Ватыкан і іншапланецяне

Сенсацыяй закончылася арганізаваная ў Ватыкане пры мясцовай Акадэміі навук канферэнцыя па так званай астрабіялогіі. Ватыкан схіляецца да таго, каб не толькі прызнаць наяўнасць іншапланетных формаў жыцця, аднак нават вітаць у якасці братоў на планеце Зямля зялёных чалавечкаў.



076023edc9187cf1ac1f1163470e479a.jpg

Сенсацыяй закончылася арганізаваная ў Ватыкане пры мясцовай Акадэміі навук канферэнцыя па так званай астрабіялогіі. Ватыкан схіляецца да таго, каб не толькі прызнаць наяўнасць іншапланетных формаў жыцця, аднак нават вітаць у якасці братоў на планеце Зямля зялёных чалавечкаў.
Тэндэнцыя прызнання ў Рыме гіпотэзы пра існаванне ў сусвеце іншых формаў жыцця яскрава праявілася прыкладна год таму, калі ў “L’Osservatore Romano (штодзённік, які выдае Ватыкан) з’явілася інтэрв’ю 45-гадовага навукоўца айца Хасэ Габрыэля Фунеса. Інтэрв’ю выйшла пад назвай “Іншапланецянін — гэта мой брат.
Аўтар сярод іншага адзначыў: “Я мяркую, што ў прызнанні Касцёлам існавання іншапланецян няма супярэчнасці. Калі існуе шмат тварэнняў на зямлі, магчыма, існуюць іншыя віды, нават разумныя, якія былі створаныя Богам. Гэта не супярэчыць веры, паколькі мы не можам паставіць межы Божай свабодзе тварэння. Лагічна развіваючы выказванне Святога Францыска, калі мы можам разглядаць зямныя стварэнні як “сясцёр і “братоў, чаму мы не можам казаць пра брата іншапланецяніна? Ён таксама можа быць плодам тварэння.
Пасаж святара пра іншапланецян выклікаў рэакцыю ў СМІ. Хаця каталіцкая царква ніколі не рабіла афіцыйных заяў наконт неіснавання жыцця на іншых планетах, як вядома, доўгі час яна абараняла тэорыю геацэнтрычнай мадэлі сусвету, дзе Зямля ў цэнтры ўсяго. Ахвярамі абароны такой дактрыны былі шматлікія навукоўцы часоў Адраджэння. Акрамя таго, бацькі хрысціянства заўсёды казалі, што Бог стварыў Зямлю менавіта дзеля чалавека.
Праз год пасля таго інтэрв’ю каталіцкая царква пайшла яшчэ далей. На мінулым тыдні ў Рыме правялі канферэнцыю па так званай астрабіялогіі. Астрабіялогію цяжка назваць паўнавартаснай навукай. Хутчэй, гэта кангламерат навуковых тэорый, якія яднае думка: чалавек — не адзіная разумная форма існавання. У космасе ёсць іншыя цывілізацыі.
Вынікі пасяджэння падводзіў усё той жа айцец Хасэ Фунес. “Нягледзячы на тое, што астрабіялогія — гэта маладая навука, якая толькі развіваецца, пытанне пра вытокі жыцця, ці ўвогуле існавання жыцця недзе ў сусвеце, ёсць вельмі цікавае і заслугоўвае сур’ёзнага разгляду. Гэтыя пытанні патрабуюць падключэння шматлікіх філасофскіх і тэалагічных тэорый, — сказаў ён.
Хаця Фунес адкрытым тэкстам не заклікаў карэктаваць Святое Пісанне з пункту гледжання астрабіялогіі, ягоныя словы, дый увогуле ўсё мерапрыемства, апынуліся ў фокусе шырокай дыскусіі ў СМІ.
 

 

Галоўных тэмаў абмеркавання некалькі. Чаму менавіта зараз Касцёл пачаў цікавіцца пытаннем, якім раней займаліся галоўным чынам стваральнікі фантастычных фільмаў і літаратуры?
Пытанне другое: ці сапраўды жыццё на іншых планетах, калі яно, натуральна, існуе, справа аднаго і таго ж працэсу, за якім стаяў адзін і той да аўтар? Нарэшце, як ставяцца да новых веянняў у Святым Рыме ў кантэксце цяперашняй грамадска-палітычнай сітуацыі?
Перш за ўсё, аднак, адзначым, што тут не абышлося без жартаў. На інтэрнэт-форумах няма дэфіцыту ў прыколах наконт таго, што браты па розуму з іншых планет могуць не вельмі пасаваць устаноўкам царквы на планеце Зямля. Перш за ўсё, упартаму нежаданню Касцёла прызнаць кантрацэпцыю, правы гомасексуалістаў і права жанчын займаць пасады біскупа.
Гумарысты задаюць правакацыйныя пытанні. А што калі іншапланецяне апынуцца гомасексуалістамі? Іх таксама вітаць? А што калі ў іншапланецян будзе тры пола: мужчынскі, жаночы і неякі? Такая пачвара зможа стаць біскупам?
Жарты жартамі, аднак крокі Ватыкана вельмі цікавыя. На думку некаторых аналітыкаў, за імі стаіць маніторынг навуковых касмічных даследаванняў. Кантакты з цывілізацыямі пакуль што справа доўгая. А вось перспектыва адкрыцця прымітыўных мікраарганізмаў на Месяцы або Марсе выглядае не такой ужо фантастычнай. Зараз у асяроддзі навукоўцаў шмат спекуляцый з прычыны адкрыцця ў атмасферы Марса метану, што быццам дае падставы падазраваць наяўнасць на планеце мікраарганізмаў. Калі іх знойдуць, пастулаты Касцёла ў такім выпадку не будуць здавацца супярэчлівымі.
Тут, натуральна, не абышлося без спекуляцый наконт таго, што Святы Рым даўно ўстанавіў кантакты з НЛА. У прэсе згадваюць, што ў 1990 годзе 87-гадовы амерыканскі вучоны Альберт Брус Коллінс даў інтэрв’ю, у якім заявіў, што працаваў у праекце “Архангел, які даследаваў іншапланетны карабель, што ўпаў на зямлю. “Архангел быў закрытым праектам, які курыравалі ЦРУ і… Ватыкан.
Праўда, навукоўцы настроеныя не так аптымістычна наконт апошніх ідэяў папістаў. Пол Дэвіс, фізік з Арызонскага універсітэта, у інтэрв’ю “Washington Post кажа, што адкрыццё пазазямной формы жыцця будзе цяжкім іспытам для царкоўнай дактрыны. Хрысціяне заўсёды верылі ў тое, што Ісус Хрыстос быў інкарнацыяй Бога. Каб выратаваць чалавека, Бог абраў вобраз чалавека. Не дэльфіна і не шымпанзэ або нейкага зялёнага чалавечка.
Праўда, у аматараў новых тэорый ужо ёсць адказ на гэту недарэчнасць у аргументацыі. Той жа Фунес трактаваў інкарнацыю Бога ў вобразе Ісуса наступным чынам: чалавек створаны па вобразу Бога. Проста зямлянам больш пашанцавала ў гэтым сэнсе. У адрозненні ад жыхароў іншых планет.
Самае цікавае, што рашэнне наконт іншапланецян прывіталі амаль усе левыя выданні. “Калі ўжо Касцёл пагадзіўся прызнаць і вітаць пачвар з іншых планет, можа, у адзін цудоўны дзень ён прызнае гомасексуалістаў і кантрацэпцыю? І нават жанчыну на пасадзе біскупа, — піша галоўны орган брытанскіх левых “The Guardian.