Замежныя СМІ пра Беларусь: 13–20 чэрвеня

Не варта забываць аб надыходзячым «прэзідэнцкім» годзе. Напярэдадні выбараў кіраўніка дзяржавы ў Беларусі традыцыйна растуць зарплаты, пенсіі, дапамогі і стыпендыі. Што, напрыклад, адгукнулася пасля выбараў 2010 года дэфолтам улетку 2011-га. Пры гэтым эксперты кажуць, што рэсурсаў для традыцыйнай схемы росту дабрабыту гэтым разам замала. Але і рэфармаваць эканоміку ўладам не хочацца: рэформы — гэта амаль заўсёды праблемы. «RFI» (Францыя)



smi4.jpg

Дваістая пазіцыя Лукашэнкі ў дачыненні да ўкраінскіх падзей не такая ўжо і нелагічная. Многія беларускія эксперты даюць ёй цалкам лагічныя тлумачэнні. І справа не толькі ў эканамічным інтарэсе, пра што неаднаразова казаў сам Лукашэнка. Беларускі прэзідэнт асцерагаецца, што ўслед за ўкраінскімі тэрыторыямі Расія можа зацікавіцца і беларускімі. Менавіта для гэтага Лукашэнку патрэбен «запасны аэрадром», а менавіта — добрыя адносіны з ЕС. Дарэчы, многія эксперты звязваюць нядаўні візіт Лукашэнкі ў Сербію з яго намерам неяк наладжваць адносіны на заходнім фронце. Ды і сам беларускі прэзідэнт ахвотна падтрымлівае версію пра тое, што нейкі сустрэчны рух там ёсць.

«Независимая газета» (Расія)

Для суседніх з Расіяй краін пытанне незалежнасці ад яе ва ўсіх сэнсах стала асабліва актуальным на працягу апошніх шасці гадоў, калі на ўвесь былы СССР прагрымелі прыклады Грузіі і Украіны. Усе яны, Назарбаеў і іншыя лідары, калі прыязджаюць у Маскву, выступаючы з усялякімі еўразійскімі ініцыятывамі, і нават арганізоўваючы нейкія саюзы, усё роўна захоўваюць асноўную лінію паводзінаў — барацьбу за сваю незалежнасць самымі рознымі сродкамі. Напрыклад, такім змагаром з'яўляецца Лукашэнка. Ён вельмі па-майстэрску 15 гадоў захоўвае незалежнасць Беларусі, пры ўсім нашым разуменні таго, што сам ён — дыктатар.

«Voice of America» (ЗША)

Беларускія ўлады разумеюць, што нельга губляць украінскі напрамак пры такім вялікім тавараабароце паміж дзвюма краінамі. Акрамя таго, Мінск хацеў бы ведаць, наколькі зменіцца характар гандлю паміж Украінай і Еўропай пасля падпісання Кіевам эканамічнай часткі пагаднення аб асацыяцыі з ЕС, прызначанага на канец чэрвеня. Не выключана, што, калі Расія ўвядзе санкцыі супраць украінскіх тавараў або частковыя квоты на іх, то ўсе таварныя патокі "шэрага імпарту" з Украіны хлынуць у Беларусь і далей на расійскую тэрыторыю.

«Deutsche Welle» (Германія)

У рамках саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі вось ужо 20 гадоў вядуцца размовы аб стварэнні адзінага рубля на базе расійскай валюты, але, як бачым, безвынікова. Справа ў тым, што Лукашэнка запатрабаваў, каб друкарскі станок знаходзіўся ў Мінску, але зразумела, што Масква ніколі гэтага не дапусціць. Ды і сам Бацька ні за што не аддасць свой, бо ўвесь бюджэтны дэфіцыт ён пакрывае друкаваннем беларускіх рублёў, прычым абсалютна гэта не хаваючы. Для яго друкарскі станок — гэта ўвесь сэнс яго існавання, яго палітычная стабільнасць. Ён ніколі з ім не расстанецца.

«CAMonitor» (Казахстан)