У тэрактах у дзвюх мячэцях Йемена загінулі не менш за 126 чалавек
У выніку выбухаў смяротнікаў у дзвюх мячэцях сталіцы Йемена Сане загінулі па меншай меры 126 чалавек, больш за 250 былі параненыя.

Смяротнікі падарвалі сябе ў пятніцу, падчас малітвы ў дзвюх мячэцях, якія ў асноўным наведваюць шыіцкія паўстанцы-хусіты, якія кантралююць Сану з мінулай восені.
Адказнасць за напад узяла на сябе групоўка "Ісламская дзяржава" (ІГ), якая дзейнічае ў Йемене з лістапада мінулага года.
Па дадзеных карэспандэнтаў, хоць раней і было вядома аб дзеяннях ІГ ў Йемене, да сённяшняга дня баевікі ні разу не бралі на сябе адказнасць за буйныя атакі. Калі заява пацвердзіцца, то гэты напад ІГ будзе першым у Йемене.
У апошнія месяцы паміж хусітамі і іншымі групоўкамі ў Йемене, у тым ліку "Аль-Каідай", часта адбываюцца ўзброеныя канфлікты.
"Кроў лілася ракой"
Па словах відавочцаў, мячэць Бадр на поўдні Саны атакавалі як мінімум двое смяротнікаў. Адзін з іх зайшоў унутр будынка, дзе прывёў у дзеянне выбуховую прыладу ў натоўпе вернікаў. Калі тыя, хто выжыў, накіраваліся да галоўных варот, там іх ужо чакаў другі смяротнік.
Паводле інфармацыі тэлеканала "Аль-Джазіра", сярод ахвяраў тэракту — вядомы прапаведнік-хусіт, імам гэтай мячэці.
Мужчына, які знаходзіўся ў мячэці Аль-Хашуш на поўначы сталіцы, сказаў, што выбухной хваляй яго адкінула на два метры.
"Галовы, ногі і рукі мёртвых людзей былі раскіданыя на падлозе мячэці, — сказаў Мухамед аль-Ансі ў інтэрв'ю агенцтву "Асошыэйтэд прэс". — А кроў лілася ракой".
Паводле яго слоў, тыя, хто не былі забітыя ў выніку выбуху, атрымалі сур'ёзныя траўмы ад пабітых аконных шыбаў.

У выніку нападаў лік забітых і параненых вымяраецца сотнямі

Бальніцы ў Сане просяць людзей здаваць кроў

У выніку нападаў значны ўрон нанесены і мячэці
У чацвер аэрапорт Адэна — другога па велічыні горада Йемена — быў зачынены ў сувязі з баямі паміж паўстанцамі-хусітамі і прыхільнікамі ўцекача з Саны прэзідэнта Мансура Хадзі.
Хусіты захапілі Сану два месяцы таму, узяўшы пад кантроль урадавыя будынкі.
Хадзі атрымалася бегчы з-пад хатняга арышту ў Адэн — найбуйнейшы порт краіны і былую сталіцу Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Йемен, якая існавала да аб'яднання дзяржавы ў 1990 годзе.
Паводле www.bbc.co.uk