Адкуль узяліся лічбы пра «150 тысяч уцекачоў з Украіны ў Беларусі»? Тлумачыць агенцтва ў справах ўцекачоў ААН

У канцы лістапада выведная супольнасьць InformNapalm звярнула ўвагу на незвычайныя лічбы: Уладзімір Макей, Аляксандар Лукашэнка, пасол Беларусі ва Ўкраіне ды іншыя афіцыйныя асобы публічна заяўлялі, што ў Беларусі ажно 160 тысяч уцекачоў з Украіны.

eabff031_030c_43f7_a80c_4357471b7c07_w987_r1_s.jpg

Пры гэтым паводле афіцыйных звестак МУС Беларусі, у краіне 20-30 тысяч мігрантаў з Украіны і 1 уцякач, які атрымаў афіцыйны статус; яшчэ 1089 украінцаў атрымалі «дадатковую абарону».

Аўтар расследавання прасачыў, што да заяў беларускіх афіцыйных асобаў прадстаўнік упраўлення Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў (UNHCR) Жан-Іў Бушардзі казаў пра 150 тысяч украінцаў, якія прыехалі ў Беларусь у 2014-2015 гадах. У снежні 2014 году ў аглядзе UNHCR гаварылася са спасылкай на звесткі ад уладаў пра 59,6 тысячы ўкраінскіх перасяленцаў у Беларусі, у красавіку 2015-га — пра 80,9 тысячы, у верасні 2015-га — пра 126,5 тысячы.

InformNapalm пабачыў у несупадзенні лічбаў МУС і UNHCR наўмысныя маніпуляцыі лічбамі з боку апошняга — магчыма, у фінансавых інтарэсах. Свабода тады звярнулася ў UNHCR, але не атрымала апэратыўнага камэнтара. Як выявілася, UNHCR праводзіла ўнутраную праверку, пра вынікі якой паведаміла ў студзені.

Колькі ўкраінскіх уцекачоў у Беларусі, невядома. 150 тысяч украінцаў звярталіся па від на жыхарства

UNHCR падкрэслівае, што ў ягоных справаздачах, як і ў заяве кіраўніка, гаварылася не пра колькасць уцекачоў, а менавіта пра колькасць украінцаў, якія прыбылі ў Беларусь у 2014-2015 гадах, калі пачаўся канфлікт на ўсходзе Ўкраіны. 150 тысяч — сумарная кольскасць тых, хто прасіў часовы від на жыхарства (на 3 месяцы, на 12 месяцаў) і пастаянны. Пра 160 тысяч менавіта ўцекачоў казалі толькі беларускія афіцыйныя асобы, UNHCR такіх звестак не агучвала і не перадавала беларускім уладам.

Сярод 150 тысяч украінцаў былі і тыя, хто прасіў дазвол на працу ці навучанне проста таму, што хацеў працаваць ці вучыцца ў Беларусі (а не праз вайну), і тыя, хто прыязджаў да родзічаў. Колькасьць тых, хто прыяжджаў у Беларусь з Украіны менавіта з прычыны вайны, невядомая. Як няма і звестак пра колькасьць людзей, якія перасеклі беларуска-расійскую мяжу.

Такія лічбы называліся, каб было на што арыентавацца, праз адсутнасць лепшых звестак. UNHCR не мае ад беларускай дзяржавы інфармацыі нават пра тое, колькі з тых 150 тысяч прыехалі з Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, а колькі з іншых, хоць украінцы пазначаюць папярэдняе месца пражывання, калі просяць від на жыхарства ў Беларусі.

Грамадзянін Украіны можа знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі 30 дзён, пасля можа аформіць часовае знаходжанне на 3 месяцы без тлумачэння прычынаў — проста таму, што грамадзянін Украіны мае такое права. Прасіць від на жыхарства на 12 месяцаў ці пастаянны ён можа на падставе працаўладкавання, а не на падставе ўцёкаў ад вайны. Такім чынам, украінцы могуць выбіраць для сябе больш прымальны спосаб атрымаць від на жыхарства і не абавязаныя даказваць, што ўцякаюць ад вайны.

«Мы праводзім рэгулярныя сустрэчы з украінцамі, калі ездзім па рэгіёнах, і заўсёды тлумачым ім, што яны маюць магчымасьць звяртацца па абарону ў Беларусі, — кажа дарадца ў прававых пытаннях UNHCR Цімафей Саладкоў. — Нехта кажа: так, будзем звяртацца. Але большасць, асабліва тыя, хто атрымаў дазвол на пастаяннае пражыванне, не зацікаўленыя падаваць дакументы, каб стаць уцекачом афіцыйна.

Я не казаў бы, што яны, напрыклад, прыехалі проста да сваякоў, я казаў бы пра змяшаныя прычыны. Груба кажучы, я не ахвяра канфлікту, але баюся таго, што са мной можа здарыцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Ўкраіны, і выбіраю такі спосаб застацца ў Беларусі, як від на жыхарства».

Саладкоў кажа, што ва ўкраінцаў, якія не звяртаюцца па статус уцекача ў Беларусі, а проста жывуць зь відам на жыхарства, усё роўна ёсць праблемы, у якіх не пашкодзіць дапамога:

«Я магу казаць толькі пра тых людзей, з якімі мы сустракаемся, але гэта відавочна не ўсе. Асноўнае пытанне — ім патрэбна працаўладкаванне. Частка людзей, асабліва старэчага ўзросту, кажа, што ня можа аформіць пенсіі і сацыяльныя выплаты, калі ў іх часовае пражыванне. З часовым пражываннем можна аформіць толькі выплаты на догляд дзіцяці, і тое пры пэўных умовах».

Паводле Радыё Свабода