У расійскім Кіраве з'явілася мемарыяльная дошка Максіма Гарэцкага
24 мая ў Дзень славянскай пісьменнасці і культуры ў Кіраве (Расія, Калужская вобласць) адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Максіма Гарэцкага (1893–1938), выбітнога беларускага пісьменніка, навукоўца, педагога і грамадскага дзеяча, які пражыў ў гэтым горадзе два апошніх года свайго жыцця.
Як паведамляе сайт pesochnya.com, дошка адкрыта на
будынку былой Пясочанскай (да 1936 года г. Кіраў
зваўся мястэчкам Пясочняй) сярэдняй школы № 1 па адрасе: вул. Леніна, дом № 16 (цяпер у будынку месціцца школа-інтэрнат для дзяцей з праблемамі слыху). У школе Максім Іванавіч Гарэцкі працаваў два навучальных года: выкладаў рускую мову
і літаратуру. Тут у лістападзе 1937 года быў арыштаваны органамі НКУС, і 10 лютага 1938 года расстраляны ў
Вяземскай турме.
Максім Гарэцкі – адзін са стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы, стаяў у вытокаў нацыянальнай літаратуры, стварыў нямала выдатных твораў, пражыў кароткае, але вельмі насычанае добрымі стваральнымі справамі жыццё. Ён знаёміў беларусаў з дасягненнямі рускай літаратуры: пераклаў на родную мову «Слова аб палку Ігаравым», шэраг твораў М. Горкага і іншых рускіх савецкіх пісьменнікаў. Склаў і выдаў руска-беларускі і беларуска-рускі слоўнікі. У гісторыі культуры пакінуў свой след як літаратуразнаўца, лінгвіст, фалькларыст, літаратурны крытык, журналіст, рэдактар. Апроч гэтага, М.Гарэцкі ўвесь час выкладаў у ВНУ і тэхнікумах, стаяў у вытокаў стварэння нацыянальнай Акадэміі навук. За апошнія дзесяцігоддзі па розных аспектах творчай біяграфіі Гарэцкага абаронены шэраг дысертацый, напісана нямала кніг і сотні артыкулаў.
Для Беларусі фігура Гарэцкага роўнавялікая такім дзеячам нацыянальнай культуры, як Якуб Колас і Янка Купала.У гэтым годзе адзначаецца 120-летні юбілей беларускага асветніка.
На мітынгу грамадскасці з нагоды адкрыцця памятнай дошкі ў гонар М.Гарэцкага
выступілі намеснік кіраўніка раённай адміністрацыі Герман Карпачоў, дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Андрэй Баўар, паэтка, кіраўнік літаб'яднання «Рытм» Таццяна Федасеева, дырэктар школы-інтэрната Ірына Жураўлёва.
Памятны знак нясе на сабе кароткія біяграфічныя звесткі пра Гарэцкага і яго партрэт. Хутка ў памяшканнях школы з'явіцца стэнд з матэрыяламі пра жыццё і дзейнасць пісьменніка і настаўніка.
Нагадаем, што ў мінулым годзе быў зруйнаваны дом Гарэцкага ў горадзе Горкі. На той падставе, што ён ужо не мае таго выгляду, які быў пры жыцці пісьменніка
«Быў драўляны будынак, часткова згнілі бярвёны, абкладзена цэглай. Будынак цалкам змяніў
свой выгляд і структуру. Людзі там жывуць з усімі нязручнасцямі, але заслужылі, каб жыць па-людску
ў XXI стагоддзі», — заявіў тады намеснік старшыні Горацкага райвыканкама Уладзімір Пятровіч.
Група грамадскіх актывістаў з Горак, Мінска і Віцебска сабрала подпісы пад патрабаваннем захаваць «дом Гарэцкага». Аднак навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры прыняла рашэнне не надаваць будынку статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.