Замежныя СМІ пра Беларусь: 20–27 лістапада
Эксперты мяркуюць, што на самай справе канфлікт паміж МВФ і Лукашэнкам нашмат глыбей, і ляжыць ён зусім не ў плоскасці эканомікі.
Фота: nnm.me
Аналітыкі даўно кажуць пра тое, што любыя змены дзеючай сістэмы пагражаюць асабістай уладзе Лукашэнкі. Фінансава незалежныя ад дзяржавы і прыбытковыя кампаніі практычна немагчыма прымусіць
галасаваць «правільна», то бок, за дзеючую ўладу. Менавіта таму беларускаму прэзідэнту не патрэбныя ніякая прыватызацыя і ніякі прыватны сектар. У гэтай сітуацыі Лукашэнка вядзе
гандаль з любымі крэдыторамі толькі на адну тэму — ці гатовыя яны даць грошай на падтрыманне яго асабістай улады і, адпаведна, захаванне існуючай эканамічнай сістэмы.
«Независимая газета» (Расія)
Куды будзе рухацца Беларусь пасля выбараў, пакуль не зразумела. Незразумелая і логіка Еўрапейскага саюза, які з гэтага месяца назаўжды здымае некаторыя санкцыі супраць Беларусі, нягледзячы на
тое, што апошнія выбары ў гэтай краіне прайшлі мірна, аднак, у адрозненне ад выбараў пяцігадовай даўніны, рэальнай альтэрнатывы асноўнаму кандыдату ў прэзідэнта не было. ЕС у такіх умовах змякчае
санкцыі супраць яго і спадзяецца на змены ў адносінах. Як такое магчыма?
«Thüringische Landeszeitung» (Германія)
Ва Украіны не павінна быць ніякіх ілюзій наконт Лукашэнкі. Ён вельмі прагматычны палітык, які спрабуе выгандлеваць на ўкраінскіх праблемах максімум прэферэнцый для сябе і ў Масквы, і ў
Вашынгтона з Брусэлем, Берлінам і іншымі сталіцамі Еўропы. У дадзеным кантэксце, украінская палітыка ў адносінах да Мінска таксама павінна быць максімальна прагматычнай. Кожны ўдар па ўкраінскіх
інтарэсах з боку Лукашэнкі (якія адбываюцца не так ужо і рэдка) павінен сіметрычна быць выкарыстаны ў адносінах да беларускіх інтарэсаў ва Украіне (у першую чаргу, у сферы двухбаковага гандлю).
Лукашэнка шануе і паважае, як і любы аўтарытарны лідар, толькі сілу, таму прагматычная, але месцамі жорсткая ўкраінская пазіцыя па Беларусі будзе цалкам адэкватна ўспрынятая ў Мінску.
УНІАН (Украіна)
Размяшчаць уклад без права адклiкання на 2 гады, каб пазбегнуць падатку, — эксперымент не для слабанервовых. Улічваючы, як лёгка ўлада мяняе істотныя ўмовы па ўкладах, няцяжка ўявіць яе
новыя крокі па аптымізацыі сістэмы зберажэнняў. Напрыклад, дэнансацыі дзяржаўнай гарантыі вяртання ўкладаў. Таму эксперты хорам прагназуюць адток укладаў з беларускіх банкаў. Самым надзейным банкам у
Беларусі зноў становіцца панчоха. І паколькі захоўваць грошы ў ёй будуць, напэўна, не ў беларускіх рублях, аналітыкі прадракаюць таксама павышэнне попыту на замежную валюту і, як следства, новае
паслабленне беларускага рубля.
«Капиталл» (Казахстан)
З аднаго боку, супрацьдзеянне «русскому миру» з боку Лукашэнкі выглядае залішняй засцярогай. Беларусь — амаль монаэтнічная. Рускімі сябе лічаць толькі 8% насельніцтва
Беларусі. Яны нідзе не складаюць ні абсалютнай, ні адноснай большасці — у горадзе Полацк, дзе рускіх адносна больш за ўсіх па краіне, яны складаюць ледзь 15%. Але «моўны
момант» тут псуе ўсё. Таму што рускую мову роднай называюць 40%, а «асноўнай» — 70% насельніцтва. Такім чынам, беларуская монаэтнічнасць слаба звязаная з
нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй — як, урэшце, было і ў нас. І «русский мир» у такой справе (разам з дэкларацыямі расійскіх чыноўнікаў, гатовых «абараняць»
менавіта рускамоўных, а не толькі рускіх, напляваўшы на нацыянальныя межы і суверэнітэт) — досыць перспектыўны расійскі інструмент.
«Депо» (Украіна)