Вакарчука ў прэзідэнты!
Бой навагодніх курантаў ва Украіне анансаваў старт прэзідэнцкай кампаніі 2019 года. Сярод фаварытаў — Святаслаў Вакарчук, лідар папулярнага рок-гурта «Океан Эльзи».
Новы год стаў экватарам прэзідэнцкай кадэнцыі Пятра Парашэнкі. Да гэтай даты цяперашні прэзідэнт падышоў з вельмі супярэчлівымі вынікамі, пра што выразна сведчаць свежыя сацыялагічныя апытанні. Так, Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі ў справаздачы за 19 снежня мінулага года сцвярджае, што Парашэнку сімпатызуюць усяго 4,6 працэнта ўкраінцаў.
Прычын такога стаўлення ў электарату да Парашэнкі сапраўды хапае. Гэта і няздольнасць перамагчы карупцыйныя схемы, адным з аўтараў якіх, наадварот, як сведчыць «панамскі скандал», апынуўся сам гарант. І нявыкананае абяцанне дамагчыся для ўкраінцаў бязвізавага ўезду ў Еўропу. Нічога не зразумела з перспектывай рэінтэграцыі Данбасу. Не кажучы пра тое, што Парашэнка дагэтуль мае бізнес у Расіі, то бок плаціць падаткі ў бюджэт краіны, якую сам штодня называе агрэсарам.
Нягледзячы на мінорную сацыялогію, на Банкаўскай (кіеўскай вуліцы, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя ўкраінскага прэзідэнта) не губляюць надзеі на другі тэрмін шэфа. Стаўка, калі верыць прэсе, робіцца на штучнае мадэляванне формулы другога туру выбараў. Перад уладнымі паліттэхнолагамі ставіцца задача — правесці ў фінальны пул Парашэнку і нейкага адыёзнага палітыка. Ёсць думка, што ў спарынг-партнёры Парашэнку будуць штурхаць папуліста Алега Ляшко, які мае рэнамэ аматара нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, або экс-рэгіянала Юрыя Бойку, які па самыя вушы ў кампрамаце, звязаным з эканамічнымі злачынствамі.
Але не толькі на Банкаўскай ідзе мазгавы штурм наконт схемы выбараў 2019-га. Заходнія куратары Кіева, гледзячы па ўсім, разумеюць рэфарматарскую імпатэнцыю Пятра Аляксеевіча і шукаюць яму замену. Сярод кандыдатур называюцца экс-кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка, баксёр і мэр Кіева Віталь Клічко і, нарэшце, спявак Святаслаў Вакарчук, імя якога ўсё часцей згадваецца ў прэсе ў сувязі з палітыкай.
Пра палітычныя амбіцыі Вакарчука, які доўгі час трымаўся ўбаку ад палітыкі, пачалі казаць яшчэ ў мінулым годзе. Тады музыка нечакана апынуўся ў амерыканскім Ельскім універсітэце. У межах курсаў, якія праходзіў Вакарчук, вывучаюцца прадметы, неабходныя палітычнаму лідару. Нездарма па вяртанні са Злучаных Штатаў спявак адразу атакаваў у адкрытым лісце Парашэнку за тое, што яго ўлада не апраўдвае чаканні народа.
Хаця пра свае намеры перабрацца ў офіс на Банкаўскай Вакарчук кажа неахвотна, і часцей нават з доляй скепсісу і самаіроніі, з палітычнага поля ён упарта не сыходзіць. У якасці прыкладу — ініцыяваны ім у снежні ліст дзеячаў культуры да Парашэнкі з заклікам стварыць паўнавартасную сістэму незалежных антыкарупцыйных судоў. Так ці інакш, Вакарчук ужо фігуруе ў сацыялагічных даследаваннях па пытанні кшталту: «За каго вы будзе галасаваць, калі выбары прэзідэнта адбудуцца заўтра?». І, гледзячы па ўсім, яго сапраўды баяцца. Журналісты адзначылі, што спікеры адміністрацыі Парашэнкі сістэматычна паліваюць брудам усіх крытыкаў Парашэнкі — акрамя Вакарчука.
Чаму прэзідэнцкае атачэнне не чапае Вакарчука і чаму палітычныя тэхнолагі зацікавіліся салістам «Океана Эльзи» — зразумела. Безумоўна, Вакарчук — адзін з жывых сімвалаў незалежнай Украіны, разам з футбалістам Андрэем Шаўчэнкам і братамі Клічко. Пазнавальнасць у яго дакладна не меншая, чым у Парашэнкі і іншых палітычных лідараў. Апроч таго, у яго, як сведчыць яго біяграфія, маюцца нейкія прынцыпы. Пасля аранжавай рэвалюцыі 2004-га Вакарчук стаў дэпутатам парламенту, каб праз прыкладна год скласці мандат. Нарэшце, хто яшчэ з цяперашніх грамадзян Украіны сталага ўзросту без цяжкасці здольны мабілізаваць аўдыторыю ў 70 тысяч чалавек на стадыёне ў Кіеве і прыкладна некалькі дзясяткаў тысяч у іншых буйных гарадах краіны?
Шанцы спевака на прэзідэнцтва выглядаюць някепска, аднак ёсць і мінусы. Яго бацька, рэктар Львоўскага ўніверсітэта Вакарчук-старэйшы, быў міністрам адукацыі пры Юшчанку і нічым добрым не запомніўся. Незразумела таксама, як выхадзец з Львову будзе ўспрымацца на чале Украіны на Паўднёвым Усходзе.
Аднак, падаецца, найбольш слабае месца музыкі — яго ідэалагічная ангажаванасць. Відавочна, што ў сваіх выбарчых прапановах Вакарчук будзе пастуляваць адданасць ідэалам Майдана. Аднак з тымі ж лозунгамі на выбары пойдзе прорва іншых палітыкаў, у тым ліку нехта ад партыі Міхаіла Саакашвілі (сам Саакашвілі па ўкраінскіх законах балатавацца права не мае) або Юлія Цімашэнка.
Акрамя таго, Вакарчуку могуць скласці канкурэнцыю яго палітычныя аднагодкі — Надзея Саўчанка (кажуць, што ёй зацікавілася Германія) і папулярны акцёр Уладзімір Зяленскі. Яны таксама пазіцыянуюць сябе як прыхільнікі рэформаў і альтэрнатыва старому палітычнаму істэблішменту.
Відавочна, што, з улікам згаданых абставін, пакуль паход Вакарчука на выбары — пад пытаннем. Ці будзе музыка балатавацца, перш за ўсё залежыць ад вынікаў датэрміновых парламенцкіх выбараў, якія, на думку шмат каго, непазбежныя ў гэтым годзе і якія створаць ва Украіне абсалютна новы палітычны ландшафт.