Колькасць ахвяр тэракту ў Тунісе ўзрасла да 21, з іх 19 — турысты
Колькасць ахвяр тэракту ў музеі "Бардо" ў сталіцы Туніса складае 21 чалавек. Такія дадзеныя агучыў сёння прэм'ер-міністр Францыі Мануэль Вальс на прэс-канферэнцыі ў Парыжы.
"Згодна з інфармацыяй, колькасць ахвяр складае 21 чалавек, — паведаміў кіраўнік урада. — Сярод іх — двое супрацоўнікаў праваахоўных органаў, 19 замежных турыстаў. Яшчэ 44 чалавекі параненыя".
Як падкрэсліў Вальс, трагедыя ў Тунісе ў чарговы раз паказала, што "барацьба з тэрарызмам — больш, чым калі-небудзь, стала агульнай справай" для ўсіх цывілізаваных краін.
"Ні адна дзяржава не знаходзіцца ў бяспецы, ні адно грамадства не адчувае сябе пад абаронай", — указаў ён.
Французскі прэм'ер таксама адзначыў, што Парыж "салідарны і цалкам падтрымлівае" усе дзеянні туніскіх уладаў па супрацьдзеянні тэрору.
"Тое, што адбылося — вельмі сур'ёзна. Гэта ўсяго ў дзвюх гадзінах палёту ад нас, — дадаў Вальс. — Туніс — гэта дружалюбная нам краіна, там шмат пражывае франка-тунісцаў, з гэтай краінай у нас даўнія сувязі".
Нагадаем, пераапранутыя ў ваенную форму баевікі 18 сакавіка пад'ехалі на машыне да тэрыторыі музея "Бардо" у Тунісе, дзе таксама размешчаны будынак парламента, і адкрылі бязладны агонь з аўтаматычнай зброі.
Пасля гэтага яны захапілі там замежных турыстаў. У момант нападу ў музеі і каля яго знаходзіліся не менш за 100 наведвальнікаў, большасць з якіх удалося своечасова эвакуіраваць.
Спецаперацыя па вызваленні закладнікаў доўжылася каля чатырох гадзін. Двое тэрарыстаў былі знішчаныя пры штурме. Згодна з першай інфармацыяй, тэракт арганізавалі баевікі з групоўкі "Окба ібн Нафаа", звязанай з "Аль-Каідай ў краінах ісламскага Магрыба".
Адказнасць за зробленае на сябе пакуль ніхто не ўзяў.