Турысты з Еўропы забітыя пры нападзе на музей у Тунісе
Не менш за 19 чалавек, у тым ліку 17 замежных турыстаў, забітыя ў выніку нападу ўзброеных баевікоў у аднайменнай сталіцы Туніса, праінфармаваў кіраўнік урада краіны Хабіб Есід.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, сярод загінулых — грамадзяне Італіі, Іспаніі, Польшчы і Германіі, а таксама двое тунісцаў, адзін з якіх быў супрацоўнікам паліцыі. Не менш за 22 турысты і двое жыхароў краіны былі параненыя, паведаміў Есід.

Відавочцы кажуць, што тыя, хто нападаў, стралялі ў турыстаў, якія выходзілі з аўтобусаў, а затым нападнікі ўвайшлі ў музей
У сераду невядомыя, узброеныя аўтаматамі, уварваліся ў музей, размешчаны побач з будынкам парламента Туніса, і адкрылі агонь па наведвальніках.
Паведамляецца, што тыя, хто нападаў, захапілі ў закладнікі некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх — турысты з еўрапейскіх краін.
Крытычны момант
У ходзе аперацыі сіл бяспекі двое з тых, хто нападаў, былі забітыя, таксама загінуў адзін паліцыянт. Усе закладнікі былі выратаваны. Цяпер спецслужбы прачэсваюць навакольныя кварталы ў пошуках магчымых саўдзельнікаў тэрарыстаў.

Сілы бяспекі Туніса ачапілі будынак музея
Падчас нападу дэпутаты парламента Туніса, які размяшчаецца побач з музеем, абмяркоўвалі законапраект аб барацьбе з тэрарызмам. Пасяджэнне давялося перапыніць, а дэпутатаў — эвакуяваць.
Спачатку паведамлялася, што будынак парламента і быў мэтай нападнікаў. Пазней стала зразумела, што баевікі ўварваліся ў музей "Бардо", які знаходзіцца непадалёк.
Работнік музею распавёў агенцтву Рэйтар, што двое баевікоў адкрылі агонь па турыстах, якія выходзілі з аўтобусаў, пасля чаго накіраваліся ўнутр музея.

Больш за два дзясяткі чалавек былі параненыя ў ходзе нападу
"Гэта крытычны момант у нашай гісторыі і момант, які вызначыць нашу будучыню, — сказаў прэм'ер-міністр у звароце да народа. — Мы пакуль не ўсталявалі асобы двух тэрарыстаў. Даклад не канчатковы. Па наяўных дадзеных, гэтым двум тэрарыстам маглі дапамагаць яшчэ два ці тры агенты".
Як паведаміў прэс-сакратар МУС Туніса, у нападзе ўдзельнічалі "двое ці больш тэрарыстаў, узброеных аўтаматамі Калашнікава".

Паліцыянты ў цывільным даглядаюць аўтамабілі на прылеглых да музея вуліцах
Нацыянальны музей "Бардо", знакаміты сваёй калекцыяй старажытнасцяў, папулярны сярод турыстаў, якія прыязджаюць у Туніс.
Турызм мае выключнае значэнне для эканомікі Тунісу, чые курорты прыцягваюць адпачывальнікаў з еўрапейскіх краін. Сярод усіх краін, якія перажылі рэвалюцыі "арабскай вясны", змена ўлады ў Тунісе суправаджалася найменшым узроўнем гвалту.
У апошні час бяспека ў Тунісе выклікае непакой, які расце па меры таго, як становішча ў суседняй Лівіі становіцца ўсё больш нестабільным.
Значная колькасць тунісцаў адправіліся ваяваць у Сірыю і Ірак. Існуюць асцярогі, што ісламскія баевікі, якія вяртаюцца назад, зладзяць напады і ў сябе на радзіме.
