Урады ў выгнанні

Апошнім часам з’явіліся заклікі з прапановай стварыць беларускі ўрад у выгнанні, які прадстаўляў бы і адстойваў нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь за мяжой. Што такое ўрад у эміграцыі і для чаго ён патрэбны?



366ce3dedb69b786dae1aa8d75e4e765.jpg

Апошнім часам з’явіліся заклікі з прапановай стварыць беларускі ўрад у выгнанні, які прадстаўляў бы і адстойваў нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь за мяжой. Што такое ўрад у эміграцыі і для чаго ён патрэбны?
Кажучы юрыдычнай мовай, урад у эміграцыі — гэта група людзей, якая сцвярджае, што з’яўляецца больш легітымнай уладай для краіны Х, чым урад, які фактычна тую краіну Х у дадзены момант кантралюе. І паколькі з розных прычын знахо­дзіцца на радзіме група не можа, даводзіцца выконваць урадавыя функцыі за межамі з надзеяй у адзін цудоўны дзень вярнуцца дадому.
Калі сыходзіць з гэтых крытэрыяў, то, напэўна, першым эміграцыйным урадам у гісторыі быў Савет Яго Вялікасці, які дзейнічаў у Нідэрландах у часы Англійскай Рэспублікі. Савет Рэспубліку не прызнаваў і актыўна рыхтаваўся да рэстаўрацыі манархіі на чале з Карлам Другім. У падобным фармаце працаваў дом Бурбонаў пасля Французскай рэвалюцыі. У 1795 годзе, пасля захопу Нідэрландаў французамі, у Лондане быў створаны эміграцыйны офіс Галандскай Рэспублікі, які існаваў тут да 1815-га. У час грамадзянскай вайны ў ЗША дзейнічалі эміграцыйныя кабінеты тых рабаўладальніцкіх штатаў, якія былі акупаваныя войскамі Саюзу.
Аднак у міжнародным праве паняцце «эміграцыйны ўрад» склалася падчас Першай сусветнай вайны, калі ў эміграцыі пабывалі ўрады шмат якіх дзяржаў. Яшчэ ў большых маштабах такая практыка назіралася ў 1939–1945 гадах. Эміграцыйныя ўрады мелі Бельгія, Нарвегія, Францыя, Польшча, Індыя, Грэцыя…
На цяперашні дзень у эміграцыі дзейнічаюць урады наступных дзяржаў: Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), год пачатку дзейнасці за мяжой — 1920, Бірманскі Саюз (з 1990 года), Іранская манархія (з 1979), Лаоскае каралеўства (з 1975), Кітайская Рэспубліка (з 1949), Каралеўства Эфіопіі (з 1974), Арабская Дэмакратычная Рэспубліка Сахраві (Заходняя Сахара) з 1976 года, Тыбет (з 1959), Ісламскія Эміраты Афганістану (з 2001), Заходняя Папуа (з 1963), Біафра (з 1970), Усходні Туркестан (з 2003), Заходні Курдыстан (з 2004) і г.д. У Еўропе дзейнічаюць цэнтры Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя, аднак з гэтай фармацыяй татальны неразбярыха. У 2007 годзе частка яе кіраўніцтва вырашыла, што Чачні ім замала, і абвясціла сябе ўрадам Каўказскіх Эміратаў, што справакавала ўнутраны канфлікт.
Асобная сітуацыя з Палесцінай, кіраўніцтва якой быццам знаходзіцца не ў эміграцыі, аднак у ААН як асобны сябра не прадстаўлена.
Часам функцыі эміграцыйных урадаў прысвойваюць сабе арганізацыі і партыі. Так, пераемнікамі ўраду В’етнамскай Рэспублікі, якая нягледзячы на дапамогу амерыканцаў ляснулася ў 1975 годзе, лічыць сябе ўрад так званага Свабоднага В’етнаму. Фактычна, аднак, гэта радыкальная антыкамуністычная арганізацыя в’етнамскіх эмігрантаў у ЗША. На базе Паўднёва-заходняй афрыканскай народнай партыі (SWAPO) у 1962 годзе ў Конга ўзнік эміграцыйны ўрад Намібіі і г.д.
Якія магчымасці надае міжнароднае права ўраду ў эміграцыі? Быццам, не такія і малыя. Напрыклад, права мець сваю канстытуцыю, войска, дыпламатычны корпус і нават праводзіць выбары, але галоўнае — быць суб’ектам міжнародных дамоваў.
Аднак амбасады эміграцыйных урадаў можна пабачыць вельмі рэдка. У час вайны фашысцкія дзяржавы прызналі ўрад Свабоднай Індыі (групоўка, якая змагалася супраць брытанскай каланізацыі Індыі). Да 1978 года — што можа лічыцца дыпламатычным подзвігам — у Іспаніі, Ватыкане і Ірландыі Польшчу прадстаўляў эміграцыйны лонданскі ўрад.
У гэтай сувязі значна часцей на прызнанне эмігранты могуць разлічваць з боку калег. Так, эміграцыйны ўрад Грузіі Звіяда Гамсахурдыя прызнаў Чачэнскую Рэспубліку Ічкерыя.
Аднак галоўная функцыя эміграцыйных урадаў, безумоўна, сімвалічная. Сваім існаваннем яны даводзяць, што палітычны рэжым на бацькаўшчыне не мае легімітызацыі. У свой час савецкая прапаганда вялікае месца адводзіла крытыцы эмігранцкіх урадаў Украіны, Польшчы і Балтыі. Асабліва агітпроп смакаваў скандалы ўнутры замежных урадаў. З умовай таго, што асаблівай дынамікі там не было, то такія канфлікты — цалкам натуральная рэч. Трэнд ілюструе цікавы казус, які адбыўся падчас таго, як эміграцыйны ўрад Эстоніі ў 1992 годзе перадаў свае рэгаліі афіцыйнаму Таліну. Тады фракцыя эмігрантаў заявіла, што Эстонская Рэспубліка, якая паўстала ў 1991 годзе, не сапраўдная, паколькі там не дзейнічае канстытуцыя 1938 года. Адпаведна, гэта фракцыя дасюль намагаецца называць сябе сапраўдным эстонскім эміграцыйным урадам.
Дарэчы, эміграцыйныя цэнтры могуць не толькі сварыцца. У 1982 годзе кампучыйскія чырвоныя кхмеры і манархісты стварылі эміграцыйны ўрад Дэмакратычнай Кампучыі, які разам і вельмі паспяхова змагаўся супраць в’етнамскіх войскаў, што акупавалі край.
Натуральна, эмігранты спрабуюць уплываць на палітычныя працэсы там, адкуль збеглі. Як вядома, шматлікія сябры лонданскага ўраду Польшчы выступалі на радыё «Свабодная Еўропа». Ёсць больш жорсткі варыянт. Так, у 1999 годзе в’етнамская паліцыя арыштавала групу баевікоў групы Свабодны В’етнам, якія планавалі ўзарваць цэнтральны помнік Хо Шы Міну ў Ханоі.
Які лёс эміграцыйных урадаў? У горшым выпадку, іх могуць папросту фізічна забіць з-за змены кан’юнктуры. Так, былі закатаваныя ўсе сябры ўраду Каталонскай Аўтаноміі, якая пабачыла свет у час Рэспублікі ў Іспаніі. Пасля акупацыі Францыі ў 1940 годзе нацысты перадалі іх Франка. Таксама ўрады могуць проста знікнуць з-за адсутнасці перспектыў, як урад Дэмакратычнай Рэспублікі Грузія, распушчаны ў 1954 годзе. У самым лепшым выпадку, эмігранты становяцца сімваламі апазіцыі і маюць усе шансы вярнуцца на радзіму як героі. Лепшым прыкладам тут з’яўляецца Шарль дэ Голь і яго арганізацыя «Свабодная Францыя». У 1949 годзе першым прэзідэнтам Паўднёвай Карэі стаў Лі Сын Ман, які ўзначальваў эміграцыйны ўрад Карэі, створаны яшчэ ў часы японскай акупацыі.
Часам эмігранты па вяртанні ўступаюць у канфлікты з мясцовымі апазіцыянерамі, якія не жадаюць аддаваць уладу чужакам. Да прыкладу, часовы ўрад Алжырскай Рэспублікі, як дзейнічаў з 1958 года ў Егіпце, пасля рэпатрыяцыі нейкі час змагаўся з Фронтам нацыянальнага вызвалення. Праўда, усё закончылася кампрамісам.
Можна вярнуцца на радзіму не ў статусе кандыдатаў на вялікія пасады, а ў статусе тых, хто сімвалічна захаваў у кепскія для краіны часы дух супраціву, незалежнасці, дэмакратыі. Так сталася з сябрамі эміграцыйных урадаў Эстоніі, Украіны, Польшчы, Літвы. На працягу 1990-х гадоў усе яны склалі свае паўнамоцтвы кіраўнікам краін, якія паўсталі на рэштках савецкага блоку. Гэтая працэдура перадачы сімвалаў улады выклікала ў згаданых краінах вялікі ўздым пачуцця нацыянальнага адзінства. З краін былога СССР толькі Беларусь захавала эміграцыйны ўрад у выглядзе Рады БНР. Пакуль, на жаль, няма ніводнай прыкметы таго, што місія Рады БНР — «адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасці» — страціла актуальнасць, і можна заспакоіцца.