20 нечаканых фактаў пра Барыса Сачанку
15 траўня Барысу Сачанку споўнілася б 80.
Шчыры камуніст, які захапляўся раманамі Барыса Пастарнака і Аляксандра Салжаніцына.
Апантаны кнігалюб, дзякуючы багатаму кнігазбору якога многія забытыя беларускія кнігі атрымалі новае нараджэнне праз факсімільнае выданне («Матчын дар» Алеся Гаруна, «Вязанка» Янкі Лучыны, «Пад сінім небам» Наталлі Арсенневай, слоўнік Насовіча).
Пра сябе ён пісаў: «... Добра было Ісусу Хрысту паміраць, хай нават і на крыжы, калі ён сказаў свету сваё слова, пакінуў філасофію, якая жыве вось колькі ўжо вякоў. Страшна паміраць, не пакінуўшы свету нічога. І каб жа не мог пакінуць. А калі здаецца табе, што можаш?.. Відаць, трэба, сціснуўшы зубы, маўчаць, пакуль можна маўчаць, і хоць употайкі нешта рабіць».
Барыс Сачанка, школьнік
1. Хлопчыкам любіў назіраць, як практыкуюцца ў страляніне паліцаі
«У нашай вёсцы пачала арганізоўвацца паліцыя. (...) Усім паліцаям
далі вінтоўкі і патроны. Паставіўшы на гародах мішэні, паліцаі цяпер
вучыліся страляць — якраз была восень, і людзей у полі было мала. Мы,
дзеці, звычайна, калі пачыналася стральба, беглі за хлеў і, схаваўшыся
за рогам, цікавалі за паліцаямі. (...) Калі паліцаі канчалі страляць,
мы напярэймы кідаліся з-за хлява, каб схапіць, падабраць патроны».
Маці
2. Яго ледзь не застрэліў немец
«...пачуўшы, што ў вёску едуць немцы, я (...) кінуўся ўцякаць (...) шуснуў у лазняк... Лазняк быў густы, не прадрацца, да таго ж увесь у вадзе (...) я ішоў, пакуль хапіла змогі. А тады спыніўся, стаіўся ля купіны. (...) мяне ўбачыў немец, што быў у нашым гародзе (...) Ён спытаў у маці, ці ўсе яе дзеці дома. Яна сказала: «Усе». Тады ён узяў маці за руку, павёў да хлява і паказаў на мяне. (...) маці пачала пераконваць яго, што гэта не дзіця, а пень. (...) тады немец, скінуўшы з пляча карабін, пачаў цэліцца... Маці ўпала на калені, пачала прасіць, маліць немца не страляць. (...) Немец ня стаў страляць (...) і надта ж хораша ўсьміхаўся, убачыўшы мяне — няйнакш, ён і сам быў задаволены, што ня стрэліў, не пазбавіў жыцця ні ў чым не вінаватага чалавека...»
3. Крытычна ставіўся да нашай мэдыцыны
У апавяданні «Запіскі хворага» ад імя галоўнага героя пісьменьнік сцвярджаў: «Дактары — людзі, як правіла, культурныя, ветлівыя. (...) Што-што, а пагаварыць з чалавекам, распытаць пра яго хваробы ўмеюць. Каб пры гэтым яны яшчэ лячыць умелі — цаны б ім не было. А то... Распытаюць, агледзяць, абслухаюць, лекі выпішуць. Глытаеш, п’еш дзень, два, тыдзень, месяц... Ані не памагае. Ня лепш, а горш пачынаеш сябе адчуваць. (...) Не вылучаюцца асаблівай стараннасцю і дысцыплінай сёстры. То лекі пераблытаюць, то ўколы — аддадуць тое, што прызначалася табе, твайму суседу, і наадварот...»
Дзевяцікласнік Беларускай сярэдняй школы г.п. Хойнікі, 1953 г.
4. Стаў літаратарам, каб пракарміць сям’ю
«Дваццаці пяці рублёў стыпендыі, якую нам давалі, вядома, не хапала, каб жыць. І я шукаў, пра што можна было б напісаць, каб зацікавіць якую-небудзь газету і яна надрукавала мой матэрыял. Урэшце я пачаў пісаць апавяданні. Адно з іх, як здавалася мне, лепшае, занёс у «Маладосць» (...) За першы ж ганарар я набраў некалькі метраў прыгожай шарсцяной тканіны і паслаў маці, каб яна з яго пашыла сабе сукню...»
Алесь Бяляцкі на магіле Максіма Багдановіча. Ялта. 1980 г.
5. Лічыў, што ня варта пераносіць магілу Максіма Багдановіча ў Беларусь
«У Саюзе пісьменнікаў абмяркоўвалі, варта ці не пераносіць прах Максіма Багдановіча (...) у Менск. Выступалі многія, выступаў і я. Думка мая была гэткая — каб сапраўды было вядома, што ў магіле, над якой стаіць помнік паэту, пахаваны Максім Багдановіч, то перанесці прах нават ня варта, а трэба. Але ж, паводле ўспамінаў тых, хто ездзіў у дваццатыя гады ў Ялту шукаць магілу (...), устаноўлена фактычна толькі месца яго пахавання. Што ж да магілы... Пэўнасці няма. «Уявіце сабе, — сказаў я, — раскапаем магілу, а там сямідзесяцігадовая бабулька ляжыць... Разбурым жа казку, легенду... І што тады?..»
Кандрат Крапіва
6. На яго крыўдзіліся Пятро Глебка і Кандрат Крапіва
«Ва ўніверсітэце быў вечар. (...) прыйшлі П. Глебка, К. Крапіва (...) Якраз тады была «вайна маладых са старымі». П. Глебка і К. Крапіва чамусь на тым вечары захацелі «лягнуць» маладых. Я не стрымаўся і, калі мне далі слова, сказаў афарызм аднаго чэскага пісьменніка: «Барацьба маладых са старымі нагадвае барацьбу тых, хто яшчэ не нажыў розуму, з тымі, хто з яго выжыў». Афарызм узлаваў і П. Глебку, і К. Крапіву. Яны ўзялі яшчэ раз слова і «крылі» зноў маладых. І мяне, вядома».
Пятро Глебка
7. Смяяўся з шаблоннай пісьменніцкай фразы: «Лепшыя мае творы яшчэ не напісаны»
«Лепшыя мае творы яшчэ не напісаны» — так звычайна гавораць аўтары, калі выступаюць на сваіх юбілейных вечарынах і ў пяцьдзясят, і ў шэсьцьдзесят, і ў семдзесят гадоў. І ніяк некаторыя з іх зразумець ня могуць, што ў тых, хто іх слухае, узнікае законнае пытаньне: а чаму, навошта вы, шаноўны аўтар, у першую чаргу пісалі ня лепшыя творы, а горшыя?»
8. Яго раздражнялі эратычныя фільмы з удзелам расейскіх актрыс
«Пасля тых сэксуальных і эратычных фільмаў, што даводзілася мне бачыць, выпушчаных рознымі замежнымі кампаніямі — швэдскімі, амэрыканскімі, францускімі, гэты фільм [«Сэкс і перабудова» 1990 г., рэж. Франсіс Леруа, Франсуа Жуфа — В. Дэ Эм] пакідае вельмі ж непрыемнае ўражанне. Нашы дзяўчаты настолькі нявопытныя, няўмелыя, што нават распрануцца прыгожа ня ўмеюць, не гаворачы ўжо пра ўсё астатняе. Ці гэта зроблена ў фільме назнарок, каб абсмяяць нас? (...) Непрыемна гэта!»
Барыс Сачанка на Нарачы
9. Творча зайздросціў Міхасю Стральцову
«Шчыра кажучы, я (...) у сім-тым зайздросціў Міхасю. Яго спакою, нетаропкай, але ўпэўненай хадзе ў літаратуру. У мяне ж часта не хапала цярплівасці папрацаваць яшчэ і яшчэ над сваім творам. Набягалі новыя і новыя тэмы, яны падганялі хутчэй і хутчэй класьці словы на паперу. Недахопы сваіх твораў я бачыў пасля, калі яны былі ўжо надрукаваныя. Да таго ж я браў для сваіх твораў такія тэмы, якія крывавілі, балелі. Даводзілася ўмешвацца рэдактарам. А ўмяшанне (...) цэнзарскага алоўка ніколі не паляпшае твор. Мусіць, я скардзіўся на свой лёс, і ён, Міхась, мяне супакойваў, суцяшаў...»
Бацька, маці, брат Павал на парозе пасьляваеннай хаты
10. Радаваўся, што Францішак Багушэвіч не пайшоў шляхам Кастуся Каліноўскага
«Нізка схіляю галаву перад мужнасьцю Кастуся Каліноўскага (...) Але і радуюся, што тым самым шляхам не пайшоў удзельнік паўстання 1863 года Францішак Багушэвіч. Паранены, ён перахаваўся, каб потым напісаць творы, якія панеслі далей у народ словы і мары Кастуся Каліноўскага».
Браты: Іван, Пятро, Барыс, Алесь Сачанкі
11. Крытычна ставіўся да тарашкевіцы
«Чаму трэба вяртацца да Тарашкевіча, а не да мовы Актаў і Статута Вялікага Княства Літоўскага? Ці напрыклад, да мовы і правапісу часоў Ф. Скарыны? (...) Ня будуць, як таго каму і хочацца, — я ў гэтым упэўнены! — гаварыць і «глёбус», і «кляс», «філязоф» і г.д. (...) Што мінула, таго ня вернеш. Двойчы ўвайсці ў тую саму ваду нікому яшчэ не ўдавалася. (...) Не навязваць трэба народу, як яму гаварыць, а вучыцца мове ў народа».
Барыс Сачанка
12. Яго раздражняла, калі скарачаюць псеўданімы пісьменнікаў
«На чым толькі не эканомім! Нават на напісаньні псеўданімаў. Замест Янка Купала пішам Я. Купала, замест Якуб Колас — Я. Колас, замест Алесь Гарун — А. Гарун».
Барыс Сачанка ў Нью-Ёрку
13. Адмоўна ставіўся да тых, хто ў імя незалежнасці супрацоўнічаў з акупантамі
«Супрацоўніцтва з акупантамі, якія б яны ні былі, гэта ня той шлях, па якім здабываюцца свабода і незалежнасць (...) было б завельмі наіўным лічыць «беларусізацыю» сапраўднымі планамі Гітлера ў адносінах да Беларусі. Вось адна такая фігура — Станіслаў Станкевіч. (...) У гады вайны бургамістар Барысава, потым Баранавіч. (...) Расказваюць пра адно даверлівае яго прызнанне. Я, казаў ён, не паслаў на смерць ні аднаго чалавека, які размаўляў па-беларуску. Вось калі па-руску ці па-польску, дык што ж... Хіба ж тут можна гаварыць пра сапраўдны патрыятызм?»
14. Лічыў — тое, што нацыянальная сымболіка выкарыстоўвалася пры немцах, гэта не падстава, каб яе выракацца
«Так, «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваліся ў час вайны калабарантамі. Але тое ж здарылася з нацыянальнымі сымбалямі і ў Францыі, Венгрыі, Баўгарыі... І ўсё ж народы не выракліся іх».
Барыс Сачанка з дачкой Святланай
15. Яго лёгка было пакрыўдзіць
Паводле ўспамінаў дачкі Святланы Явар: «...яго лёгка было пакрыўдзіць сказаным ня ў час, неабдуманым словам. Тады бацька мог даць суровы адпор...»; паводле пісьменніка Зіновія Прыгодзіча: «...па натуры Сачанка быў чалавек гарачы, запальчывы і надта ж ранімы. Часам ужо і залішне. Быў такі выпадак. Падышлі мы да пад’езда Барысавага дома, чакаем пяць хвілін, дзесяць, а яго ўсё няма і няма. А на дварэ — зіма, мароз, мы ўжо заледзянелі ад холаду. Нарэшце Барыс Іванавіч выходзіць. І трэба ж было яму папытацца: «Ну што, замерзлі? Прабачце, якраз выходзіў, а тут званок...» — «Можна ж было і не адказваць на званок, — раздражнёна папракнуў Раман [Катужанец, работнік апарату ЦК КПБ. — В. Дэ Эм], у якога ўжо зуб на зуб не трапляў, лёгенькае паліто зусім не ратавала ад холаду. Задубееш тут, гэтулькі чакаючы». — «А я нікога не прымушаў чакаць! Можаце гуляць і без мяне». І потым не выходзіў на праходку цэлы тыдзень».
Барыс Сачанка і яго лепшы школьны сябра Аляксей Доўбыш
16. На прагулянку выходзіў, як у опэрны тэатр
Па ўспамінах сучаснікаў, пісьменнік кожны вечар выходзіў на прагулянку (часцей за ўсё ў Купалаўскі парк) і апранаўся, у адрозненне ад іншых сваіх калегаў, надзвычай святочна, як у тэатр.
17. Любіў з Максімам Лужаніным размаўляць пра беларускую літаратуру ў лепшых раённых рэстаранах
Паэт Рыгор Яўсееў успамінаў, што Барыс Сачанка з Максімам Лужаніным даволі часта выяжджалі з Мінску, спыняліся ў лепшых рэстаранах беларускіх мястэчак і там падоўгу сядзелі і разважалі пра нашу літаратуру.
18. У маладосці лічыў, што беларуская літаратура сумная і нецікавая, бо ў ёй няма яркага вобразу жанчыны
У дзённікавых запісах (17.ХІ.66 г.) знаходзім: «Усёй беларускай літаратуры не хапае жанчыны. Можа, таму яна такая і сумная, нецікавая. Паспрабавалі Якуб Колас і Іван Мележ увесьці жанчын у творы — і іхнія творы загучалі. Літаратура — самы інтымны від мастацтва (...). І ня трэба баяцца падштурхнуць яго [чытача. — В. Дэ Эм] думкі на інтымнае. Не было б Аксіньні — хіба б гэтак чытаўся «Ціхі Дон»? (...) Альбо «Ганна Карэніна» Талстога? Пакуль беларускія празаікі не ўвядуць ва ўсёй сваёй велічы і нізасці жанчыну ў свае творы, датуль беларуская літаратура будзе нечытэльнай».
Маці з унучкай Святланай
19. Быў адзін з тых беларускіх савецкіх пісьменнікаў, хто смела ўводзіў у свае творы элемэнты містыкі і фантастыкі
У цалкам рэалістычным апавяданні «Карчоўнік» (1986 г.) да хлопчыка, які хаваецца ў лазняку ад немцаў (яны наляцелі з аблавай на вёску), раптоўна з'«»яўляецца чорт Карчоўнік, які прапануе прадаць яму душу, а за гэта ён выратуе героя ад пагібелі. У філасофскай прыпавесці «Трэцяе вока» (1988 г.) герой, дзякуючы акурат гэтаму «трэцяму воку», прадбачвае будучыню і можа сачыць за людзьмі ў любой частцы свету. Д’ябал дакучае нават за мяжой. У апавяданні «Чорт з Суматры» (1989 г.) сам пісьменнік «сутыкаецца» ў Галандыі з інданезійскім чортам, які хоча, каб той забраў яго з сабой у Беларусь.
У лесе
20. Яму была блізкая думка Альбэра Камю, што ўсё ў жыцці — абсурд
У дзённіку (27.VI.68 г.) Барыс Сачанка пісаў: «Прачытаў «Чужога» А. Камю. Некалькі дзён знаходзіўся пад уражаннем. Ня дзіва, што ў нас не друкуюць ніводнай кнігі гэтага пісьменніка. Мы хочам пабудаваць грамадства на разумных асновах, а Камю сцьвярджае, што ўсё ў жыцці — абсурд, нават само жыццё, чалавек — таксама абсурд. Жыць, нешта рабіць — і ведаць, што ты памрэш. І нельга нічога зрабіць, каб не памерці».
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы: Б. Сачанка. Выбранае, т.1-3, 1993-95 гг; Б. Сачанка. Пад сузор’ем сярпа і молата, 2016 г.; Б. Сачанка. Сняцца сны аб Беларусі... 1990 г.; часопіс «Дзеяслоў», № 2, 2016 г.; часопіс «Крыніца», № 1–3, 2002 г.; ды інш.
У падрыхтоўцы матэрыялу былі выкарыстаныя здымкі з архіву сям’і пісьменьніка.