Выбары ў Іспаніі. Дасье ў карыкатурах

Усеагульныя выбары ў Іспаніі 23 ліпеня скончыліся з нечаканым вынікам. Зрэшты, магчыма, гэты вынік прамежкавы.

1_754.jpg

Выбары былі прызначаны на 30 траўня 2023 года пасля таго, як папярэднія Генеральныя картэсы былі распушчаны каралём Іспаніі. Пры гэтым роспуск парламента ініцыявалі сацыялісты, якія фарміравалі кіруючую кааліцыю. Пайсці на такі крок давялося ў выніку правалу на рэгіянальных выбарах, што падарвала аўтарытэт кабміна. 

У прынцыпе падобны прыём Педра Санчэса (лідар сацыялістаў) разглядаўся як прыкмета слабасці левых і фактычна авантурызм, што таксама адзначылі карыкатурысты. На малюнку мастака газеты «El Mundo »стратэгію Санчэса параўналі з азартнай гульнёй.

У выніку ў краіне пачалася выбарчая кампанія. Па яе хадзе і апытаннях грамадскай думкі эксперты нязменна прадказвалі, што апазіцыйная кансерватыўная Народная партыя (РР) абыйдзе Іспанскую сацыялістычную рабочую партыю (PSOE) і атрымае пераканаўчую перамогу. Такі вынік прадказвалі нават левыя выданні. Мастак левага інтэрнэт-медыя «El Publico» адлюстраваў лідара кансерватараў Альберта Фейхоо, які злавіў птушку шчасця (яна выглядае як сімволіка РР).

2_693.jpg

У прынцыпе 23 ліпеня кансерватары сапраўды перамаглі. Пасля падліку амаль 100% галасоў у іх 136 парламенцкіх месцаў з 350. Аднак насамрэч вынікі РР аказаліся не такімі добрымі, як прадказвалі сацыёлагі — яна не зможа самастойна сфарміраваць кіруючую кааліцыю, нават калі аб'яднаецца з ультраправай партыяй Vox (у яе 33 дэпутацкія мандаты).

Затое ў Педра Санчэса такі шанец ёсць, хаця Іспанская сацыялістычная працоўная партыя мае ў новым парламенце ўсяго 122 месцы. У яе патэнцыйнага саюзніка, альянсу левых партый Sumar — 31 месца. Акрамя таго, у адрозненне ад правых, сацыялісты патэнцыйна могуць дамовіцца з партыямі каталонцаў і баскаў.

Напрыклад, можа паўтарыцца нядаўняя гісторыя, калі ўрад сацыялістаў і левых радыкалаў існаваў за кошт галасоў каталонскіх нацыяналістаў. Мастак часопіса «The Economist» адлюстраваў прынцып такога ўрада наступным чынам: Санчэс і Іглесіас (лідар левых радыкалаў) у ложку, а лідар каталонцаў — пад ложкам.

3_622.jpg

Чаму іспанскі электарат усё ж не так масавага галасаваў за правых? Магчыма, яго палохала перспектыва з'яўлення першага з часоў падзення дыктатуры ўрада з удзелам ультраправых. Гутарка пра партыю Vox (меркавалася, што яна ўвойдзе ў кааліцыю з «народнікамі»). Прадстаўнікоў партыі Vox сапраўды часта паказвалі як нацыстаў. Напрыклад, на гэтым малюнку мастака Ларга Кабальера партстуруктура выяўлена ў выглядзе свастыкі, якая ламае таблічкі ў памяць аб ахвярах франкізму.

4_581.jpg

Санчэса таксама выратаваў нечаканы поспех SUMAR — платформы шэрагу леварадыкальных, экалагічных, фемінісцкіх і прагрэсіўных партый, створанай пад выбары. Папярэдні альянс левых Unidas Podemos — саюзнік сацыялістаў — моцна страціў у рэйтынгах і наўрад ці здолеў бы набраць шмат галасоў. А вось SUMAR па выніках выбараў сенсацыйна атрымаў 31 мандат. 

Магчыма, сваім поспехам альянс абавязаны лідарцы — харызматычнай Іяландзе Дыяс. Выданне «El Periodico», каментуючы вынікі выбараў, адлюстраваў Іяланду ў выглядзе ўтаймавальніцы львоў. Нагадаем, што статуі львоў, якія знаходзяцца каля ўваходу ў іспанскі парламент, лічацца сімваламі мясцовага парламентарызму.

5_536.jpg

Цяпер краіну чакаюць цяжкія кааліцыйныя перамовы, вынік якіх прадказаць усё ж пакуль немагчыма. Закон не ўстанаўлівае гранічнага тэрміну для працэсу стварэння ўрада, але, калі ніводзін кандыдат у прэм’еры не набярэ падтрымкі большасці дэпутатаў на працягу двух месяцаў пасля першага галасавання па кандыдатуры прэм'ер-міністра, павінны быць праведзены новыя выбары. 

Дарэчы, усеагульныя выбары ў апошні час адбываюцца ў Іспаніі ўсё часцей. Адначасова яны становяцца ўсё больш драматычнымі, не саступаючы па напале бою быкоў. Гэта, у прыватнасці, прыкмеціў аўстрыйскі мастак Мар'ян Каменскі.

6_404.jpg