Вяртанне Кучмы
Дэмакратычная грамадскасць Украіны б’е трывогу: з абраннем Віктара Януковіча на пасаду прэзідэнта пачалося паступовае вяртанне кучмаўскіх парадкаў. Наколькі можна верыць падобным
апакаліптычным прагнозам? Пра гэта і іншыя аспекты ўкраінскай палітыкі журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Юрыем Дакукіным.
Дэмакратычная грамадскасць Украіны б’е трывогу: з абраннем Віктара Януковіча на пасаду прэзідэнта пачалося паступовае вяртанне кучмаўскіх парадкаў. Наколькі можна верыць падобным
апакаліптычным прагнозам? Пра гэта і іншыя аспекты ўкраінскай палітыкі журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Юрыем Дакукіным.
— Працытую фрагмент артыкула аўтарытэтнага ў дэмакратычных украінскіх колах часопіса «Тиждень»: «Калі не прыпыніць новую ўладу сёння, заўтра ўкраінцы прачнуцца ў
СССР». Ці варта верыць заявам пра вяртанне палітычнай рэакцыі?
— На дадзены момант уся рэакцыя абмежавалася арыштам 25-гадовага хлопца Каханоўскага, які аўтагенам намаляваў зорку на бюсце Леніна на платформе адной са станцый кіеўскага метро. Аднак
Каханоўскага пасадзілі не за гэта, а за бойку з міліцыяй. Прычым усяго на два тыдні. Адначасова быў праведзены ператрус у журналісткі, якая вядомая сваімі кантактамі з экстрэмісцкай групоўкай
нацыянал-аўтаномаў. Супраць апошніх таксама распачалі крымінальную справу за бойку з міліцыянтамі. Вось і ўсё. Пакуль назваць «рэакцыяй» гэта цяжка. Хутчэй, можна сказаць, што
міліцыя выконвае свае прамыя абавязкі.
— Як у такім выпадку можна разумець намер запарожскіх камуністаў паставіць помнік Сталіну?
— Ідэя ўстаноўкі помніка Сталіну не звязана з пераездамі на Банкаўскай (вуліца, на якой знаходзіцца Адміністрацыя прэзідэнта Украіны). Лідэры Кампартыі папросту канстатавалі, што іх
электарат скараціўся да 3–4 працэнтаў. Прычым гэта, як правіла, пенсіянеры. Патрэбна яго кансалідаваць, каб не згубіць апошняе. Лепшае выйсце — вайна за сімвалы. Прычым, калі ў
камуністаў было ўсё добра з рэйтынгам, яны, наадварот, вялі кампанію супраць культу Сталіна. Напрыклад, існавала забарона на прысутнасць сталінскіх партрэтаў на акцыях КПУ. Цяпер для папулярызацыі
брэнда КПУ сярод старых людзей як мага часцей пачала выкарыстоўвацца сталінская сімволіка.
— Зноў цытата. На гэты раз з улёткі, якую раздаюць зараз амаль каля кожнага кіеўскага ВНУ: «Хлопцы і дзяўчаты, час дзейнічаць! Міністрам адукацыі стаў свядомы расійскі
шавініст і ўкраінафоб Дзіма Табачнік». Маю на ўвазе дастаткова рэзанансную кампанію за адстаўку цяперашняга міністра адукацыі. Ці сапраўды са з’яўленнем Табачніка Украіне пагражае
«інтэнсіўная русіфікацыя?
— На маю думку, «антытабачная» кампанія — спроба аранжавай апазіцыі заявіць пра сябе. Хутчэй, гэта Табачніку і Партыі рэгіёнаў патрэбныя такія акцыі. Што могуць
рэальна прапанаваць яны свайму выбаршчыку ў час крызісу? Нічога, акрамя зменаў у галіне культурнай палітыкі. Той факт, што Захад краіны рэзка крытыкуе Табачніка, дапамагае яму заставацца сваім на
Усходзе. Больш таго, раней з боку «данецкіх» існавала яшчэ і практыка штучнай падтрымкі нацыяналістычных выступаў. Дастаткова згадаць, што на грошы Партыі рэгіёнаў нейкі час
існавала фактычна фашысцкая Сацыял-нацыянальная партыя Украіны. Зараз адзін з яе лідэраў спакойна працуе ў апараце ўраду.
— Калі культура — адзіная галіна, дзе ўлада здольная нешта зрабіць, лагічна чакаць надання рускай мове статусу дзяржаўнай?
— Культура і мова — тонкія катэгорыі. Задача ў тым, каб сапраўды нешта падкінуць рускамоўнаму электарату. Інакш праз пяць гадоў яго прадстаўнікі могуць запытаць у Януковіча і
кампаніі: што вы зрабілі, каб за вас галасаваць зноў? З іншага боку, занадта правакаваць украінскі Захад было б неразумна. Таму трэба чакаць невялікай саступкі для рускамоўнай грамады кшталту права
абітурыента здаваць іспыты ў ВНУ на той мове, якую ён вывучаў у школе. Ужо ёсць пастанова на гэты конт. Аднак — звярніце ўвагу! — напярэдадні выбараў уся бела-блакітная прэса
крычала пра тое, што пасля перамогі руская мова стане дзяржаўнай. Цяпер пра гэта не ўзгадваюць. Затое актыўна апісваюць кампанію супраць Табачніка.
— Як будуць будавацца адносіны з Масквой?
— Ёсць думка пра тое, што Януковіч катэгарычна не сумяшчальны з Еўропай, ён ментальна блізкі да Масквы. Аднак па факту ўся наша бізнес-эліта ў ментальным плане больш блізкая да Масквы. У
тым, дарэчы, і быў правал Юшчанкі, які спрабаваў стварыць сабе сацыяльную базу ў выглядзе сярэдняга бізнесу і праамерыканскага капіталу ва Украіне. Аказалася, што гэтая катэгорыя капіталістаў ідэйна
неарганізаваная. Лепшы прыклад гэтаму — «пераходы тушак». Так называюць працэс у парламенце, калі дэпутаты ад БЮТ і «Нашай Украіны» (звычайна,
прадпрымальнікі сярэдняй рукі) паасобку перабягаюць у стан Партыі рэгіёнаў. Аднак сяброўства з Расіяй — не азначае інкарпарацыю Украіны ў яе склад. Калі мы кажам пра новую рэдакцыю на
Украіне мадэлі Кучмы, трэба казаць пра вяртанне да палітыкі балансавання і шматвектарнасці. І, паверце, гэта значна больш адэкватная лінія, чым празаходні курс Юшчанкі.
— Як будзе, на Вашу думку, выглядаць арганізацыйны і ідэйны фармат аранжавай апазіцыі? Ці зменяцца лідэры?
— Блок Юліі Цімашэнка па-ранейшаму застаецца флагманам апазіцыйнага лагеру. У кантэксце алігархічнай прыроды ўлады БЮТ відавочна будзе рабіць стаўку на сацыяльныя лозунгі. Зараз, дарэчы,
бютаўцы актыўна выступаюць супраць новага больш ліберальнага праекту працоўнага кодэксу. У тым, што БЮТ не страціў сваіх пазіцый, вінавата сама Партыя рэгіёнаў. Былі перанесеныя прызначаныя на вясну
выбары, і гэта падарвала дынаміку партыйнага будаўніцтва праектаў Цыгіпкі і Яценюка. Цыгіпка нават сышоў працаваць у кабінет, не бачачы перспектыў для сваёй партыі на бліжэйшы час. Застанецца на
палітычнай мапе і Юшчанка. Ён са сваім наданнем Бандэры звання героя Украіны адразу пацясніў ўсіх лідэраў нацыяналістычных партый. Дзякуючы наяўнасці ідэалогіі таксама захаваецца Кампартыя. Усе іншыя
— сацыялісты, літвінаўцы, нацыяналісты Цягнібока — будуць сыходзіць у другую лігу. Звычайна партыі гэтага эшалону ва Украіне займаюцца выбарамі на месцах.
— Ваш прагноз развіцця сітуацыі на бліжэйшыя пяць гадоў?
— Як мінімум год у Партыі рэгіёнаў ёсць. Краіна стамілася ад аранжавых. Запатрабаваны спакой. Аднак ніякага рэцэпту Партыя рэгіёнаў прапанаваць не здольная. Калі заканчэнне кадэнцыі
Януковіча храналагічна прыпадзе на выхад украінскай эканомікі з крызісу, ёсць шанец, што яго пераабяруць. Калі не — то не выключаю праз пяць гадоў новага Майдану.