наперад і стрэліў кандыдату ў галаву.
Падазраваны ў забойстве таксама быў застрэлены падчас перастрэлкі з аховай і пазней памёр ад атрыманых раненняў. Пра гэта паведаміў генеральны пракурор краіны ў сацыяльных сетках. У хаосе страляніны яшчэ дзевяць чалавек атрымалі раненні, у тым ліку кандыдат у дэпутаты парламента краіны і двое паліцэйскіх.
Шэсць чалавек былі пазней затрыманы паліцыяй у сувязі з забойствам Вільявісенсіа.
Першы тур прэзідэнцкіх выбараў павінен адбыцца 20 жніўня.
Вільявісенсіа быў адным з васьмі кандыдатаў у першым туры выбараў, і хоць не з'яўляўся фаварытам, але знаходзіўся дзесьці ў сярэдзіне спісу кандыдатаў паводле папулярнасці.
Выбарчая кампанія Вільявісенсіа была засяроджана на барацьбе з карупцыяй — тэме, якую ён асвятляў у ранейшай кар'еры журналіста, і на памяншэнні кепскага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Вільявісенсіа адзначаў, што Эквадор па сутнасці стаў «наркадзяржавай», таму былы кандытат вырашыў узначаліць барацьбу супраць таго, што ён называе «палітычнай мафіяй».
На мінулым тыдні Вільявісенсіа сказаў, што яму і яго камандзе пагражаў лідар банды, звязанай з гандлем наркотыкамі.
Што далей?
Эквадор, які калісьці быў адносна мірнай краінай, стаў спустошаны з прыходам міжнародных наркакартэляў, якія атрымлівалі прыбытак ад буму вытворчасці какаіну — і вага гэтага пытання можа толькі ўзрасці падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
Размешчаны паміж дзвюма найбуйнейшымі ў свеце краінамі-вытворцамі какаіну — Калумбіяй на поўначы і Перу на поўдні — Эквадор выкарыстоўваўся ў якасці транзітнай краіны для кантрабанды наркотыкаў на прыбытковыя рынкі Паўночнай Амерыкі і Еўропы.
-
Сусветная вытворчасць какаіну дасягнула рэкордаў
Картэлі праніклі ў мясцовыя вулічныя і турэмныя банды, развязалі гвалт у партовых гарадах Эквадора і на яго ціхаакіянскім узбярэжжы, бо картэлі змагаюцца за кантроль над стратэгічнымі раёнамі для пагрузкі тон какаіну на караблі.
- Гэта не першае забойства
Забойства Вільявісенсіа адбылося пасля іншых рэзанансных палітычных актаў гвалту, у тым ліку забойстваў Агусціна Інтрыяга, мэра горада Манта, у ліпені і Амара Менендэза, кандыдата ў мэры горада Пуэрта-Лопес, у лютым.
Цяперашні прэзідэнт Гільерма Ласа паабяцаў, што «злачынства не застанецца беспакараным». Сам Ласа, які не будзе ўдзельнічаць у выбарах, сказаў, што «абураны і шакаваны» забойствам.
У мінулым месяцы Ласа абвясціў надзвычайнае становішча і каменданцкую гадзіну ў трох правінцыях пасля шэрагу забойстваў, звязаных з арганізаванай злачыннасцю.