Альтэрнатыўная служба Беларусі

"Мова нанова" адзначыла свой трэці дзень народзінаў. З гэтай нагоды мы вырашылі ўзгадаць артыкул амаль сямігадовай даўніны пра Глеба Лабадзенку, як напісала Мартысевіч, "аднаго з самых заўважных прадстаўнікоў новай генерацыі".



f3d9de86462c28781cbe5c47ef22c3e5.jpg


Большасць з тых беларусаў, якім вядома пра існаванне Глеба Лабадзенкі, нават не здагадваюцца, што ён — паэт. Прычым прызнаны яшчэ ў тынэйджэрскім веку, што задакументавана, між іншага, у адной з найлепшых кніг белліткрытыкі за апошнія гады — «Паэтычным аглядальніку» Аляксандра Фядуты, дзе ў эсэ «Маніфест прыпэйджанага пакалення» аўтар аналізуе дэбютны Глебавы зборнік «Pager-вершы». Але для «нацыі паэтаў» умець пісаць вершы ў школьным веку — гэта як з дзяцінства дасканала валодаць замежнай мовай: лянівы пойдзе выдатнікам на філфак, працавіты атрымае ў дадатак да свайго «кунг-фу» якую-небудзь карысную прафесію. Вось і чуеш час ад часу ад людзей, блізкіх да эпіцэнтру сучаснай літаратуры, маўляў здольны вершаскладальнік Лабадзенка толькі і робіць, што разменьвае талент на журналістыку.
Але нават не аб працы Глеба ў «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі», якая і зрабіла яму імя, і працягу карэспандэнцкай кар’еры ў газеце «Звязда» хачу я сёння павесці гаворку. Шчыльней за ўсё прыцягвае маю да яго ўвагу яго пасіянарная, гіперактыўная, але ўсё ж такі прадуманая, мэтанакіраваная і плённая грамадская дзейнасць. Некаторыя называюць гэта «менеджментам нацыянальных праектаў». Але мне здаецца, тут не пасуюць такія ўзнёслыя саманазвы. Бо гаворка аб штодзённай працы руціннейшай за арганізатарскую, нуднейшай за масавікова-зацейніцкую. Калі ўжо называць гэта нейкім існым паняткам, то Глеб Лабадзенка — жаўнер-альтэрнатыўшчык на службе ў Беларусі. Але не ў агульнапрынятай Беларусі, а ў нашай, беларускай.

Агонь у вачах

Амаль немагчыма пакуль што адслужыць на карысць радзімы, не пайшоўшы ў «нармальнае» войска, беларускаму хлопцу, калі браць зброю ў рукі яму не дазваляюць рэлігійныя або маральныя перакананні. Значна прасцей з гэтым у Германіі. Адзін мой знаёмы бюргер, які праходзіў альтэрнатыўную службу, не хаваў, што хітрыў перад шматлікімі камісіямі, каб давесці свой хранічны пацыфізм. Альтэрнатыўшчына лічыцца ў Германіі добрым спосабам павандраваць па Еўропе.
Але нават гэты бюргер прызнае: сярод нямецкіх маладых валанцёраў даволі шмат «прыпыленых» — то бок, сапраўды ідэйных, у якіх вочы гараць дапамагчы бліжняму. Менавіта такія хлопцы, метадам натуральнага адбору, трапляюць у Румынію, Украіну, Беларусь. Вось і выходзіць: хворых на рак беларускіх дзяцей ды вар’ятаў у псіхлякарнях даглядаюць спагадлівыя 19-гадовыя нямецкія хлопцы. За час службы ім спаўняецца дваццаць: рэаліі сінявокай робяць з хлапчукоў мужчынаў не горш ад Бундэсверу.
Вочы, якія гараць дапамагчы бліжняму, я бачу шторазу, калі сустракаю Глеба Лабадзенку.

Нямодны ліцэіст

Невыпадковая акалічнасць: Глеб — выпускнік Коласаўскага ліцэю. Але, нягледзячы на грунтоўную гуманітарную адукацыю, ім атрыманую, тыповым выпускніком гэтай легендарнай установы наваць яго не выпадае... Калі я пераходзіла ў восьмы клас, маці расказала мне пра магчымасць паступіць у такі выдатны ліцэй, і нават крыху агітавала зрабіць гэта. Але многіх апалагетаў нацыянальнага Адраджэння вельмі здзівілі б яе матывацыі: «Гэта выдатная ўстанова! Яе скончыў сын мастака N., там вучыцца дачка пісьменніка X. і дзеці дэпутата Y.!» Мама захоплена расказвала пра навучальныя метады і праграмы ліцэя, аб канцэпцыі кшталтавання элітаў…
У дзевяностыя аддаваць дзяцей у Коласаўскі было модна. У гады, калі з Ліцэя выпускаліся Франак Вячорка і Глеб Лабадзенка, маці плакала, чытаючы газеты: «Бедныя дзеці, бедныя бацькі… Пачварна тое, што адбываецца, але я ніколі б не дазволіла табе вучыцца ў падполлі!»
З многімі тымі, хто паступіў у Ліцэй у гады, калі я не стала туды паступаць, я пазнаёмілася, калі стала студэнткай. Гэта мае аднакурснікі, калегі ці проста знаёмыя — цудоўныя, адораныя раздзяўбаі, з якімі я маю шмат агульных інтарэсаў, міла баўлю час і плённа супрацоўнічаю, — але мне і да галавы не прыйшло б разглядаць гэтую памяркоўную багему як «герояў новага часу». У Глебе ж элітная нацыянальная адукацыя абярнулася іншым бокам медаля: ён бязмежна верыць у беларускую Беларусь і змагаецца за яе сваімі сродкамі. Альтэрнатыўнымі. Можна нават сказаць, магічнымі.
Менавіта на час яго вучобы прыпала закрыццё Коласаўскага і змаганне вучняў і настаўнікаў з дзяржадміністрацыяй. Не без падставаў сцвярджаюць, што верш ліцэйскага выкладчыка літаратуры Андрэя Хадановіча «Гары Потэр, ліцэіст» мае на ўвазе Глеба, аднаго з самых любімых вучняў аўтара. Але насуперак Хадановічавым метафарам, дбаючы пра сваю беларускую Беларусь Лабадзенка не выходзіць на штодзённую вайну з бутэлькай кактэйлю Молатава. Яго ўзбраенне — асадка, фотаапарат, блог і мабільнік.

Забойства двух зайцаў

Ёсць тып маладых людзей, якія ў сталым веку жывуць з мамай. У жаночым асяроддзі ходзіць шмат злых і кплівых показак пра такіх таварышаў. Дык вось, Глеб у свае 24 гады не проста не жыве з бацькамі — ён стаіць на яшчэ вышэйшай прыступцы самастойнасці. Глеб жыве з бабуляй. Гэтак і ў грамадскай дзейнасці Глеб найбольш чула ставіцца да людзей сталага веку. Ён, натуральна, шмат піяру ўкладае ў сваіх сяброў-аднагодкаў, але гэтак жа, а мо’ і больш аддана, ён прапагандуе тое, што стваралі і ствараюць значна старэйшыя за сённяшніх дваццацігадовых. Сацыяльная служба нацыянальнай культуры — вось як можна назваць гэту напаўдабрачыннасць.
Лабадзенка — цімуравец, а дакладней, сам Цімур, які малюе бел-чырвона-белыя значкі на плотах тых людзей, якім дзячыць за іх шматгадовую працу сваёй дапамогай. Пры гэтым яго амплуа — не маленькі стары. Яго роля — руплівы ўнук, на якога глядзяць, цокаючы языком і завочна сватаюць любімай роднай унучцы. Якая ў гэты момант чамусьці вельмі далёка…
У блогу labadzenka.by цяжка пратаўкнуцца ад банераў, якія рэкламуюць яго стыхійна-энтузіястычныя піяр-праекты. Праект «Радзівілы», які пачаўся пасля знаёмства з 92-гадовай князёўнай Альжбэтай Радзівіл і выліўся ажно ў два візіты сям’і беларускіх магнатаў на гістарычную радзіму, адзін з іх — на афіцыйным узроўні. Радзівілаўскі радавод Глеб ведае, як свой, прычым адлік усім Радзівілам вядзе ад «свайго цэнтру каардынат» — князёўны Альжбэты.
Праект «Беларускія паэты чытаюць вершы на блогу», дзе з дапамогай інтэрнэт-тэхналогій атрымліваюць голас Мікола Аўрамчык, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі. І, канешне ж, праект «Рыгор Барадулін». Шчыраваннямі Лабадзенкі выйшла ці выходзіць ужо некалькі кніг дзядзькі Рыгора, грошы за якія, што немалаважна, дасталіся аўтару — калі бярэш удзел у кампаніях вакол гэтых кніг, перажываеш незабыўныя ўражанні цуду грамадскай салідарнасці — «сама сабой» арганізоўваецца грамадская падпіска, ахвяраванні сцякаюцца з усёй Беларусі.
Ёсць у гэткай Глебавай самаахвярнасці нюанс. Цімураўцы робяць дабро старым людзям ананімна. Альтэрнатыўны жаўнер штовечар ходзіць да куратара і адзначае працадні. Бо кожнае намаганне павінна яму залічыцца. Усё лагічна: мадэль паводзінаў Глеба абсалютна несавецкая. Але, думаю, у імкненні «зрабіць імя на імянітых» няма ніякага разліку. Мае месца прыродны дар Глеба забіваць двух зайцаў. Звазіў пані Альжбету Радзівіл у Нясвіж паказаць ёй палац яе маладосці — напісаў пра гэта артыкул, які заняў першае месца ў конкурсе Беларускай асацыяцыі журналістаў. На газетных інтэрв’ю з пісьменнікамі, якіх перасталі чытаць нават у школе, ён бессаромна зарабляе. Але захапляе сам факт, што Лабадзенка-журналіст здатны распавесці пра старых такой мовай, што гэта цікава маладым. Мяркую, шмат хто памятае перадавіцу самай жоўтай газеты РБ «Камсамолкі», дзе аднойчы замест расійскіх поп-зорак мы ўсе пабачылі дзядзьку Рыгора на кані.

У імя Сцягу

На мой погляд, ранні старт у кар’еры адбыўся на дзейнасці майго героя ладным дамешкам інфантыльнасці ва ўсім, што ён робіць. Напрыклад, не магу не зазначыць, што Глеб Лабадзенка — чалавек, які паверыў у Паўла Латушку як надзею беларускай Беларусі. Але, магчыма, не варта ўспрымаць інфантыльнасць як яўны недахоп — яна можа быць палівам, якое круціць рухавік цывілізацыі. Яшчэ адной выдатнай ілюстрацыяй для партрэту Глеба Лабадзенкі я лічу показку, якую ён з уласцівай яму самаіроніяй расказаў пра сябе сам.
«Калі я прыязджаю на сваё лецішча пад Стоўбцамі, — расказваў Глеб, — я заўжды ўздымаю над участкам бел-чырвона-белы сцяг. Па-першае, мае сябры, чые лецішчы па суседстве, могуць бачыць, што я на месцы. Па-другое, я вывучаю: а як да нашага сцяга ставяцца самыя розныя людзі? Трэба скажаць, стаўленне хутчэй пазітыўнае — абураныя выкрыкі а-ля «Бэнээфаўцы праклятыя!» можна пачуць вельмі рэдка.
І вось аднойчы сяджу я каля дамка між ялінак ды бярозак з ноўтбукам, дапісваю тэрміновы артыкул. І тут каля майго плоту спыняецца дзядзька, прытуляе ровар да плоту і звяртаецца да мяне:
— Малады чалавек, падайдзіце сюда, пажалуйста!
Падыходжу, гатовы да суворай ідэалягічнай бойкі за сцяг, за мову, за «Пагоню»… А дзядзька і кажа:
— Я, малады чалавек, з вамі даўно хацеў пагаварыць, але як ні еду — вы ўсё спіце. І вот наканец я вас увідзел. Знаеце, мне очэнь нравіццца ваш флаг. Маладзец, што падымаеце, у душы я з вамі. Але такія дзялы, у нас увесь каапераціў абеспакоены, на ваш шчот. Малады чалавек, вы пасматрыце, што робіцца ў вас на ўчастку!!! Нейкае ламачча, рыззё паўсюль, паленніца раскіданая, быллём усё парасло… Сваім участкам, малады чалавек, вы пазорыце этат флаг!»
Упершыню ў жыцці, прызнаўся Глеб, ён не знайшоў, што сказаць чалавеку ў адказ. Рэшту дня ён прабавіў, парадкуючыся на сваіх шасці сотках.
Калі разглядаць «беларускую Беларусь» як занядбанае лецішча, якое засталося нам у спадчыну ад бацькоў, то Глеб — гэта такі прастаквашынскі дзядзя Фёдар, які дзелавіта прыбіраецца на ўчастку. Таму што зрабілі заўвагу старэйшыя сябры кааператыву. Таму што наша краіна мусіць быць прыгожай. Таму што ганьбіць Сцяг ну ніяк не выпадае. Таму што альтэрнатыўная служба — не тая, якая ідзе, калі жаўнер спіць.
-------------------------------------------------------------------------


Гары Потэр, Ліцэіст
Андрэй Хадановіч
...Я нарваўся на шалёных троляў на польскай мяжы
ды ў Мінску крыху не паразумеўся ў бары
з вампірам — а так усенька было гладка...
Дж. К. Роўлінг. Гары Потэр і Ордэн Фэнікса
Гары Потэр, выдатнік у Гуманітарным ліцэі,
пераможца на алімпіядах па бел-чырвона-
белай магіі, зноўку ў пошуках панацэі:
дух закону ці — па традыцыі — зуб дракона?
Бо ў газетах вусаты гоблін з кілішкам жытняй,
над мяжою ў паветры вісяць птушыныя коркі,
пошту з выраю рэквізуюць ужо на мытні
то шалёныя тролі, то оркі з Мар’інай горкі;
бо дарога даўгая й рэклама задарагая,
бо сышлі ў шоў-біз настаўнікі ды сяброўкі,
бо чырвона-зялёная магія перамагае
й цуда-зёлкі ідуць на экспарт у складзе зуброўкі;
бо чароўнаю палачкай стаўся дручок гумовы
й барада тэрарыста-джына прамокла да ніткі,
бо ў астатніх школах не вучаць птушынай мовы,
а палёты на памяле спыняюць зеніткі;
галасы аднадумцаў гучаць з кожным днём ахвярней,
і штодня складаней трымацца нейтралітэту,
жлукціць безалькагольнае піва ў таннай кавярні
ў атачэнні занудаў з варожага факультэту...
Закаркоўвае пляшку й выходзіць на ліпеньскі водар.
Сквер Марата Казея, а ў пляшцы —
кактэйль для цвярозых.
Ён, вядома, ізноў пераможа, бо ён Гары Потэр,
ратавальнік вялікіх дзяцей і маленькіх дарослых.

З кнігі «Лісты з-пад коўдры» (Мінск, 2004 г.)