У Сірыі ідзе вайна паміж ЗША і Расіяй

Пасля таго, як Асада абвінавацілі ў выкарыстанні хімічнай зброі, чакаюцца нават вайсковыя акцыі з боку ЗША супраць Дамаску. Пра тое, што думаюць самі сірыйцы наконт падзей на сваёй радзіме, журналіст НЧ спытаў у Халіда Аміра — аднаго з лідараў сірыйскай грамады ў Адэсе.



801360be6c2dd62c332afe4fa44e78893008194b.jpg

— Што, на вашу думку, адбываецца ў Сірыі?

— У Сірыі паўтараецца лівійскі сцэнар з той розніцай, што апазіцыя не здолела на першай фазе паўстання замацавацца на нейкім плацдарме і стварыць сапраўдны фронт. У сілу сваёй арганізацыйнай слабасці, сірыйскі супраціў, які фармуецца за кошт замежных баевікоў, робіць стаўку на розныя дыверсіі, накшталт разбурэння інфраструктуры, тэракты. Мэта такой тактыкі — дэстабілізаваць сітуацыю да такога ўзроўню, калі была б неабходна вонкавая інтэрвенцыя для папярэджання гуманітарнай катастрофы.

— Нашто замежным баевікам патрэбная Сірыя?

— На маю думку, сапраўдная прычына канфлікту — праект газаправоду з Катару ў Еўропу. Катар — адзін з самых вялікіх імпарцёраў газу, які дастаўляюць у Еўропу на танкерах у звадкаваным выглядзе. Усе транзітныя краіны рэгіёну далі згоду на будаўніцтва газаправоду. За выключэннем Сірыі, якая, традыцыйна, вельмі залежыць ад Расіі. Масква катэгарычна супраць газаправоду з Катару, паколькі праект у выпадку рэалізацыі падрывае дамінаванне расійскіх карпарацый на еўрапейскім рынку энерганосьбітаў.

Доўгі час арабскія шэйхі спрабавалі пераканаць Расію. Так, яны былі гатовыя гарантаваць Асаду далейшае знаходжанне пры ўладзе, набыць у Расіі зброі аж на 15 мільярдаў і інш. Аднак Пуцін цудоўна разумее, што катарскі газ ў Еўропе проста паставіць крыж на яго амбіцыях адраджэння звышдзяржавы. У выніку пачаўся канфлікт. Паступова сітуацыя перайшла ў плоскасць, калі ў сірыйскага прэзідэнта такая альтэрнатыва: або ён бяжыць з краіны, або змагаецца, руйнуючы сваю адміністратыўную і гаспадарчую сістэму. Здаецца, што, не маючы волі аспрэчыць пазіцыю Масквы, Башар Асад будзе змагацца да апошняга патрона.

— Такім чынам, спонсарамі сірыйскага супраціву з’яўляюцца арабскія шэйхі?

— Мяркую, што дачыненне таксама мае амерыканская энергакампанія «Exxon», дарэчы, найбольшы бенефіцыяр іракскай кампаніі. Як вядома, пасля падзення рэжыму Хусейна, новы іракскі ўрад аддаў карпарацыі манапольнае права — 50 гадоў распрацоўваць нафтавыя запасы Іраку. Іншымі словамі, праект газаправоду Катар — Еўропа неяк звязаны з Белым домам. Думаю, што ў Вашынгтоне таксама не ў захапленні ад развіцця сірыйска-іранскага супрацоўніцтва ў галіне ракетнай вытворчасці. Увогуле, любая спроба стварэння ў любой арабскай краіне сваёй індустрыяльнай базы вельмі пужае Захад. Не выпадкова, гістарычны паварот Егіпта ад СССР у бок ЗША ў 1970-я гады суправаджаўся разбурэннем інфраструктуры, якую егіпцяне пабудавалі з дапамогай Масквы. У часы прэзідэнта Садата на егіпецкіх вайсковых авіяцыйных заводах пачалі рабіць каструлі.

— Неяк цяжка ўявіць сабе, што купка замежных наёмнікаў, як вы кажыце, здольная дэстабілізаваць краіну…

— Па-першае, не купка. Называецца лічба да ста тысяч чалавек. І гэта не так цяжка зрабіць, як вам падаецца. У якасці прыкладу возьмем Адэсу. Калі заблакіраваць на тыдзень галоўныя выхады з гораду, дакладна пачнуцца паніка сярод гараджан і крызіс камунальнай гаспадаркі. Калі працы няма, людзі самі гатовыя ісці ў наёмнікі. Акрамя таго, стаўка рабілася спачатку на правакацыі ў бедных гарадах і мясцовасцях, дзе жадаючых узяць у рукі зброю было шмат. Галоўнае — стварыць ілюзію, што сапраўды пачаўся хуткі абвал рэжыму. Вялікую ролю тут згулялі спадарожнікавыя каналы з арабскіх краін. Напрыклад, некалі дзён распавядалі, як у нейкім горадзе жаўнеры Асада забілі дзяўчынку, якая пісала антыўрадавыя графіці. Такім чынам, узнікла крытычная маса незадаволеных, якая дала імпульс новым антыўрадавым акцыям.

— Няўжо антыўрадавыя пратэсты выключна штучныя і справакаваныя?Відавочна, што супярэчнасці ў Сірыі таксама прысутнічалі.

— Асад і яго палітычны лад не былі ідэальнымі. Перш за ўсё, гэта тычыцца палітычнай сферы. Па закону, забаранялася крытыкаваць прэзідэнта. Акрамя таго, у сярэдзіне 1970-х гадоў бацька цяперашняга прэзідэнта заключыў пакт з буржуазіяй, дазволіўшы ёй займаць пасады ў афіцыйнай партыі «Баас». Гэта выклікала карупцыю і ідэйную эрозію ўнутры партыі. Нядзіўна, што хутка пачалося тое, што было ў вас у часы Брэжнева. Я кажу пра фармалізм. Маладыя людзі ішлі ў «Баас» выключна таму, што гэта давала ім больш шансаў, напрыклад, пры паступленні ў ВНУ. Не вельмі падабалася людзям і засілле спецслужбаў. Аднак гэтыя праблемы не значылі крызіс легітымнасці рэжыму Асаду. Эканамічны стан у Сірыі быў дастаткова някепскі. Прынамсі, лепшы, чым у суседнім Егіпце.

— Да прычынаў пратэстаў у Сірыі адносяць і той факт, што Асад і яго атачэнне — гэта алавіты (шыіцкая секта), а большасць жыхароў Сірыі — суніты.

— Пра канфесійныя прыналежнасці пачалі казаць не так даўно. Раней гэта тэма нікога не цікавіла. Алавітаў, сапраўды, шмат сярод сілавікоў. Гэтую кадравую палітыку заклаў бацька Башара, які, як алавіт, хацеў больш гарантый адданасці ад свайго атачэння. Аднак у іншых сферах перавагі алавітаў няма. Напрыклад, жонка ў Асада — сунітка.

— З’явілася інфармацыя пра тое, што Асад у барацьбе з апазіцыяй прыцягнуў на свой бок курдаў. Ці значыць, што на мапе Сірыі можа, як і ў Іраку, з’явіцца курдская аўтаномія?

— Курдскія этнічныя вайсковыя часткі, дзейнічаючы ў кантакце з сірыйскай дзяржаўнай арміяй, сапраўды, узялі пад кантроль частку тэрыторый на поўначы краіны і забяспечваюць там парадак. Аднак я не вялікі прыхільнік такой кааперацыі. Відавочна, што наступным крокам з боку курдаў стане патрабаванне палітычнай аўтаноміі. Між тым, сірыйскае грамадства да такой аўтаноміі не гатовае. Максімум, на што могуць пагадзіцца эліты ў Дамаску, — гэта курдская культурная і моўная аўтаномія. Гэта складае глебу для канфлікту ў будучыні і магчымасць паўтарэння іракскага сцэнару, дзе курды падтрымалі заходнюю вайсковую інтэрвенцыю, каб Ірак стаў дэ-факта федэрацыяй.

— Доўг час лічылася, што Ізраіль і Сірыя, нягледзячы на знешнюю узаемную агрэсіўную рыторыку, на самай справе някепска сябруюць. Аднак цяпер Тэль-Авіў нечакана падтрымлівае сірыйскую апазіцыю, сярод якой таксама шмат людзей з Аль-Каіды.

— Аль-Каіда — не такі небяспечны для Ізраіля праціўнік, як ліванская партыя «Хезбалах», якая фінансуецца Дамаскам. Вайна 2008 года, калі «Хезбалах» абстрэльваў ракетамі нават раёны ў цэнтры Тэль-Авіву, давяла, што Ізраіль практычна бяссільны перад гэтай мілітарнай радыкальнай групоўкай. Таму свае падставы атакаваць Асада ў ізраільцян ёсць.

— Чым можа скончыцца сірыйская грамадзянская вайна?

— Трагедыя ў тым, што ў вайне ў Сірыі пераможцаў не будзе, паколькі пакутуе перш за ўсё сірыйскі народ. Улады кожны момант могуць з’ехаць у Іран, а апазіцыянеры і так сядзяць у дарагіх гатэлях у Турцыі. На тэрыторыі Сірыі ідзе вайна паміж Расіяй і ЗША. Пакуль Масква і Вашынгтон не дамовяцца, сірыйцы будуць пакутаваць.