Знак маргінальнасці і ненармальнасці

Папулярная сярод гісторыкаў формула пра тое, што эканамічны крызіс стварае глебу для прыходу ва ўладу правых радыкалаў, спрацавала ў Грэцыі. (На здымку: Лукас Пападэмас)



688f3fe72241429902623b790f15a774.jpg

Папулярная сярод гісторыкаў формула пра тое, што эканамічны крызіс стварае глебу для прыходу ва ўладу правых радыкалаў, спрацавала ў Грэцыі.

(На здымку: Лукас Пападэмас)


У разгар крызісу 11 лістапада 2011 года ў Грэцыі з’явіўся пераходны шматпартыйны кабінет «нацыянальнага адзінства», які ўзначаліў эканаміст Лукас Пападэмас. Чатыры пасады ў складзе ўраду атрымалі сябры партыі Праваслаўны народны збор (LAOS). Такім чынам, упершыню за 40 гадоў у склад ураду ўвайшлі прадстаўнікі правай радыкальнай партыі.
LAOS узнік у 2000 годзе з ініцыятывы журналіста Георгія Карацаферыса, які ў свой час так характарызаваў сам сябе: «Перш за ўсё, я не яўрэй. Па-другое, я — не камуніст. Нарэшце, я — не гомасэксуаліст. Мала хто здольны казаць так пра сябе». Акрамя таго, Георгій ганарыцца сваёй працоўнай біяграфіяй, якая пачалася ў той дзень, калі яго, тады яшчэ падлетка, выкінулі са школы. Хлопчыку давялося прайсці ўсе ступені жыццёвай лесвіцы — ад трэнера-масажыста да паспяховага бізнесмена і палітыка. Біяграфія, дарэчы, з’яўляецца важная часткай піяру Карацаферыса. Традыцыйна ўся грэчаская палітычная эліта набывае адукацыю ў амерыканскіх прэстыжных універсітэтах, што дазваляе лідару LAOS выстаўляць сябе выхадцам з народу і называць апанентаў не інакш як «хлопчыкі з Бостана» (вакол Бостана знаходзяцца самыя славутыя навучальныя ўстановы ЗША).
У 2000 годзе, пасля таго, як Георгія выключылі з вядучай правацэнтрысцкай партыі «Новая дэмакратыя» за кампраметуючыя партыю заявы, ён задумаўся наконт стварэння сваёй палітычнай структуры. У выніку праз нейкі час на палітычнай мапе ўзнік той самы LAOS. Спачатку Праваслаўны народны збор атрымліваў сціплы ўраджай галасоў, аднак у 2007-м здолеў прарвацца ў парламент. У 2010 годзе, набраўшы 5,6 працэнта, партыя зрабіла дубль. А ўвосень увогуле адхапіла міністэрскія партфелі ў кабінеце Пападэмаса.
Для таго, каб зразумець прычыны ўздыму LAOS, трэба нагадаць асноўныя фішкі грэчаскай правай школы.
Грэчаскі радыкальны нацыяналізм — асноўны складнік правага руху — з’яўляецца прадуктам нацыянальна-вызвольнай барацьбы грэкаў супраць асманскага панавання. Адсюль антытурэцкія забабоны. LAOS выступае супраць уступлення Турцыі ў склад Еўрасаюза, за ліквідацыю Турэцкай Рэспублікі ў паўночнай частцы Кіпру.
У сваю чаргу, барацьба грэкаў з туркамі мела таксама не толькі характар нацыянальнага, аднак таксама рэлігійнага супрацьстаяння. Гэта садзейнічала таму, што вялікае месца ў нацыяналістычнай дактрыне надаецца рэлігійнаму чынніку, які набывае часам месіянскі падтэкст. Праект «Вялікая Ідэя» — збіранне ўсіх грэкамоўных рэгіёнаў у адну дзяржаву, які існаваў на пачатку ХХ стагоддзя, часта ўспрымаўся як сінонім вяртання грэкам характару імперскай нацыі праз адраджэнне Візантыйскай дзяржавы. «Візантыя 2.0», у сваю чаргу, павінна была стаць адным з полюсаў праваслаўнага свету. LAOS надае візантыйскай спадчыне вялікую ўвагу і кожны год святкуе дзень падзення Канстанцінопалю 29 мая 1453 года як дзень нацыянальнага смутку.
Безумоўна, на ідэалогію Праваслаўнага народнага збору паўплывалі антыкамунізм, характэрны для грэчаскіх правых 1920–1940-х гадоў і пазней для дыктатуры чорных палкоўнікаў. У 1930-я гады на хвалі поспехаў фашыстаў у суседняй Італіі ўзніклі мясцовыя фашысцкія партыі. Так, у 1927 годзе быў абвешчаны Нацыянальны саюз Грэцыі (EEE). У 1933 годзе ЕЕЕ нават спрабаваў паўтарыць паход Мусаліні на Рым, маршыруючы на Афіны, аднак паход не атрымаўся. Захапленне італьянскім фашызмам, які выкарыстоўваў левую фразу, абумовіла сацыяльна-папулісцкі характар грэчаскіх ультраправых. Так, у цэнтры ідэалогіі LAOS закладзена такая дэмаркацыя палітычнай ідэнтыфікацыя, як стаўленне да «глабалізацыі». Яны выступаюць за «сацыяльную салідарнасць і патрыятызм».
Знаходжанне Грэцыі пад акупацыяй у час Другой сусветнай вайны ўзбагаціла лексікон мясцовых фашыстаў антысеміцкімі лозунгамі. Створаная пад пратэктаратам Рыму і Берліну Грэчаская Дзяржава праявіла сябе хіба толькі ў галіне знішчэння яўрэяў (было забіта 82 працэнта сяброў яўрэйскай грамады Грэцыі). Цікава, што ў суседняй Македоніі, якая перайшла пад кантроль балгар (саюзнікаў нацыстаў), наадварот, адбываліся чысткі супраць этнічных грэкаў.
Падчас дыктатуры чорных палкоўнікаў 1967–1974 гадоў, якая была падтрымана ўсімі радыкальнымі правымі, актыўна прасоўвалася ідэя пра тое, што эфектыўная дзяржаўная адміністрацыя можа быць толькі карпаратыўнай. Не дзіўна, што LAOS лічыць ідэальнай схемай кіравання перадачу ўсёй улады савету вайскоўцаў і царкоўнікаў. Увогуле, даволі шмат лідараў LAOS паспелі папрацаваць функцыянерамі ў часы дыктатуры.
Пасля развалу савецкага блоку да арсеналу правых Элады дадаўся экзатычны лозунг: яны рашуча выступілі супраць таго, каб былая Саюзная Югаслаўская Рэспубліка Македонія называлася Македоніяй. На іх думку, манаполія на слова «Македонія» належыць выключна грэкам, паколькі Аляксандр Македонскі быў грэкам. У 2007 годзе, калі  праходзіў міжнародны кніжны кірмаш, 200 нацыяналістаў уварваліся ў павільёны ў пошуках кніг, якія распавядаюць пра «няправільную» Македонію.
Нарэшце, у апошні час вельмі моднай стала барацьба з эмігрантамі. Адпаведна апытанням, 44 працэнты маладых грэкаў звязваюць праблемы эканомікі з наплывам эмігрантаў. Гэта самы высокі паказнік ксенафобіі ва ўсёй Еўропе. Да таго ж правыя радыкалы актыўна крытыкуюць гомасэксуалізм, які, на іх думку, папулярны сярод кіруючай эліты.
Антысемітызм, недавер да дэмакратычнай мадэлі, нацыяналізм — некаторыя з пастулатаў правых набылі ў час крызісу актуальнае гучанне. Праўда, шмат у чым гэты была таксама рэакцыяй на папулярны апошнім часам стэрэатып сярод тых жа немцаў, што грэкі — нацыя паразітаў. Такая стыгматызацыя, а таксама пераход эканомікі пад кантроль «тройкі» (камісія Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банку і Цэнтральнага еўрапейскага банку) у сваю чаргу, выклікала пачуццё абразы ў грэкаў.
Дастаткова ўзгадаць фрагмент паслання сінода Эладскай Праваслаўнай Царквы на мінулы Вялікдзень: «У сацыяльнай сферы здзяйсняецца скасаванне нашых асноў, прычым робіцца гэта на дзіўнай падставе: «Да гэтых мер нас прымушаюць нашы крэдыторы». Такім чынам, мы, як дзяржава, фактычна прызнаём, што знаходзімся пад акупацыяй і выконваем волю нашых новых замежных уладароў».
Калі царква прапануе шукаць выйсце ў вяртанні людзей да хрысціянскіх нормаў, то LAOS — у тым, каб расправіцца з біржавымі спекулянтамі, якія, быццам, звязаныя з яўрэйскімі коламі, партыямі мэйнстрыму, эмігрантамі, камуністамі і г.д.
Калі меркаваць па ўчынках Праваслаўнага народнага збору, такога кшталту заклікі — выключна голы папулізм. Яшчэ ўлетку партыя прапанавала праграму «30 крокаў на шляху да выхаду з крызісу», якая мае выразны сацыяльны характар — рост падаткаў на імпарт, замарожванне коштаў і г.д. З іншага боку, гэта не перашкодзіла LAOS пазней прагаласаваць за тое, каб прыняць патрабаванні «тройкі».
Такая супярэчлівая палітыка Праваслаўнага народнага збору дазваляе спадзявацца, што Грэцыі не пагражае паўтарыць гісторыю Веймарскай рэспублікі, дзе нацысты дзякуючы крызісу сталі вядучай палітычнай сілай на правым флангу. Аднак недаацэньваць сітуацыю нельга. Амерыканская газета «The Epoch Times» цытуе аднаго з грэчаскіх палітолагаў: «Прыход у склад ураду новых сілаў сведчыць пра тое, што закончылася цэлая палітычная эпоха. Гэты крызіс разбурыў усю старую палітычную культуру, у тым ліку ўстаноўку пра тое, што галасаваць за ультраправых або агучваць іхнія патрабаванні — знак маргінальнасці і ненармальнасці».