Знойдзены расійскі генерал, датычны да збітага «Боінга»?
Bellingcat і The Insider назвалі імя расійскага генерала, якога адшукваюць па справе аб збітым «Боінгу»
![Генерал-палкоўнік Мікалай Ткачоў (крайні злева) на сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным Генерал-палкоўнік Мікалай Ткачоў (крайні злева) на сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным](/img/v1/images/13b0a564_dfbe_436c_b76b_233c2773faa5_cx0_cy2_cw0_w1023_r1_s.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Генерал-палкоўнік Мікалай Ткачоў (крайні злева) на сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным
Асоба з пазыўным «Дэльфін», якую шукае сумесная следчая група справы аб збітым на Украіне «Боінгу», — гэта галоўны інспектар Цэнтральнай ваеннай акругі, генерал-палкоўнік Мікалай Ткачоў. Да такой высновы прыйшлі ў сумесным расследаванні група “Bellingcat” і журналісты “The Insider”.
На запісах, якія апублікавалі для пошуку сведак следчыя з Нідэрландаў, да «Дэльфіна» звяртаюцца як да Мікалая Фёдаравіча. Журналісты высветлілі па адкрытых крыніцах, што Ткачоў — адзіны з жывых расійскіх генералаў з гэтымі імем і імем па бацьку.
Каб параўнаць голас Ткачова з голасам «Дэльфіна», карэспандэнт “The Insider” сказаў генералу, што хоча зрабіць інтэрв'ю пра сувораўскую вучэльню. У нататцы выданне прыносіць Ткачову прабачэнні за тое, што ўвяло яго ў зман.
Журналісты замовілі дзве незалежных экспертызы для параўнання галасоў у ЗША і Літве. У абодвух выпадках эксперты прыйшлі да высновы, што верагоднасць супадзення вельмі высокая.
Сам Ткачоў заявіў, што пасля вяртання з Сірыі (там ён працаваў галоўным ваенным саветнікам) у 2012 годзе, ён «з Екацярынбурга нікуды не выязджаў», а летам 2014 года на Украіне не быў.
Высновы абедзвюх
галасавых экспертыз паказваюць на тое, што «Дэльфін» і генерал Ткачоў з вельмі
высокай ступенню верагоднасці з'яўляюцца адной і той жа асобай. Калі ж улічыць
яшчэ шэраг фактараў, якія не прымаліся экспертызай пад увагу (імя Мікалай
Фёдаравіч, высокае воінскае званне, шэраг іншых больш дробных дэталяў, што
супадаюць, — такіх, як музыка замест гудка на тэлефоне), то ўсё гэта разам
робіць магчымасць памылкі статыстычна абсалютна неверагоднай.
![Ракетная ўстаноўка "Бук" №332, з якой, як мяркуецца, быў збіты "Боінг" Ракетная ўстаноўка "Бук" №332, з якой, як мяркуецца, быў збіты "Боінг"](/img/v1/images/0492dd7a_a044_4447_a3e4_31d73d88c370_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ракетная ўстаноўка "Бук" №332, з якой, як мяркуецца, быў збіты "Боінг"
Нагадаем, 17 ліпеня 2014 года ў небе над Украінай быў збіты малайзійскі пасажырскі Boeing 777, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. Загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце.
Міжнародная следчая група ў 2016 годзе апублікавала папярэднія вынікі свайго расследавання таго, што здарылася. Там прыйшлі да высновы, што «Боінг» быў збіты з зямлі з ўстаноўкі «Бук», якую перад гэтым прывезлі на тэрыторыю Украіны з Расіі. «Бук» знаходзіўся на тэрыторыі, якую тады кантралявалі прарасійскія сепаратысты.
Следчыя таксама адзначылі, што ў іх ёсць спіс з 100 асобаў, якія могуць быць датычныя да катастрофы. Іх імёны не раскрываюцца.
Паводле meduza.io