Ад Беларусі да Калымы: вандроўнік Стэфан Казлоўскі

Стэфан Вінцэнтавіч Казлоўскі — асоба неардынарная. Яго жыццё — як прыгодніцкі раман. Вандроўнік, мастак, краязнаўца і этнограф. Таму я з радасцю пагадзіўся на прапанову наведацца ў Астравеччыну, дзе вандроўнік кінуў свой якар.



15_1_kazlouski.jpg

Cтэфан Казлоўскі

Выбраліся мы сонечным сакавіцкім ранкам. Цудоўны куточак Беларусі — Астравеччына — заўжды прыцягваў маю ўвагу краявідамі наваколля, багаццем азёр і рэк, помнікамі архітэктуры ды скарбамі традыцый.

Па дарозе на хутар Рудзішкі, дзе жыве спадар Стэфан, мы наведалі ў Астраўцы рэдакцыю «Астравецкай праўды», якую ўзначальвае выдатная журналістка і пісьменніца Ніна Рыбік. За Астраўцом першай у нашым накірунку трапілася вёска Малі, дзе жыў і працаваў даследчык Кітая і Японіі, падарожнік, першы консул Расіі ў Японіі Іосіф Гашкевіч. Яго бюст усталяваны якраз перад будынкам рэдакцыі.

Далей праехалі вёску Варняны, вядомую аж з XIV стагоддзя, цэнтр якой упрыгожвае архітэктурны помнік XVIII стагоддзя — касцёл святога Юрыя. На выездзе дарогі разыходзіліся, і ў «навігатары» па мабільніку мы мусілі выклікаць Стэфана Казлоўскага, які ўрэшце і вывеў нас па заблытаных лясных дарогах на свой хутар. Гаспадар сустрэў нас з беларускай гасціннасцю, пачаставаў шыкоўным абедам з мясцовымі «лазанькамі», якіх каштаваць раней ніколі не даводзілася.

* * *

У невялікай сялянскай хаце спадар Стэфан жыве адзін, і нас прыемна ўразіла чысціня, утульнасць пакояў. Алесь Баркоўскі, такі ж вандроўнік па Сібіры, падарыў гаспадару хаты кнігу «С. Казлоўскі. Избранные работы по эвенам и другим народам Севера», якую ён выдаў у сваёй хатняй друкарні. У кнізе — успаміны Казлоўскага пра сваё жыццё, а таксама сабраныя ім казкі і легенды эвенаў.

Падчас абеду і пасля мы доўга распытвалі Стэфана Казлоўскага пра яго пакручастыя жыццёвыя дарогі.

Нарадзіўся спадар Стэфан у снежні 1944 года на хутары Рудзішкі, што на беларуска-літоўскім памежжы. Ягоны бацька быў сябрам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, загінуў на фронце ў 1945 годзе, а маці памерла ў 1946 годзе. Асірацелага хлопчыка выхоўвала бабуля, якую ведалі ў наваколлі як чараўніцу.

Паваенныя гады былі цяжкімі, даводзілася і галадаць. Таму, калі Стэфану споўнілася 18 гадоў, ён выехаў на заробкі — на шахту ў Растоўскую вобласць.

Яшчэ з дзяцінства Стэфана вабіў свет падарожжаў і прыгод, таму адразу пасля вяртання з войска выправіўся ў Сібір, на Расійскую Поўнач. Давялося яму працаваць на Калыме, а таксама ў складзе геалагічнага атрада шукаць золата ў адной з афрыканскіх краін.

* * *

Жывучы на Поўначы, Стэфан Казлоўскі цікавіўся жыццём, побытам, фальклорам мясцовых народаў — эвенаў, юкагіраў. Свае назіранні занатоўваў у дзённіках, якія вёў выключна на беларускай мове. У дадатак рабіў замалёўкі абарыгенаў у нацыянальных строях. Так знайшлі сваё развіццё здольнасці да малявання, якія выявіліся ў Стэфана яшчэ ў дзяцінстве. Шэраг карцін з сібірскімі даляглядамі, такімі, як «Ноч у гарах на Калыме», «Едуць эвены» і іншыя, упрыгожваюць сцены пакояў яго хаты.

На Калыме Стэфан працаваў спачатку ў капальні волава, потым — загадчыкам Чырвонай ярангі, некаторы час — служачым у Магаданскай думе. За 10 гадоў добра пазнаёміўся і пасябраваў з эвенамі, засвоіў іх мову і фальклор, нават навучыўся шаманіць.

Легенды, казкі эвенаў, занатаваныя Стэфанам Казлоўскім, у яго ж мастацкім афармленні, у свой час друкаваліся ў часопісе «Вокруг света», у газетах «Магаданская правда», «Новая Колыма», у беларускім дзіцячым часопісе «Вясёлка», у польскіх газетах «Czerwony sztandar», «Ніва», «Зорка» (Беласток), у шэрагу іншых выданняў.

У сваім пісьме да беларускага паэта Івана Ласкова, які жыў і памёр у Якуцку, Стэфан пісаў, што ў характары эвенаў ён знайшоў шмат агульнага з характарам беларусаў — гэта добразычлівасць, гасціннасць, мяккасць. Мясцовыя жыхары на знак павагі да маладога даследчыка падарылі яму нацыянальны эвенскі касцюм і шаманскі бубен.

15_3_barkouski.jpg

Алесь Баркоўскі дэманструе шаманскі бубен, падараваны эвенкамі сп. Казлоўскаму

На жаль, мне не ўдалося ўгаварыць Стэфана сфатаграфавацца з тым бубнам, бо для яго гэта — сакральная рэч. А вось Алесь Баркоўскі згадзіўся папазіраваць, тым болей што, жывучы ў Якуціі, яму даводзілася сустракацца з шаманамі і слухаць іхняе камланне.

* * *

З мноства рэчаў паўночнай калекцыі Стэфана найбольшай цікавасці варты эвенскі сярэбраны пояс з гравіраванымі бляхамі. Пояс нібыта быў зроблены якутамі ў 1867 годзе з серабра нейкага ссыльнага — удзельніка паўстання 1863 года, а потым падараваны аднаму беларускаму ссыльнаму на Калыме, ён і прывёз той пояс пасля вызвалення ў Вільню. А вось ужо Стэфану Казлоўскаму пояс падараваў адзін стары пасля яго лекцыі ў Вільні аб Калыме і эвенах. Дарэчы, прадзед Стэфана — Тамаш — удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага.

Аб геалагічных перыядах працы гаспадара нагадваюць шліфы халцэдону, галеніту, кварцыту і іншых горных парод на паліцах у яго сядзібе. А на самым бачным месцы — бел-чырвона-белы сцяжок побач з карцінай святога Стэфана. Ад іх, у кругавую, — кнігі, кнігі. Творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова, Адама Глобуса. Асобна — зборнічак лірычных вершаў Максіма Танка з аўтографам паэта і цёплымі словамі на памяць Стэфану.

Гаспадар хаты расказаў, што бацька яго быў да вайны польскім афіцэрам, сябраваў з Максімам Танкам. І даведаўся ён пра тое ад самога літаратара. У 1966 годзе Стэфан Казлоўскі з Калымы напісаў ліст у рэдакцыю часопіса «Полымя», дзе галоўным рэдактарам у той час быў Танк. У сваім зваротным лісце той запытаўся, ці не родзічам яму прыходзіцца Вінцэнт Казлоўскі.

З таго моманту ліставанне між імі набыло пастаянны характар. Неяк у час адпачынку, прыехаўшы з Калымы ў Мінск, Казлоўскі быў запрошаны Танкам у госці да хаты. Незабыўны вечар. Пісьмы паэта, сумуе Стэфан, на вялікі жаль, не захаваліся: былі выкрадзены нейкімі зламыснікамі разам з іншымі каштоўнымі рэчамі.

Акрамя беларускай, рускай і эвенскай, спадар Казлоўскі добра валодае таксама літоўскай і польскай мовамі. З намі ён размаўляў выключна па-беларуску. Усе яго сваякі былі беларусамі і, хаця ў касцёле размаўлялі па-польску, дома пераходзілі на беларускую мову.

15_2_barkouski_kazlouski_celesh.jpg

Злева направа: Алесь Баркоўскі, Стэфан Казлоўскі, Лявон Целеш

Нечакана ён выканаў песню і спытаўся, ці ведаем, на якой мове яна прагучала. Прызналіся — чуем упершыню. Стэфан Вінцэнтавіч запэўніў нас, што гэта славяна-літоўскі дыялект, на якім у далёкім мінулым размаўлялі жыхары старажытнага Нальшанскага княства са сталіцай у Крэве, якое ахоплівала тэрыторыі сённяшніх Астравецкага, Ашмянскага, Смаргонскага, Мядзельскага, Пастаўскага раёнаў. Магчыма, у Беларусі няма больш нікога, хто б ведаў нальшанскую мову.

* * *

Дзе б ні вандраваў Стэфан Вінцэнтавіч Казлоўскі, яго заўсёды цягнула на роднаю Астравеччыну. Вярнуўшыся, склаўшы рукі не сядзіць. Аднавіў роспіс столі паўразбуранага касцёла ў вёсцы Свіранкі. Часта сустракаецца з вучнямі школ Астравеччыны, якім расказвае пра свае падарожжы. Школе ў вёсцы Малі падарыў дзве свае карціны — партрэты Францыска Скарыны і Льва Сапегі. Шмат яго мастацкіх прац знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы.

Добра ведаюць Стэфана Казлоўскага і чытачы «Астравецкай газеты», якая друкуе яго краязнаўчыя матэрыялы. Наведваюць яго госці з суседняй Літвы. Не так даўно прымаў навуковую экспедыцыю выкладчыкаў і аспірантаў Вільнюскага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук археолага В. Вайткявічуса, якую азнаёміў з мясцовымі старажытнымі курганамі, з каменем-следавіком.

Сціпла сёння жыве Стэфан Казлоўскі ў сваёй сялянскай хаце на хутары Рудзішкі, не маючы ні аўтамашыны, ні іншых атрыбутаў так званага заможнага жыцця. Але ён жыве сваім багатым духоўным жыццём, сярод кніг і карцін, у атачэнні пакуль яшчэ некранутай прыроды.